РПЦ супраць візыту папы Францішка ў Беларусь: «Няма запыту з боку вернікаў»

Папа Францішак у Латвіі, 24 верасьня 2018 году

Некаторыя, адзначыў прэс-сакратар Маскоўскага патрыярха, нават супраць кантактаў праваслаўных з каталікамі. Ці зьвяртаўся Ватыкан з запытам на візыт у Маскоўскі патрыярхат, незразумела.

Візыт кіраўніка каталіцкай царквы папы Францішка ў кананічныя межы Маскоўскай праваслаўнай царквы «не стаіць на парадку дня стасункаў», сказаў БелаПАН прэс-сакратар патрыярха Маскоўскага Аляксандар Волкаў.

Пытаньне тычылася таго, ці зьвярталася Рымская курыя (адміністрацыйны орган у Ватыкане) па згоду на візыт папы ў Маскоўскі патрыярхат.

«Такога запыту няма з боку вернікаў, пэўная частка якіх даволі крытычна ацэньвае сам факт любых кантактаў праваслаўных з каталікамі», — адказаў Волкаў. Ці быў запыт ад Рымскай курыі, з гэтага адказу незразумела. Таксама незразумела, ці казаў ён пра праваслаўных вернікаў, ці пра каталікоў.

Паводле Волкава, гэткія ацэнкі ня могуць фармаваць афіцыйную царкоўную пазыцыю, але «гэтае меркаваньне многіх вернікаў» кіраўніцтва РПЦ «улічвае». Ён дадаў, што між РПЦ і кіраўніцтвам каталіцкай царквы цяпер «вельмі добрыя, сяброўскія стасункі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эстонцы зьдзівіліся, што iх краіну наведае Папа. Каталікоў там менш за 1%

За дзень да таго, 13 лістапада, адбылася сустрэча намесьніка міністра замежных спраў Беларусі Алега Краўчанкі і апостальскага нунцыя Габара Пінтэра. Пра што дамовіліся на сустрэчы, не паведамлялася: паводле МЗС, «бакі абмеркавалі пытаньні супрацоўніцтва».

Для візыту Рымскага папы ў пераважна некаталіцкую краіну, адзначае БелаПАН, традыцыйна пытаюць згоды кіраўніка найбольш распаўсюджанай у краіне царквы. У выпадку Беларусі па дазвол трэба зьвяртацца ў Маскву.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 5 рэчаў, якімі зьдзівіў візыт папы Францішка ў Літву

Пра такі візыт ня раз казалі і шараговыя беларускія вернікі, і кіраўніцтва касьцёлу ў Беларусі, і ня раз Аляксандар Лукашэнка, у тым ліку ў час сустрэчы з папам у Ватыкане.

Прынамсі дзьве тысячы беларусаў нядаўна езьдзілі ў Вільню на сустрэчу з папам Францішкам, а папа там згадваў літоўскіх беларусаў.

Аляксандар і Мікалай Лукашэнкі на сустрэчы з папам Бэнэдыктам, 2009 год

Сустрэча папы Францішка з Аляксандрам Лукашэнкам, 2016 год