Ажыятаж на аўтарынках

У пятніцу гарадзенскі аўтарынак афіцыйна не працуе, але месцы ўсе занятыя.

З новага года ў сувязі з уваходжаньнем Беларусі ў Мытны саюз істотна вырасьце мыта на ўвоз аўтамабіляў для юрыдычных асоб. Пазьней магчыма павышэньне мытаў і для фізычных асоб.
Гэтыя навіны ўжо выклікалі ажыятаж на аўтарынках Беларусі. За апошні месяц кошты на аўтамабільным рынку Горадні павысіліся больш чым на тысячу даляраў.

Гарадзенскі аўтарынак — адзін з самых вядомых у Беларусі. Кошты на ім заўсёды былі самыя танныя. Зараз рынак працуе толькі два дні на тыдзень, але пачынаючы з чацьвярга амаль усе месцы застаўленыя машынамі.

Ужо сёньня па рынку ходзяць купцы і прымерваюцца да коштаў, бо ў суботу і нядзелю тут звычайна не прабіцца. Вось два спадары аглядаюць з усіх бакоў машыну. Разгаварыліся, і хлопцы кажуць, што наагул у выходныя сапраўдны ажыятаж:

«Ажыятаж ад таго, што мыта зьменіцца. Неўзабаве Новы год, пасьля якога невядома што будзе. Людзі ўжо навучаныя, што ў мінулым годзе падскочыў курс даляра. А сёлета — наагул невядома, а чутак шмат...»

Хлопцы кажуць, што на рынку пераважна машыны пасьля 2000 году выпуску, памяняць старое аўто праблематычна.

Другі хлопец: «Ну вось мы глядзім цяпер Форд Гэлаксі, яго кошт недзе прыблізна да 10 тысяч даляраў, а калі год і камплектацыя яшчэ навейшыя, то да 12 тысячаў даходзіць».

Да нас падыходзіць супрацоўнік рынку, які ахоўвае машыны, спадар Аляксандар. Пытаюся ў яго, ці моцна за апошні час зьмяніліся кошты?

Спадар: «Цэны, натуральна, падскочылі ў параўнаньні з пачаткам і сярэдзінай году прыблізна ад 500 да 1000 даляраў і вышэй».

Спадар Аляксандар тлумачыць гэта падпісаньнем мытнага саюзу. Ён кажа, што мыта на ўвоз машын усё роўна павялічыцца, і таму людзі кінуліся купляць аўта, каб потым не плаціць у 2—3 разы даражэй.

Ён дадае, што ўсплёск продажу пачаўся недзе з канца верасьня. На рынак стала значна болей прыяжджаць пакупнікоў з розных рэгіёнаў Беларусі, тут прапаноўваецца болей машынаў і болей купляецца.

Спадар:
Машын 40–50 за дзень прадаюцца, а раней было ня больш як 10.
«Цяпер і купляюцца добра: машын 40–50 за дзень прадаюцца, а раней было ня больш як 10».

Самае галоўнае, распавядае спадар Аляксандар, што перагоншчыкі машынаў з Эўропы імкнуцца прыгнаць іх цяпер як мага болей, бо пайшлі чуткі, што, магчыма, з адкрыцьцём адзінай мытнай прасторы па машыны ў Горадню зноў паедуць расейцы.

Спадар: «Пакуль расейцаў няма, але яны яўна чакаюць. Бо нават у навінах казалі: калі Беларусь не падыме мыта на машыны, то ўсе кінуцца туды і заваляць Расею старымі аўта».

Пытаюся хлопцаў — ці пацерпяць беларусы, калі дзяржава падыме мыта на ўвоз машынаў?

Хлопец: «Мы ўжо церпім, бо кошты на машыны ўжо вырасьлі. Мы ўжо пацярпелі...»

І яшчэ пра адно прасілі мяне сказаць наведнікі аўтамабільнага рынку ў Горадні, улічваючы тое, што кошт стаянкі аднае машыны складае 15 тысяч рублёў на дзень.

Хлопец: «Гарадзенскі аўтарынак вядомы, папулярны, але каб зрабіць тут хоць нейкія выгоды для гандляроў і пакупнікоў — гэтага няма. Няма ніякіх зручнасьцяў людзям».

Аўтакрама ў Гомелі
Тым часам у Гомелі таксама чакаюць істотнага падвышэнья коштаў на аўтамабілі. Гомельскія аўтааматары, зь якімі ўдалося пагутарыць нашаму карэспандэнту, нэгатыўна ставяцца да ўвядзеньня ў новым годзе вышэйшага мыта на ўвоз іншамарак. Апавядае спадар Мікалай:

«Яе й так цяжка купіць, а зараз будзе наагул нерэальна набыць зь вялікім мытам. Гляджу: тут, у прынцыпе, можна ў крэдыт узяць. Але ж у крызіс крэдыт браць рызыкоўна».

У Гомелі цяпер адкрыта сумеснае амэрыканска-беларускае прадпрыемства «Белаўтаінтэрнэшнл». Аўтамашыны японскай, амэрыканскай, германскай вытворчасьці выпуску 2004 году каштуюць у межах 12 тысяч даляраў.

Уладальнік прадпрыемства спадар Ян лічыць, што новае мыта моцна ўдарыць па аўтабізнэсе:

«Для нашага бізнэсу гэта вельмі прыкра. Аўтамабілі падаражэюць, я думаю, працэнтаў на сорак. Мы проста ня ў стане будзем растаможыць. Напрыклад, машыну „Таёта“ з аб’ёмам рухавіка 2,4 літра каштавала растаможыць 2 тысячы 400 даляраў, будзе — больш як 10 тысяч. Цяпер гэтая машына каштуе 12–13 тысяч даляраў, а будзе — звыш 20 тысяч».