Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтадылеры рыхтуюцца страціць палову прыбытку


Беларускія дылеры буйных замежных аўтавытворцаў прагназуюць паступовае згортваньне сваёй дзейнасьці ў Беларусі. Згодна з агучаным учора рашэньнем камісіі Мытнага саюзу, ад 1 студзеня 2010 году стаўкі пошлін на ўвоз легкавых аўтамабіляў юрыдычнымі асобамі будуць падвышаныя да расейскага ўзроўню -- мінімум на 25%. Але, паводле папярэдніх разьлікаў, кошт новых аўто ў сярэднім можа падвысіцца на 40%. Як зьбіраюцца будаваць працу беларускія аўтацэнтры ў новых умовах

Прадстаўніца гандлёвага падразьдзяленьня “Мазда-Лэндровэр” аўтамабільнага холдынгу "Атлант-М" Эла Шляга кажа, што з улікам новых абставінаў тэрмінова даводзіцца перапісваць пляны разьвіцьця бізнэсу:
прыбытак кампаніі зьменшыцца дзесьці напалову” ...

“Сытуацыя такая: зьвярсталі бізнэс-плян “А”, цяпер вярстаем плян “Б”. Бо атрымліваецца заніжанай прыбытковасьці бізнэс у прынцыпе. Мы ня схільныя занадта драматызаваць сытуацыю, але тое, што падвышэньне мытных плацяжоў прывядзе да зьніжэньня нашага даходу, да зьмяншэньня свабоднага капіталу для разьвіцьця -- гэта відавочна. Адпаведна, будзе меней магчымасьцяў для складоў, меней магчымасьцяў для інвэстыцый унутраных. Гэта ўсё так. Ну, і для кліентаў магчымасьцяў меней, тут усё завязана. Але асноўнае — гэта прыбытак кампаніі. А яго будзе меней дзесьці напалову”.

Некаторыя дылеры пераглядаюць мэтазгоднасьць рэклямных акцый на прыцягненьне пакупнікоў за кошт зьніжак, распродажаў аўтамабіляў базавай камплектацыі і г.д. Што відавочна: празь месяц на аўто можна будзе павесіць зусім іншы цэньнік. У аўтацэнтры “Кітайскія аўтамабілі” паведамілі, што сёньня распродажная акцыя яшчэ дзейнічае, але што будзе заўтра — сказаць цяжка:

“Пакуль вырашаем гэтае пытаньне, таму нічога пэўнага наконт зьменаў сказаць не магу. То бок варта штосьці зараз тэрмінова мяняць ці не — кіраўніцтва яшчэ ня вызначылася”.

Карэспандэнт: “Абвешчаныя раней акцыі пакуль яшчэ дзейнічаюць?”


“Пакуль так. Прынамсі, сёньня яны яшчэ дзейнічаюць. То бок мы іх яшчэ не адмянялі. Мы іх заяўлялі да 31 сьнежня, таму на гэты момант яны ў сіле”.

Генэральны дырэктар Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі Людміла Шабанава прагназуе: такі паварот прывядзе да татальнага адкату ў разьвіцьці легальнага аўтабізнэсу. Па сутнасьці, галіна будзе адкінута на дзесяцігодзьдзе назад. Па яе словах, ад 2005 году, калі заканадаўча выраўняліся пошліны на аўтамабілі для фізычных і юрыдычных асобаў, продаж новых машын у Беларусі вырас у 10 разоў, удвая павялічылася колькасьць аўтамабільных брэндаў. Апроч таго, аўтадылеры ствараюць сэрвісную сетку — цывілізаваную альтэрнатыву напаўпадпольным гаражам. У новых умовах гэта таксама будзе паступова згортвацца:
галіна будзе адкінута на дзесяцігодзьдзе назад. ...

“Што да афіцыйных дылераў, то многія зь іх ужо не адзін дзясятак гадоў на гэтым рынку. Хтосьці набліжаецца да дзясятка, а нехта ўжо і да другога дзясятка. Яны тут, яны ўрасьлі сюды карэньнем. І яны ня проста завозяць сюды аўтамабілі, а будуюць станцыі, дылерскія цэнтры. Гэтыя дылерскія сеткі разрастаюцца і ў рэгіёны. Паглядзіце, як часта людзі скардзяцца, што даводзіцца езьдзіць на абслугоўваньне ў Менск. А гэта лішняя трата бэнзіну, лішняя трата грошай; разумней абслугоўвацца па месцы жыхарства, у рэгіёне. Таму дылеры цяпер ствараюць свае цэнтры ці хоць бы станцыі тэхнічнага абслугоўваньня. Прычым ня толькі ў абласных гарадах, але ўвогуле па рэгіёнах. А гэта азначае інвэстыцыі. Дзе яшчэ ўзяць гэтыя грошы?”

Для фізычных асобаў новыя правілы ўвозу аўтамабіляў у рамках Мытнага саюзу пакуль ня вызначаныя. Адпачатку паведамлялася, што яны будуць выпрацаваныя да 1 ліпеня 2010 года, а да таго часу будуць дзейнічаць старыя стаўкі. Напярэдадні Аляксандар Лукашэнка сказаў, што пытаньне з прыватнымі пастаўшчыкамі аўто — самае складанае для Беларусі ва ўсёй ідэі Мытнага саюзу. Як сытуацыя будзе вырашацца — не ўдакладняецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG