Камсамольская любоў

  • Аляксандар Лукашук

Калектыў, менскі радыёзавод, 1960 год

Кожны дзень на працягу лета на сайце Свабоды новы разьдзел кнігі Аляксандра Лукашука “ЛІХАР. Oswald у Менску”.


Шчасьлівыя сем’і ўсё ж шчасьлівыя часам па-рознаму – прынамсі, з розных прычынаў.

Жыць і ніколі не сказаць лішняга слова, бо яно можа быць падслуханым і запісаным – для гэтага трэба быць альбо прафэсіяналам, альбо моцна запалоханым чалавекам. Освальды не былі ні першымі, ні другімі і, нягледзячы на падазрэньні, паводзілі сябе, як маладыя жонка і муж паводзяць сябе ў стрэсавай сытуацыі – сварыліся і мірыліся.

Дзёньнік ЛГО
15 ліпеня – 20 жніўня 1961

Мы высьветлілі, якія фармуляры і дакумэнты патрабуюцца для візы – каля дваццаці папераў: пасьведчаньні аб нараджэньні, афідэйвіты, фатаграфіі, даведкі, іншае. 20 жніўня мы здаем усе паперы. Нам кажуць, што адказ – ці выпусьцяць нас, будзе праз тры з паловай месяцы. Тым часам Марыне давялося прайсьці праз чатыры розныя сходы на працы, якія праводзіла начальства пасьля ўказаньня ад “некага” па тэлефоне. Яе таксама выклікалі ў райкам камсамолу, і яна мусіла ісьці на гутарку да іх на паўтары гадзіны. Мэта (абвешчаная) – пераканаць яе ня ехаць у ЗША. Вынік: яна становіцца толькі больш упартай у сваім жаданьні ехаць. Марына цяжарная; мы спадзяемся толькі, што візы хутка прыйдуць.


Камсамол і начальства на працы зрабілі тое, што заўсёды робіць вонкавая пагроза: Освальды атрымалі агульнага праціўніка, які паспрыяў іхнаму паразуменьню паміж сабой.

З расшыфроўкі падслухоўваньня КДБ
26.07.1961

ЛГО: Ну дык што, быў сход?

Жонка: Так, сход быў.

ЛГО: Дзе?

Жонка: У нашай паліклініцы. Ведаеш, іх бы задаволіла, калі б я сказала – не, я ня еду, я не пакіну Радзіму. Ніколі не гавары ім праўду. Папраўдзе, мне ня трэба было нічога ім казаць увогуле. Трэба было сказаць, што мая сытуацыя такая, што я ня ведаю, што рабіць.

ЛГО: А што яны сказалі?

Жонка: Яны сказалі, што я грублю. Ну, я сказала, што мне не патрэбная добрая характарыстыка, мне ўсё роўна. Я паеду і з дрэннай характарыстыкай, калі трэба. Я сказала ім, што я не такі ўжо злосны злачынец. Я сказала, што я люблю дзяўчат з аптэкі як сваіх сябровак, і што я неблагі сябар, і я ўсё гатовая аддаць дзяўчатам, бо яны простыя, добрыя дзяўчаты.


(паўза) Я адразу гэта сказала. Калі я вам не падабаюся – мне пляваць.

ЛГО: І ты...
(не канчае сказу)

Жонка: Яны мяне выкінуць. Яны сказалі, што такія, як ты, не належаць да камсамолу, што мяне трэба выключыць. Я сказала – добра, вельмі цешуся. Чаму ты ня хочаш быць членам, – яны мільён разоў у мяне гэта пыталі. Ну, таму што мне не падабаецца, таму што сумна. А чаму ты раней не гаварыла? Бо я не хацела, каб людзі думалі, што я не такая, як усе. Я сказала шмат рэчаў, якія, верагодна, ня трэба было, але не магла стрымацца. Што ты думаеш пра камсамол? Я адказала: камсамол ёсьць камсамол. (паўза) Насамрэч, я – антысавецкі элемэнт. Трэба ім аблегчыць зрабіць выснову.

А потым, ведаеш, ён у мяне пытаецца – якія ў вас адносіны з тым чалавекам, зь якім вы езьдзілі ў Маскву. А нехта кажа – гэта яе муж.

ЛГО:
(сьмяецца)

Жонка: І хто ваш муж, што за чалавек? Я кажу, вам лепш запытацца ў МУС. Чаму МУС, калі можам запытацца ў цябе? І я кажу, бо я магу вам і не адказаць.

ЛГО: Яны ведаюць самае галоўнае, што я хачу зьехаць.


Марына і Лі
Жонка: Ён хоча на сваю радзіму, я сказала ім, усе хочуць на сваю радзіму. А ты не спрабавала пераканаць яго застацца тут? Не, я сказала. Потым. Я кажу, я ня думаю, што там будзе лепш, не таму, што я шукаю што-небудзь лепшае. Я проста еду са сваім мужам. Магчыма, там будзе горш. Я кажу, ведаеце, я там не была і вы там не былі, дык як мы можам даваць ацэнкі?

(паўза)

Я сказала, што не пакіну мужа. Ён добры чалавек і я ім задаволеная. Ён больш дарагі для мяне, чым іхныя ацэнкі. Я паводзіла сябе груба, вельмі груба. Я сказала, што вы зьбіраецеся рабіць, пакараць людзей, якія давалі мне добрыя характарыстыкі, накрычаць на іх? Прашу не перасьледаваць іх, лепш зрабіце вымову мне. Мы цябе паважаем, мы цябе любім, яны казалі. У цябе ня будзе такіх сяброў, як мы, гаварылі яны. Я не хачу мець такіх сяброў, як вы. Я бачу, як вы мяне любіце.

ЛГО: Не хвалюйся, усё будзе файна.


(паўза)

Жонка: Самае галоўнае цяпер – зьехаць.

ЛГО: Я ведаю. Мы ад'яжджаем, ня трэба скандалаў.


(паўза)

Жонка: Не шукай праўды, усё роўна ня знойдзеш. Так маці казала мне.

ЛГО: Усё будзе файна.

Жонка: Ты думаеш?


(паўза)

Чаму мне сумна? Мой муж ня выгнаў мяне з дому.

ЛГО: Я цябе кахаю.

Жонка: Гэта цяпер ты так кажаш, а потым скажаш, што не кахаеш.

ЛГО: Твой муж цябе кахае.


Праз чатыры дні пасьля камсамольскага сходу ў СССР абвясьцілі эру камунізму. Дакладней, 30 ліпеня была надрукаваная праграма КПСС, якая вызначыла дату – праз 20 гадоў цяперашняе пакаленьне будзе жыць пры камунізьме.

Абвестка ніяк не паўплывала на рашэньне маладой сям’і жыць пры капіталізьме.



Працяг заўтра.

ПапярэдніЯ разьдзелЫ:

Палёт матылька
У ГУМ заднім ходам
Першы сьмех
Пакараньне Менскам
Дзёньнік гістарычнага чалавека
Шоў-шоў і прыйшоў
Дэпутат ідзе ў КДБ
Дэпутат ідзе з КДБ
Сарокі над КДБ
Удар па амбіцыях
Удар, але па мячыку
Дзьве памяці, плюс-мінус
“Russia” ці “Belorussia”?
Самагонка для Мэйлера
Acherontia atropos, сямейства чэкістых
Палёты “Справы № 34451”
Станіслаў Шушкевіч і шапка з вушамі
Першыя дні “расейскага рабочага”
Кватэра для халасьцяка
76 прыступак уверх і ўніз
Освальд і яго імёны
Першая памылка КДБ
Карацейшы ў 38,6 раза
“Ідэот”, не ідыёт
Чый Освальд?
Песьня для Хрушчова
Хэлоў, карова са штату Аёва
Найважнейшае з мастацтваў
“Аооаох!” -- і міма
Мэйлер і падзякі
Мэйлер і Цітавец
Мэйлер і “Цітавец”
Гепард з хуткасьцю чарапахі
Ці ведаў Освальд Цітаўца?
“Здрастуй!” І бывай...
Паходы ў манастыр
“Заўважана імкненьне знаёміцца з бляндынкамі”
КДБ і “мужчыны зь вялікай задніцай”
Мэйлер і гіганты сэксу
Цнота
Халтуршчыкі з КДБ
Разьбітае сэрца Освальда
“Я -- амэрыканскі грамадзянін”
На танцы
Дэман амнэзіі
З танцаў
Allegretto, allegro, allegrissimo
Тайна мядовага месяца
Роля дзірачак у гісторыі
Рэцэпт драмы