Для многіх эстонцаў стала нечаканасьцю навіна пра візыт Папы рымскага ў іх невялікую краіну, паколькі Францішак дагэтуль не быў у значна больш важных месцах, такіх як Францыя ці Аргентына, пракамэнтаваў агучаную ў Ватыкане інфармацыю Апостальскі адміністратар Эстоніі, біскуп Філіп Жардан.
Герарх адзначыў, што жыхары краіны чакаюць ад пантыфіка пасланьня міру і надзеі. Сталічны Талін стане апошнім месцам, якое Святы Айцец наведае у рамках сваёй «балтыйскай» пілігрымкі ў верасьні.
«Наша грамадзтва мае патрэбу ў ін’екцыі духу. Каталікі тут складаюць менш за 1%. Ажно 75% эстонцаў лічаць сябе „людзьмі бязь веры“. Мы адчуваем сябе ўсё больш і больш бясьпечнымі матэрыяльна і ўсё больш і больш загубленымі духоўна», — падкрэсьліў біскуп Філіп Жардан.
Францішак наведае краіны Балтыі — 22-25 верасьня 2018 году. Эстонія стане апошнім і самым кароткім этапам праграмы.