Прыднястроўе, Абхазія і Паўднёвая Асэтыя хочуць увайсьці ў Парлямэнцкі сход Саюзу Беларусі і Расеі ў якасьці назіральніка

Парлямэнцкі Сход Саюзу Беларусі і Расеі разгледзіць пытаньне аб уваходжаньні ў яго ў якасьці назіральніка Міжпарлямэнцкай асамблеі "За дэмакратыю і правы народаў", якая аб'ядноўвае Прыднястроўе, Абхазію і Паўднёвую Асецію.



Як паведаміла агенцтва БелТА са спасылкай на генэральнага сакратара асамблеі Рыгора Маракуца, пра гэта гаворыцца ў лісьце адказнага сакратара Парлямэнцкага Сходу Саюзу Беларусі і Расеі Сяргея Стрэльчанкі.

Раней Міжпарлямэнцкая асамблея садружнасьці "За дэмакратыю і правы народаў" зьвярнулася да Парлямэнцкага Сходу Саюзу Беларусі і Расеі з такой просьбай.

Пасяджэньне, на якім плянуецца разгледзець гэтае пытаньне, павінна адбыцца ў канцы жніўня – пачатку верасьня бягучага году.

Міжпарлямэнцкая асамблея "За дэмакратыю і правы народаў" была ўтворана 14 ліпеня 2006 года.