На нарадзе аб разьвіцьці летніх відаў спорту 18 сьнежня Лукашэнка ня толькі прапанаваў браць кампэнсацыі са спартоўцаў-эмігрантаў і ня толькі адбіраць дыплёмы ў маладых трэнэраў, якія не пайшлі працаваць па спэцыяльнасьці.
Як паказалі ў вечаровых навінах на дзяржаўным тэлеканале АНТ, Аляксандар Лукашэнка патрабаваў мэдалёў ад міністра спорту Сяргея Кавальчука, свайго былога ахоўніка: маўляў, «народ стаміўся чакаць ад вас вынікаў».
«Ёсьць вынік — ёсьць праца, няма выніку — гарантую, што вы будзеце шукаць сабе працу за межамі Беларусі, — казаў Лукашэнка Кавальчуку. — Не таму, што вы не далі вынік, а таму, што надзвычай кепска ставіцеся да выкананьня сваіх службовых абавязкаў».
Калі будзе правал на Эўрапейскіх гульнях, паабяцаў Лукашэнка Кавальчуку, «у краіне месца няма», «ні вам, ні [старшыню Фэдэрацыі лёгкай атлетыкі] Дзевятоўскаму, ні астатнім».
Паводле Лукашэнкі, мэдалі трэба «зьбіраць» у лёгкай атлетыцы, дзе як мінімум 10 алімпійскіх мэдалёў «гарантаваныя».
А так можна, выганяць з краіны?
Беларускае заканадаўства не прадугледжвае выгнаньня грамадзяніна Беларусі або пазбаўленьня яго беларускага грамадзянства.
Можа быць высылка незаконных мігрантаў зь іншых краінаў, экстрадыцыя злачынцаў замежнага грамадзянства або страта грамадзянства Беларусі праз дабраахвотнае набыцьцё грамадзянства іншай краіны. Пра наяўнасьць нейкага другога грамадзянства ў Кавальчука невядома — толькі пра беларускае.
Напрыклад, беларускі журналіст Павал Шарамет фармальна ня быў пазбаўлены беларускага грамадзянства, а страціў яго праз наяўнасьць расейскага. Прэс-сакратарку Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганну Красуліну цяпер спрабуюць выслаць зь Беларусі — гэта магчыма, бо яна мае расейскае грамадзянства.
Забараніць займаць нейкія пасады можна толькі паводле рашэньня суду — за шэраг злачынстваў прадугледжанае ня толькі пазбаўленьне волі або штраф, але і пазбаўленьне права займаць пэўныя (ня ўсе) пасады і займацца пэўнай (не любой) дзейнасьцю. Спартовыя правалы або невыкананьне чынавенскіх абяцаньняў ня лічацца ні крымінальнымі, ні адміністрацыйнымі правапарушэньнямі.