Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саюз з Расеяй “збудавалі”, распачалося саюзнае будаўніцтва з Вэнэсуэлай


Расейская нафта, якая пастаўляецца на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы, неўзабаве будзе “разбаўленая” вэнэсуэльскай. Па выніках першага дня перамоваў з прэзыдэнтам гэтай краіны Уга Чавэсам Аляксандар Лукашэнка заявіў, што дасягнутая прынцыповая дамоўленасьць аб транспартаваньні вэнэсуэльскай нафты на НПЗ у Мазыры і Наваполацку.


Сустрэча ў Каракасе Уга Чавэса і Аляксандра Лукашэнкі афіцыйнымі СМІ абодвух краінаў падавалася як доўгачаканае спатканьне “шчырых сяброў”. Яны доўга ляпалі адзін аднаго па сьпінах, глядзелі ў вочы, усяляк падкрэсьлівалі духоўную блізкасьць. Лукашэнка да дзяржаўнай узнагароды, атрыманай з рук Чавэса ў 2007-м, дадаў статус ганаровага жыхара Каракаса. Праўда, у прывітальным слове пасьпяшаўся запэўніць: сяброўства на вышэйшым узроўні грунтуецца найперш на даверы ў адносінах, а не на мэркантыльных інтарэсах:

“Я хачу, каб вы ў Вэнэсуэле разумелі, выбудоўваючы нашы адносіны: і я як прэзыдэнт, і нашы чальцы ўраду, і наш беларускі народ вельмі перажываем за тое, што адбываецца ў Вэнэсуэле. Я хачу, каб ты разумеў: мы ставімся да тых працэсаў, якія адбываюцца тут у Вэнэсуэле, дакладна гэтак жа, як і да таго, што адбываецца ў Беларусі. І я не хачу, каб нават апазыцыя тут думала, што мы прыехалі сюды, каб па вялікім рахунку ці проста па-дробнаму зарабіць. Разумееце, мы ў Вэнэсуэле ўжо зарабілі галоўнае (я так думаю): давер вашага народу і асабіста твой”.

Лукашэнка заявіў, што бакі дамовіліся сумесна перапрацоўваць нафту на беларускіх НПЗ і рэалізоўваць нафтапрадукты на эўрапейскім рынку. Цяпер на сумесным прадпрыемстве здабываецца каля 1 мільёна тон нафты на год, і гэтыя аб’ёмы будуць нарошчвацца. Экспэрт у энэргетычнай галіне Станіслаў Гусак лічыць, што такая схема супрацоўніцтва цалкам рэальная:
можна наўпрост у Амэрыцы прадаваць нафту, а за выручаныя грошы набываць нафту ў басэйне Балтыйскага мора і цыстэрнамі гнаць нафту сюды, на Наваполацкі НПЗ ...

“Усё залежыць ад таго, якая будзе цана нафты ў Вэнэсуэле. Ведаю, што раней там была вельмі і вельмі танная нафта. Што тычыцца перавозу нафты танкерамі, так званымі нафтавозамі, то гэта таксама зусім нядорага. Перавезьці праз акіян ці праз мора нафту ня так дорага, як падаецца. І калі б нафта магла прыйсьці ў басэйн Балтыкі, то тут можна шмат дзе разгрузіцца. Ёсьць у Вэнтспілсе тэрмінал, можна разгрузіць у Клайпедзе, у іншых месцах. І там жа адразу перапампаваць у ёмістасьці, і цягніком, цыстэрнамі везьці да Беларусі. Таму я думаю, што такая схема цалкам можа працаваць. А можна рабіць інакш. Калі той маршрут насамрэч будзе ня вельмі выгадны (хоць падаецца, што калі такія цёплыя адносіны з Вэнэсуэлай, то гэта ня можа быць нявыгадна), то можна наўпрост у Амэрыцы прадаваць нафту, а за выручаныя грошы набываць нафту ў басэйне Балтыйскага мора і цыстэрнамі гнаць нафту сюды, на Наваполацкі НПЗ. А ў пэрспэктыве ёсьць магчымасьць нават разгружацца ў Адэсе і праз Броды на Мазыр перапампоўваць нафту. Такая схема, мне здаецца, неўзабаве можа запрацаваць”.

Аднак спэцыялісты прадпрыемства “Беларуснафта” адзначаюць, што наўпроставыя пастаўкі вэнэсуэльскай нафты ў Беларусь будуць стратнымі, і ў выніку нафта можа абысьціся даражэй, чым расейская з улікам пошліны. Экспэрты лічаць, што разумна ўздымаць пытаньне пра падзел транспартных выдаткаў прапарцыйна долі бакоў у статутным фондзе сумеснага прадпрыемства (Беларусі належыць 40% акцыяў СП), аднак нават на такіх умовах пытаньне рэнтабэльнасьці паставак застаецца спрэчным. Пасьля вяртаньня беларускай дэлегацыі з Вэнэсуэлы ўмовы будуць абмяркоўвацца непасрэдна з кіраўнікамі нафтаперапрацоўчых заводаў.

Сёньня ж Лукашэнка ў суправаджэньні Чавэса мае наведаць будаўнічыя пляцоўкі, дзе працуюць і беларускія праектанты і будаўнікі. Беларусь экспартуе ў Вэнэсуэлу так званыя аграгарадкі, і цяпер, як выказаўся Лукашэнка, ідзе актыўная праца на ўзьвядзеньне пасёлкаў “для нашых вэнэсуэльскіх братоў”. Таксама Беларусь мяркуе наладзіць газыфікацыю тутэйшых гарадоў і пасёлкаў. Тым часам у адным зь беларускіх праектных інстытутаў кажуць, што беларусы папросту дапамагаюць вэнэсуэльцам, але зусім не займаюцца экспансіяй досьведу “урбанізацыі па-беларуску”:

“Там ніхто не зьбіраецца будаваць нешта цалкам падобнае да беларускага. Ва ўсіх дзяржавах, на ўсіх кантынэнтах існуюць агульныя законы, якія рэалізуюцца ў адпаведнасьці з сацыяльна-палітычнымі ўмовамі. Яны агульныя і прадыктаваныя тым, што сельская сыстэма расьсяленьня павінна мець апорныя пункты. Разьвітыя пункты, на якіх трымаюцца меней разьвітыя, і г.д. То бок такая герархія, якая існуе ва ўсіх краінах. І яна фармуецца альбо натуральным шляхам, альбо з дапамогай дзяржаўных высілкаў, альбо з дапамогай іншых дзяржаваў і прыватных ініцыятываў”.

Па выніках першага дня візыту заяўлена, што цягам бліжэйшых гадоў у Вэнэсуэле беларусы пабудуюць прадпрыемствы для вытворчасьці трактароў, грузавых і вялікагрузных аўтамабіляў, цагельны завод. Таксама, як прапанаваў Чавэс, у Каракасе запрацуе Беларускі гандлёвы дом, дзе можна будзе набыць усё, што са скрыпам прадаецца нават у суседняй Расеі. Чавэс запэўніў, што асабіста ён повен рашучасьці працягваць будаўніцтва беларуска-вэнэсуэльскага саюзу. І назваў Лукашэнку “сапраўдным сацыялістам”, які прыкладае шмат намаганьняў дзеля стварэньня шматпалярнага сьвету.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG