Брытанская газэта The Guardian лічыць, што праведзеныя ў Беларусі прэзыдэнцкія выбары не апраўдваюць намеру Эўразьвязу зьняць накладзеныя на беларускі рэжым візавыя і фінансавыя санкцыі.
У рэдакцыйным камэнтары The Guardian, у прыватнасьці, піша:
«Чаму Эўразьвяз, як падаецца, хоча мець дачыненьні з Лукашэнкам? Гэта праўда, ён выпусьціў палітвязьняў да выбараў, а таксама не ўжываў гвалтоўных рэпрэсіўных захадаў, якімі праславіўся ў мінулым. Гэта таксама праўда, што вяртаньне Беларусі ў Эўропу можа быць вартае некалькіх саступак з боку ЭЗ. Агрэсія Расеі ва Ўкраіне стварыла зусім іншы стратэгічны ляндшафт. Адным з вынікаў зьяўляецца тое, што спадар Лукашэнка вельмі занепакоіўся тым, што расейскі ваенны авантурызм можа аднойчы паставіць пад пагрозу ягоную ўладу. Ёсць шмат ультранацыяналістаў у Маскве, якія прывіталі б паглынаньне Беларусі расейскім імпэрскім панславянскім саюзам. Такая боязь, безумоўна, можа падштурхуць Лукашэнку да спробы вырвацца зь цесных абдымкаў Расеі і закончыць дыпляматычную ізаляцыю на Захадзе.
Эўразьвяз не павінен адкідаць гэтую надзею, але любыя дыпляматычныя авансы павінны давацца зь вялікай асьцярожнасьцю. ЭЗ не павінен уручаць Лукашэнку галоўны прыз поўнай легітымізацыі. Важна прытрымлівацца падыходу, у якім зьмякчэньне санкцый адбываецца толькі ў выглядзе часовага прыпыненьня і частковай — але ня поўнай — іх адмены. Строгія ўмовы павінны суправаджаць усе далейшыя эўрапейскія крокі: грамадзяне Беларусі, гэтак жа як грамадзяне Ўкраіны, маюць права жыць у нармальнай дэмакратыі. Важна таксама памятаць, што за мяжой, у Расеі, за гэтым будуць уважліва сачыць дэмакратычныя актывісты.
Дыктатар Беларусі ўжо даўно асвоіў мастацтва балянсаваньня паміж Эўропай, якая слушна пазбягала яго на працягу многіх гадоў, і пуцінскай Расеяй, якая трымае на плаву яго эканоміку і стрымлівае разьвіцьцё дэмакратыі ў рэгіёне. Гэта той выпадак, калі ЭЗ можа і павінен мець моцны ўплыў. Гэта ў інтарэсах Еўропы паклапаціцца, каб правільныя рычагі былі пад рукой, і гарантаваць, каб добрыя паводзіны узнагароджваліся, а любы дыктатарскі адкат абыходзіўся высокім коштам».