Матрыца. Дзьве сталіцы: Вільня і Менск

Вільня

Новая чытанка пра БНР і тое, чаму гэта трэба ведаць кожнаму беларусу.

Пераехаўшы ў БНР, трэба вызначыцца зь месцам жыхарства — што вам мілей: невялікае мястэчка, прадмесьце або цэнтар прамысловага гораду, хутар ці сталіца. У БНР выбар вялікі. Нават сталіцы ў БНР дзьве. У нашым месцы на глёбусе гэта ня рэдкасьць. Літоўцы маюць Вільнюс і Каўнас, палякі Варшаву і Кракаў, расейцы Маскву і Санкт-Пецярбург. У БНР сталіцы Вільня і Менск.

— Накладка выходзіць, — заўважыў Маленькі Прынц. — Вільнюс і Вільня той самы горад.

— Накладка з гледзішча нацыяналізму закрытага тыпу, — сказаў Стратэг. — Але БНР, ты памятаеш, стваралі не сэктанты, а нармальныя людзі, асьветнікі, цалкам адкрытыя да свайго народу. У 1918 годзе ў сьвядомасьці ўсіх беларусаў цэнтрам краю была Вільня. Так склалася за стагодзьдзі. А адміністрацыйным цэнтрам БНР неяк адразу абвясьцілі Менск. Чаму? Гэта вельмі сытуацыйнае рашэньне, якое сьведчыць пра пластычнасьць нашай нацыянальнай ідэі. Калі літоўцы не прынялі канфэдэрацыю ВКЛ (каб разам адрадзіць старое княства), трэба было перагрупаваць актывы і з улікам людзкіх і тэрытарыяльных рэсурсаў падцягнуць ідэю краёвасьці да ідэі нацыянальнае дзяржавы, якая фармальна была б падобная да тых дзяржаваў, што будавалі суседзі. Тут розьніца менавіта ў фармальным і нефармальным поглядах. Ты ж ведаеш, што ўвесь міжваенны час, калі Вільнюс быў пад Польшчай, літоўцы называлі свой Каўнас часовай сталіцай, тады як нефармальнай і спрадвечнай сталіцай лічылі Вільнюс.

У гэтым была і пэўная хітрасьць. Чэслаў Мілаш некалі пісаў, што трэба было б у саміх літоўцаў запытаць, калі ўзьнікла гэтая форма слова — Вільнюс. Мілаш зараз жа і адказаў на сваё пытаньне, назваў дату — 1918 год. Гэта значыць, што да 1918 году гэты горад інакш як Вільняй ніхто, у тым ліку і літоўцы, не называў. А Алег Мінкін, акурат тады, калі на вежы Гедыміна зьявіўся сучасны літоўскі трыкалор, напісаў верш:

Калі я пляц саборны прамінаю

І бачу, што на Замкавай гары

Нянаскі сьцяг да гэтае пары

Над вежай Гедымінавай лунае,

Я іншы сьцяг у смутку ўспамінаю,

Што там лунаць павінен угары:

Бялей ён ад бярозавай кары

І жычка ўсьцяж яго перацінае.

Да сэрца краю, да красуні Вільні

Я зноў і зноў вяртаюся няўхільна,

Каб выліць што пячэ мяне знутры:

Скажы мне Вільня, хто твой сын законны?

Скажы, як разагнаць твой одум сонны?

Скажы, чаму маўчаць твае муры?

— Гэта быў пачатак 1990-х, калі адбывалася «перацягваньне Вільні», — працягваў Стратэг. — Але неўзабаве беларускі нацыяналізм закрытага тыпу пацерпіць паразу. Перад нацыяналізмам адкрытага тыпу, які ніякай паразы не цярпеў, і пытаньня такога не стаяла. І гэта была чыста бээнэраўская пазыцыя.

— Але ўсё ж чыя Вільня, беларуская ці літоўская? — паставіў пытаньне рубам Маленькі Прынц.

— А яшчэ польская, габрэйская, расейская нават… — адказаў Стратэг. — Гэты горад ад самых пачаткаў быў мультыкультурным. Унізе, дзе цяпер Катэдральны пляц, пра які піша Мінкін, гарэў паганскі агмень продкаў цяперашніх літоўцаў, а ўверсе, дзе цяпер Зарэчча і неверагодна прыгожая Сталовая гара, стаяў Крывы горад, так ён тады называўся, бо заснавалі яго крывічы — продкі цяперашніх беларусаў. Гэта яшчэ да Гедыміна, які нібыта спыняўся тут падчас паляваньня і сасьніў сон — ваўчыцу, у якой усярэдзіне было мноства маленькіх ваўкоў. Тады Гедымінаў сьвятар Ліздэйка растлумачыў, што тут мусіць быць горад на сутоцы Віліі і Вілейкі і называцца ён мусіць Вільня. А Гедымін за тое, што Ліздэйка рАдзіў яму Вільню, даў сьвятару імя Радзівіл, з чаго пасьля вырасьце найбагацейшы ў Эўропе род.

— То бок, пра прыналежнасьць Вільні раней не спрачаліся? — спытаўся Маленькі Прынц.

— Ніколі, — адказаў Стратэг. — Не было падставаў. І пра тое, каб паміж «верхам» і «нізам» былі нейкія сутыкненьні, гісторыі нічога невядома. «Перацягваньне» Вільні, якую «Сталін аддаў Літве» пачалося ад самога гэтага моманту ў 1939-м. Розьніца ў тым, што мы горка плачам, а літоўцы робяць. У сваім перадсьмяротным інтэрвію Альгірдас Бразаўскас распавёў, што калі ў 1960-я прыйшоў на працу ў Віленскі гарвыканкам, у горадзе практычна не чуваць было літоўскае мовы, і ён паставіў сабе мэту жыцьця — зрабіць Вільню літоўскай. Урэшце гэты камуніст так і зрабіў. У СССР справа ішла цяжка, а калі пад кіраўніцтвам таго ж Бразаўскаса Літва стала незалежнай, пасьля ўступіла ў НАТА і Эўразьвяз, усё пакацілася са сьвістам, бо ўжо на законных падставах. Нехта можа асуджаць Бразаўскаса, але на мой погляд, пытаньне трэба ставіць па-іншаму: а што ў гэтым сэнсе рабілі Сакаловы з Малафеевымі — калі ўжо «можна было»? Русіфікавалі Менск, дабівалі пасьлячарнобыльскую Беларусь. Праўда, пра іх ужо ніхто і не ўспамінае. Што рабіў Кебіч, гэты сын зямлі беларускай? Намінальна — беларускі Бразаўскас, а па выніку — маскоўскі герастрат. Гэта пра іх усіх калісьці пісаў паэт Зьніч:

Дзякуй Богу, што Вiльню забралi,

Бо — каб нашай сталiцай была —

У магiлах бы храмы ляжалi

На пагосьце бэтону i шкла.

— Нешта ў цябе ўсе аргумэнты вершамі, Стратэгу быццам бы не пасуе, — пад’ялдыкнуў Маленькі Прынц.

— Верш эмацыйна ўзмацняе аргумэнтацыю. Ну і беларусы доўгі час адчувалі бясьсільле ў сваіх адносінах да Вільні. Адабралі, не спытаўшы. За ХХ стагодзьдзе беларусы напісалі пра Вільню цэлую анталёгію паэзіі. Друкавалася ў часопісе Arche. Праўда, цяпер доступ да яе зрабілі платным. Але, у кожным разе, такога крыку душы, як па Вільні, Менску і не прысьніцца. Маю на ўвазе перадусім якасьць паэзіі, дзе што ні верш, што ні паэма, то хрэстаматыя.

Але ж ня толькі паэзія, ёсьць і празаічныя тэксты. І першы сярод іх — караценькі артыкул Антона Луцкевіча, які ўсё расстаўляе на свае месцы.

Два цэнтры

За апошнiя паўтрэця году Вiльня й Менск — гэтыя два галоўныя цэнтры Беларусi — жылi ў зусiм розных варунках — як палiтычных, так i агульных... Вiльня за час вайны аказалася цэнтрам беларускай культурна-нацыянальнай працы, а Менск — палiтычным цэнтрам…

У Вільні шырэйшая палітычная работа ў грамадзянстве блізка зусім спынілася: затое ўсе беларускія чынныя сілы пакіраваліся на работу культурную — будаваньне школаў, апрацоўваньне школьных кніжак і ўсяго, што патрэбна дзеля школы, ладжаньне навуковых, культурна-нацыянальных і эканамічна-дабрачынных таварыстваў і ўстаноў…

У Менску ўтварылася й першае краёвае прадстаўніцтва Беларусі — Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, утварыўся першы выканаўчы орган краёвай улады — Народны Сакратарыят. І ў Менску адбыўся акт апавяшчэньня Беларусі незалежнай дзяржавай.

«Вiльня цi Менск». Пытаньне, якое з нашых местаў мае быць цэнтрам Беларусi, нам даводзiлася чуць ня раз — асаблiва ад тых спамiж нашых суседзяў, якiя мелi ахвоту ўзяць Вiльню сабе. Але й сёньня, хоць лiтвiны аб'явiлi Вiльню за сталiцу незалежнай Лiтвы, даць адказ на гэтае пытаньне нялёгка: бо культурныя цэнтры не заўсёды разьвiваюцца там, дзе ёсьць цэнтар адмiнiстрацыйны (напр., Кракаў у Польшчы, Львоў у ўкраінцаў). I незалежна ад таго, цi мiж Беларусьсю i Лiтвой будзе праходзiць дзяржаўная мяжа, цi Вiльня апынецца з аднаго цi з другога боку гэнае мяжы, гэты старадаўнi цэнтар культурнага жыцьця ўсяго Беларуска-Лiтоўскага краю будзе заўсёды прыцягваць да сябе культурныя сiлы ўсiх краёвых нацыянальнасьцяў, як архiў мiнуўшчыны, як «пiльны сьведка мiнулых учынкаў». Тут складзены вялізныя скарбы беларускай культуры, незвычайна багатыя помнікі нашага старога пісьменства. Тут беларусы здаўна закладалі і закладаюць свае навуковыя ўстановы. I калi думка беларускага палiтычнага дзеяча зьвяртаецца сёньня да Менску, думкi вучоных плывуць да Вiльнi.

«Вiльня цi Менск?» Гэтае пытаньне, бясспрэчна, разьвяжа толькi будучыня. Але здаецца, што разьвязка тут можа быць толькi кампрамiсная: Вiльня пры ўсялякiх варунках павiнна абслугоўваць абодва народы, для якiх гэтае места было калыскай у часах нарадзiн iх культуры.

1918

— А як гэта — абслугоўваць абодва народы? — спытаўся Маленькі Прынц.

— Проста, было б жаданьне. Між іншым, цяпер у Вільні жывуць тысячы беларусаў, якія па ідэі мусілі б хацець гэтага абслугоўваньня, карыстацца ім. Але карыстаюцца адзінкі — вось у чым справа. Бо студэнтам ЭГУ, напрыклад, у большасьці ўсё гэта да лямпачкі. Другі погляд — як пісаў нейкі маладзён: «Мы вернемся ў Вільню на танках». А яно вам трэба?..

— Ці гэта не гратэск?

— Спадзяюся, што так. Мы бярэм за аснову БНР і ідэі яе айцоў-заснавальнікаў, найперш Антона Луцкевіча, і тады праблемы папросту няма. Як казаў мой сябра літоўскі паэт Вайдотас Даўніс, калі вы кажаце, што Вільня ваша, мы будзем казаць, што Менск наш. Ні ад каго нічога не адымаецца, толькі дадаецца. Адзіная перашкода на гэтым шляху — даступнасьць Вільні. І ўжо толькі для таго, каб гэтую перашкоду зьняць, Беларусі трэба ўступіць у Эўразьвяз. Як ты памятаеш, БНР ужо там.

Працяг будзе