Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вусаў пра замарожваньне санкцыяў: Гэта параза Эўропы ў змаганьні за Беларусь


Павал Вусаў
Павал Вусаў

Рашэньне Рады ЭЗ аб прыпыненьні на 4 месяцы санкцыяў супраць беларускіх уладаў Свабода папрасіла пракамэнтаваць палітоляга Паўла Вусава.

Вусаў: Калі ацэньваць маральнасьць/немаральнасьць і эфэктыўнасьць/неэфэктыўнасьць часовай адмены санкцыяў супраць беларускіх чыноўнікаў, то я магу адзначыць, што гэта вялікая памылка Эўразьвязу. У прыватнасьці, калі гаварыць пра адмену санкцыяў супраць тых чыноўнікаў, якія спрычыніліся да зьнішчэньня дэмакратыі ў Беларусі. Тут я ў першую чаргу маю на ўвазе Аляксандра Лукашэнку. Гэта ідэалягічная параза Эўразьвязу ў барацьбе з палітычным рэжымам у Беларусі, а таксама дыскрэдытацыя Эўразьвязу, якія здрадзіў сваім асноўным каштоўнасьцям і прынцыпам — абароне і ахове правоў чалавека. Яшчэ горш тое, што такім крокам Эўразьвяз здрадзіў і ўсім тым ахвярам, якія былі прынесеныя самімі беларусамі дзеля барацьбы з аўтарытарным рэжымам.

РС: Ці прынясе замарожваньне санкцыяў палітычны, геапалітычны і эканамічны эфэкт для Беларусі?

Беларусь дакладна застанецца прывязанай да Расеі, якая паступова і жорстка будзе навязваць нам свае правілы гульні.

Вусаў: Безумоўна, не. Па-першае, падобныя крокі Эўразьвяз ужо рабіў у 2008 і 2010 годзе, калі зьняцьцё эканамічных санкцыяў не прывяло да паляпшэньня сытуацыі з дэмакратыяй. Калі браць звычайных беларусаў, то адмена санкцыяў ня дасьць ім магчымасьці, напрыклад, атрымліваць таньнейшыя візы. Што тычыцца геапалітычнай арыентацыі — а менавіта на яе зьмену спадзяюцца эўрапейцы — то Беларусь дакладна застанецца прывязанай да Расеі, якая паступова і жорстка будзе навязваць нам свае правілы гульні, Беларусь ня выйдзе з Эўразійскага эканамічнага саюзу, як і зь ніводнага стратэгічнага праекту з Расеяй. Больш за тое, выглядае, што ў 2016 годзе ў нас зьявіцца як мінімум адна расейская авіябаза. Гэта будзе яшчэ адной паразай Эўразьвязу ў змаганьні за Беларусь.

РС: Ці можна меркаваць, што прыпыненьне санкцыяў супраць беларускіх чыноўнікаў зроблена ў тым ліку і ў піку Ўладзімеру Пуціну?

Цяпер асноўная мэта Эўразьвязу — не дэмакратызацыя Беларусі, а фармаваньне ў Беларусі аўтарытарызму з чалавечым тварам.

Вусаў: Так, безумоўна, фактар Расеі і вайны ва Ўкраіне згуляў сваю ролю. Цяпер асноўная мэта Эўразьвязу — не дэмакратызацыя Беларусі, а фармаваньне ў Беларусі аўтарытарызму з чалавечым тварам. Эўрапейцы хочуць бачыць Аляксандра Лукашэнку не апошнім дыктатарам Эўропы, а мяккім аўтарытарным лідэрам, значна больш камфортным у кантактах, чым Уладзімер Пуцін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG