Так называецца рэдакцыйны артыкул у сёньняшняй Financial Times. Газэта выказвае меркаваньне, што адмена санкцыяў ЭЗ у дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі выглядае заўчаснай.
Financial Times апісвае чарговую перамогу Аляксандра Лукашэнкі на выбарах, зазначаючы, што яна ні для каго не была сюрпрызам. «Больш дзіўнай была амаль поўная адсутнасьць пратэстаў супраць ягонага пераабраньня — у параўнаньні з 2006 і 2010 гадамі», — пішацца ў рэдакцыйным артыкуле.
Газэта прыводзіць прычыны такой сытуацыі: блякаваньне іншадумцаў рэпрэсіўным апаратам, а таксама расейская інтэрвэнцыя ў Крыме і ва Ўсходняй Украіне, якая прымусіла «нават апазыцыйна настроеных беларусаў апасацца наступстваў беспарадкаў альбо зьмены рэжыму. Лепш свой самадзержац, чым расейскія танкі», — так апісвае настрой большасьці беларусаў брытанская газэта.
Тым ня менш, «доўгая апора Лукашэнкі на расейскую фінансавую падтрымку і няздольнасьць адвучыць беларускую эканоміку ад гэтай залежнасьці паставілі яго ў залежнасьць ад Масквы, — зазначае газэта. — І ягонае пераабраньне прывядзе да таго, што Беларусь, хутчэй за ўсё, паддасца ціску Масквы і дазволіць разьмясьціць на сваёй тэрыторыі расейскую авіябазу».
Расейская вайсковая база ў Беларусі, якая мяжуе з трыма дзяржавамі НАТО і Ўкраінай, дазволіць усё больш ваяўнічай Маскве зноў скіраваць сваю ваенную моц у сэрца Эўропы
«Гэта ня толькі непапулярна сярод вялікай колькасьці беларусаў — гэта выклікае і вялікую заклапочанасьць на Захадзе, — працягвае Financial Times. — Расейская вайсковая база ў Беларусі, якая мяжуе з трыма дзяржавамі НАТО і Ўкраінай, дазволіць усё больш ваяўнічай Маскве зноў скіраваць сваю ваенную моц у сэрца Эўропы і ў канчатковым выніку можа прывесьці да разьмяшчэньня ядзернай зброі».
Гэта адрадзіла дэбаты ў ЭЗ наконт таго, каб зноў паспрабаваць дапамагчы Лукашэнку супрацьстаяць Пуціну. Эўрапейскія міністры замежных справаў далі зразумець, што гатовыя прыпыніць некаторыя асабістыя санкцыі супраць Лукашэнкі і некаторых высокапастаўленых чыноўнікаў Беларусі.
Унутраны рэкорд беларускага лідэра — яшчэ горшы, чым пуцінскі: ён саджае ў турму шматлікіх апанэнтаў, абапіраецца на тайную паліцыю, якая ўсё яшчэ завецца КДБ, і, здаецца, рыхтуе свайго 11-гадовага сына да дынастычнай пераемнасьці
«Але існуе рызыка, што такі крок заўчасны, — зазначае FT. — Гэта азначала б паслаць Лукашэнку і Пуціну сыгнал, што яны могуць „перажыць“ заходнія санкцыі, незалежна ад сваёй правіны. Унутраны рэкорд беларускага лідэра — яшчэ горшы, чым пуцінскі: ён саджае ў турму шматлікіх апанэнтаў, абапіраецца на тайную паліцыю, якая ўсё яшчэ завецца КДБ, і, здаецца, рыхтуе свайго 11-гадовага сына да дынастычнай пераемнасьці. Лукашэнка лявіруе паміж Брусэлем і Масквой, але яшчэ ня так даўно ЭЗ марна пераконваў сябе, што можа заахвоціць Віктара Януковіча стаць на праэўрапейскі шлях», — нагадвае FT.
«Калі санкцыі будуць прыпыненыя, ЭЗ павінен гарантаваць, што яны могуць быць зноў уведзеныя, пакуль Менск не прыступіць да рэформаў. Заходняя падтрымка, акрамя таго, павінна быць шчыльна арыентаваная на інтарэсы звычайных беларусаў і грамадзянскай супольнасьці — праз студэнцкія абмены, культурныя сувязі, і паслабленьне візавага рэжыму. Беларусам трэба пастаянна нагадваць, што існуе альтэрнатыва для постсавецкай карумпаванага аўтарытарызму», — завяршае свой рэдакцыйны артыкул брытанская газэта Financial Times.