Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужываныя аўтамабілі падаражэлі на 400-600 даляраў


З 1 студзеня 2010 году ў Беларусі падвысяць мыта на аўтамабілі, якія ўвозяць у краіну юрыдычныя асобы. Такое рашэньне было прынята ў Менску 27 лістапада ў рамках стварэньня адзінай мытнай прасторы паміж Беларусьсю, Расеяй і Казахстанам. Як гэта паўплывала на кошт і попыт на другасным рынку аўтамабіляў?


Таварны выгляд машына павінна мець незалежна ад таго, ці ство­раныя для гэтага на рынку ўмовы.

Аўтамабільны рынак у Ждановічах каля Менску, не зважаючы на будзённы дзень, запоўнены аўтамабілямі, пакупнікамі і гандлярамі. Гутару з адным зь іх — Пятром Іванавічам:

— Ці ведаеце, што ад Новага году мяняецца мыта на ўвоз?

— Так, і тут нічога радаснага няма. Людзі ня будуць ганяць аўтамабілі, бо нявыгадна. Падаражэньне ў дзесяць разоў азначае, што ніхто ня прыйдзе купляць машыны, бо людзі будуць ня ў стане іх набыць ні ў салёне, ні тут. Гэта мы будзем дапамагаць Расеі, а сябе робім яшчэ бяднейшымі.

— Гэты ваш бізнэс — асноўны даход?

— Я працую ратавальнікам на выратавальнай станцыі «Дразды» і маю аклад 560 тысяч рублёў. І каб пракарміць сям’ю, я ўжо шмат гадоў працую індывідуальным прадпрымальнікам, плачу падаткі. А зараз я буду вымушаны спыніць працу. Як жыць, ня ведаю. Словам, настроі нярадасныя. Пачуў сёньня ў навінах — і сьнедаць расхацелася. Падсеклі пад корань.

Хэндмэйд: арыгінальныя паказальнікі паркавальных месцаў на Ждановічах.

Гандляры заяўляюць, што цэны на аўтамабілі вырасьлі нават у параўнаньні зь мінулым тыднем: на 400 даляраў у будзённыя дні і на 500-600 — у выходныя. Да канца году гандляры прагназуюць яшчэ большае падаражэньне. Пакупнікі актыўна выбіраюць аўтамабілі, аднак многія заяўляюць, што пытаньне коштаў іх нібыта не хвалюе. Гутару з адным зь іх, Сяргеем:

— Вы прыйшлі набыць машыну?

— Ужо набылі. Зараз проста прыглядаемся, якія яшчэ цэны ёсьць.

— Гэта адмысловая купля — заплянавалі ці стараліся да Новага году і новых мытных правілаў?

— А якая розьніца, даражэе размытненьне ці не? Хто хоча аўтамабіль, той набудзе, ці да Новага году, ці пасьля.

Частка прасторы аўтарынку не заасфальтаваная. Варта пайсьці сьнегу ці дажджу — бруду будзе шмат.

Гандляры ўжыванымі аўтамабілямі ў Ждановічах асьцерагаюцца таго, што ад наступнага году іх бізнэс будзе згорнуты, а самі яны застануцца бяз працы і сродкаў да існаваньня. Хоць аўтамабільны бізнэс і ня лёгкі хлеб, распавядаюць Мікалай і Павел:

— Я паехаў у Бэрлін па аўтамабіль і на мытні страціў прытомнасьць — ледзь не памёр, але адкачалі. Гэта вельмі цяжкі бізнэс. Даводзіцца ня спаць ад пятай раніцы і да позьняй ночы.

— У нас 5-10 тысяч людзей, якія паадкрывалі прыватныя прадпрыемствы, каб пераганяць аўтамабілі, хочуць плаціць падаткі і афіцыйна працаваць. І калі людзі перастаюць займацца гэтым бізнэсам, вельмі вялікі адсотак гэтых людзей ідзе ў крымінал. Так было, ёсьць і будзе.

Аўтамабілі даражаюць з кожным тыднем.

— Ці ёсьць на рынку ажыятаж?

— Ажыятаж ёсьць: за тры месяцы і кошты павысіліся, і людзі некаторыя па 2-3 машыны набываюць. Спадзяюцца, пэўна, што аб’яднаюцца мытныя прасторы і «русакі» папруцца сюды, можна будзе прадаць і наварыць на продажы. Але, хутчэй за ўсё, гэтага ня будзе. Няма сэнсу нашаму ўраду і эканамістам падвышаць мыта і падтрымліваць расейскага вытворцу. Нам няма чаго падтрымліваць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG