Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: “Расейцы вывезуць зь Беларусі ўсе старыя аўто”


З 1 студзеня 2010 году паводле Адзінага мытнага тарыфу, які быў падпісаны ў Менску 27 лістапада, у Беларусі падвысяць мыта на аўтамабілі, якія ўвозяць у краіну юрыдычныя асобы. Пра гэта 1 сьнежня паведаміла агенцтва “Прайм ТАСС”. Як гэта адаб’ецца на сытуацыі ў аўтамабільным сэктары і ўвогуле на эканоміцы Беларусі?


Мой суразмоўца Анатоль Шаўчэнка – вядомы ў Беларусі экспэрт у аўтабізнэсе, галоўны рэдактар газэты “Аўтадайджэст”.

Анатоль Шаўчэнка пацьвердзіў, што ўвядзеньне новага мыта на аўтамабілі да ўзроўню расейскага мыта па некаторых пазыцыях будзе азначаць падвышэньне амаль у 10 разоў. Прыкладам, мыта на аўтамабіль з дызэльным рухавіком аб’емам 2 літра, калі аўтамабіль выраблены ў 2003 годзе, зараз складае ў Беларусі 800 эўра, а ў Расеі – 8 тысяч эўра. Для юрыдычных асобаў мыта падымаецца ўжо з 1 студзеня 2010 году. Юрыдычныя асобы, гэта фірмы ды індывідуальныя прадпрымальнікі, якія займаюцца ўвозам у Беларусь аўтамабіляў. Мой экспэрт аб’ядоўвае іх словам “дылеры”.

Паводле Анатоля Шаўчэнкі дылераў на беларускім рынку працуе каля 3 тысяч. Зараз яны максымальна закупляюць і ўвозяць аўтамабілі па цяперашнім мыце, каб была магчымасьць перажыць непазьбежны спад на рынку і дачакацца падвышэньня попыту. Аднак ня ўсе дылеры могуць укласьці шмат грошай у пакупку.

“Некаторыя ўжо папярэджваюць, што пераедуць з нашага рынку ў Расею і пастаўляць аўтамабілі адтуль да нас у Беларусь. Ім гэтак будзе выгадней, чым сядзець тут пры тым нізкім узроўні продажу ды праядаць сябе. Гэта што тычыцца новых аўтамабіляў. Што тычыцца “іншамарак бэушных”. Ужо сёньня кошты крыху падняліся, бо стварыўся ажыятаж, чаканьне новага мыта і крыху падвысіўся попыт. Але цягам паўгода рынак падвісьне, бо ўсе будуць чакаць, як зьменіцца сытуацыя праз паўгода”.

Анатоль Шаўчэнка спачувае беларускім пакупнікам, якім прыйдзецца за той жа новы аўтамабіль у аўтацэнтры заплаціць больш, а праз паўгода значна падаражэе і тавар на аўтарынку ад “шэрых” перагоншчыкаў. Але экспэрт адзначае і пазытыўны момант. Перад тым, як купіць новы ці маладзейшы аўтамабіль, пакупніку трэба пазбавіцца ад былога. Гэта за апошнія гады ў Беларусі стала дастаткова значнай праблемай. Паводле Анатоля Шаўчэнкі новае, роўнае з расейскім мыта прывядзе да таго, што ў краіну пачнуць масава прыяжджаць расейскія пакупнікі патрыманых іншамарак.

Калі расейцы прыедуць да нас і скупяць старыя аўтамабілі, гэта будзе добра
“Калі расейцы прыедуць да нас і скупяць старыя аўтамабілі, гэта будзе добра. Паглядзіце на Ўкраіну. Там даўно ўвазное мыта было вышэйшае за наша, і аўтапарк Украіны, асабліва на поўначы, выглядае вельмі прыстойна”.

Анатоль Шаўчэнка адзначае таксама, што мытны саюз паміж Беларусьсю, Расеяй і Казахстанам дазволіць лягчэй збываць беларускія грузавыя аўтамабілі “Маз” і “Белаз” і тым самым падтрымліваць беларускі аўтапрам. Яшчэ рэдактар газэты “Аўтадайджэст” спадзяецца, што будуць выкананыя абяцаньні роўных тарыфаў на энэрганосьбіты для Беларусі.

“Нельга разглядаць аўтамабілі асобна ад усяго іншага. Гэта зьвязана з коштамі на энэрганосьбіты. Мы саступаем ім у гэтым, затое ў нас будуць іншыя кошты на энэрганосьбіты”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG