У Эўрапарлямэнце абмеркавалі будучыню адносінаў Беларусі і Эўразьвязу

Андрэй Ягораў, архіўнае фота

У Эўрапарлямэнце 14 кастрычніка прайшла дыскусія пра адносіны Эўразьвязу і Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.

Дыскусія была арганізаваная Форумам грамадзянскай супольнасьці Ўсходняга партнэрства і дэлегацыяй Эўрапарлямэнту па стасунках зь Беларусьсю, паведаміў удзельнік мерапрыемства, дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў.

У дыскусіі бралі ўдзел кіраўнік дэлегацыі Эўрапарлямэнту па адносінах зь Беларусьсю Богдан Здраеўскі, прадстаўнік Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Дырк Шубэль, дырэктар Беларускага дома правоў чалавека імя Звоскава Ганна Герасімовіч, сябра Грамадзкага Балёнскага камітэту Ўладзімер Дунаеў.

«Абмяркоўвалі будучыню адносінаў Эўразьвязу зь Беларусьсю пасьля выбараў і вызваленьня палітычных зьняволеных, — сказаў Андрэй Ягораў. — Прагучала, што, хутчэй за ўсё, санкцыі ў дачыненьні да Беларусі будуць прыпыненыя, але рашэньне пра гэта будзе прымацца ў канцы месяца. У гэтым выпадку адкрыецца шэраг магчымасьцяў для каапэрацыі, якія зьвязаны з пытаньнямі пашырэньня дапамогі Беларусі, у тым ліку інструмэнтаў дапамогі, якія прадугледжаныя ў палітыцы суседзтва».

Ён растлумачыў, што гэта азначае павелічэньне аб’ёмаў дапамогі, магчымасьць адкрыцьця крэдытных лініяў з боку Эўрапейскага інвэстыцыйнага банку і Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця, садзейнічаньне ўступленьню Беларусі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю.

«Беларускія ўдзельнікі таксама казалі пра тое, што, нягледзячы на вызваленьне палітвязьняў, сыстэмных зьменаў у сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі не адбылося і што для краіны павінна быць прадугледжана нейкая „дарожная карта“ па зьменах у гэтай сфэры, дзе былі б выразныя парамэтры паляпшэньняў», — сказаў Ягораў.

Паводле ягоных слоў, Шубэль на гэтай сустрэчы таксама паведаміў, што прыпыненьне санкцыяў не закране чатырох асобаў, якіх ЭЗ лічыць датычнымі да зьнікненьняў палітыкаў у Беларусі ў 1999–2000 гадах. Захаваецца і эмбарга на пастаўку ўзбраеньняў.