Расея як мінімум на паўгода засталася без сыстэмы выяўленьня ракет. Пра гэта пішуць расейскія СМІ са спасылкай на крыніцы ў Міністэрстве абароны і ракетна-касьмічнай прамысловасьці. Прарэха ў назіраньні зьвязаная перадусім з тым, што старыя комплексы выведзеныя са строю, а запуск першага спадарожніка адзінай касьмічнай сыстэмы «Тундра» пераносіцца на лета. Тым ня меней у абаронным ведамстве сьцьвярджаюць, што небясьпечныя напрамкі кантралююцца наземнымі радыёлякацыйнымі станцыямі, у тым ліку зь Беларусі.
Як нагадвае газэта «Коммерсантъ», «Тундра» мае замяніць сыстэму выяўленьня стартаў балістычных ракетаў «Око-1», якая засталася яшчэ ад савецкіх часоў. Апошні спадарожнік быў сьпісаны на пачатку гэтага году, і цяпер у расейскай сыстэме папярэджаньня аб ракетнай атацы не засталося ніводнага. Адпачатку плянавалася, што новы касьмічны апарат заступіць на касьмічную вахту ў 2013 годзе, потым тэрміны двойчы пераносіліся — на канец 2014-га і на першы квартал 2015-га. Цяпер вайскоўцы кажуць, што ў лепшым выпадку старт будзе прызначаны на чэрвень-ліпень.
Тым часам у Міністэрстве абароны Расеі лічаць «сыгналы бедзтва» перабольшанымі, бо касьмічную выведку замяняюць наземныя радыёлякацыйныя станцыі — уключна з тымі, якія дзейнічаюць у Беларусі пад кіраваньнем расейскіх вайсковых спэцыялістаў.
На тэрыторыі Беларусі — дзьве станцыі сачэньня, але, як удакладняе экспэрт у вайсковай галіне Васіль Зданюк, залатаць дзірку, пакуль няма «Тундры», здольная толькі адна:
Я там бываў дзесьці на пачатку 1990-х, і яны тады хваліліся, што ледзь не футбольны мяч на „Ўэмблі“ могуць убачыць
«У Беларусі адна такая станцыя — у Ганцавічах. Станцыя ў Вілейцы ажыцьцяўляе сувязь з падводнымі лодкамі ў Атлянтычным акіяне і ўвогуле ў заходнім кірунку, яна клясыфікуецца як ваенна-марская станцыя сувязі. А вось у Ганцавічах — так, гэта станцыя раньняга выяўленьня пуску ракет. Яна вельмі магутная і можна нават сказаць, што сучасная, хоць будавалася 20 зь лішкам гадоў таму. Яна сапраўды добра працуе, надзейна, і ўсю заходнюю частку перакрывае. Я там бываў дзесьці на пачатку 1990-х, і яны тады хваліліся, што ледзь не футбольны мяч на „Ўэмблі“ могуць убачыць. Хоць гэта, як падаецца, збольшага блеф. Тым ня меней замяніць цалкам касьмічны спадарожнік, які больш эфэктыўны, бо выводзіцца на высокія арбіты, ганцавіцкая станцыя, вядома ж, ня можа. Таму ў пэўнай ступені Расея цяпер прыступная для нападу. Можа, і сапраўды, як яны кажуць, ня варта гэта драматызаваць, але я перакананы, што ўсё ж будуць думаць, як найхутчэй вывесьці гэты спадарожнік, чым замяніць. У іх сапраўды цяпер не засталося спадарожнікаў для гэтай мэты».
Як лічыць суразмоўца, адтэрміноўка запуску стратэгічнага спадарожніка можа быць непасрэдным вынікам расейскай акупацыйнай палітыкі ва Ўкраіне. Бальшыня ўкраінскіх заводаў так званага падвойнага прызначэньня былі ангажаваныя якраз у расейскі ваенна-прамысловы комплекс, але з пачаткам неабвешчанай вайны кантракты былі замарожаныя. Таму спробы сьпісаць «голае неба» на праблемы з фінансаваньнем пасьля пачатку маштабнага крызісу — збольшага адгаворка:
Мяркую, усё зьвязана з тэхналягічным працэсам, не ў апошнюю чаргу — з украінскімі падзеямі, бо Расея страціла вялікі абаронны сэгмэнт ва Ўкраіне
«На спадарожнік ня так і шмат патрэбна грошай, гэта ж не касьмічны карабель. Зразумела, для нас і спадарожнік — прыемнасьць дарагая, але ў маштабах Расеі гэта ня тыя выдаткі. Мяркую, усё зьвязана з тэхналягічным працэсам, не ў апошнюю чаргу — з украінскімі падзеямі, бо Расея страціла вялікі абаронны сэгмэнт ва Ўкраіне. Так, на расейскую абаронку працаваў „Южмаш“, вялізны завод. То бок тамтэйшая абаронная прамысловасьць у асноўным арыентаваная на Расею. І Ўкраіну пакуль ніхто не замяніў. Яны, вядома, харахорацца, што хутка ўсё зробім самі, але пакуль замены няма, у тым ліку і ў галіне вытворчасьці ракет. Не выключаю і гэтай прычыны таксама. Магчыма, носьбіт не гатовы. Справа ў тым, што такі спадарожнік трэба заганяць вельмі высока, і ракета-носьбіт павінна быць ня тое што не звычайная, але не маленькая, як кажуць, ня „кволая“. А можа, пытаньне зьвязана непасрэдна са спадарожнікам, бо, яшчэ раз кажу, расейская абаронка — у шчыльнай каапэрацыі з Украінай. Ці так гэта — можна толькі здагадвацца. Але складанасьці ёсьць, і наўрад ці яны палягаюць у грашах, гэта нейкія тэхналягічныя складанасьці».
Вайсковы экспэрт Васіль Зданюк згадвае, што бальшыня расейскіх касьмічных праектаў апошнім часам суправаджаецца гучнымі праваламі, таму ня дзіва, што не ўдаецца вывесьці на арбіту і сыстэму сачэньня за пускам «варожых ракетаў»:
«Увогуле ў касьмічнай галіне Расеі праблемаў апошнім часам надзвычай шмат. Паглядзіце: звычайныя спадарожнікі не выводзяцца, адкладаюцца пускі. З „Гланасам“ былі якія вялікія праблемы, падрываліся носьбіты, ледзь ад зямлі адарваўшыся. Гублялі тэхніку, не маглі вывесьці на арбіту, страчана куча каштоўных спадарожнікаў ня толькі сувязі, але і падвойнага прызначэньня — то бок ня толькі цывільных, але і вайсковых. Там праблемаў — мора. Яны як пальчаткі мяняюць кіраўнікоў „Роскосмоса“ і профільных прадпрыемстваў, але губляюцца паступова тэхналёгіі, кваліфікацыя. Cтарыя кадры савецкіх часоў сыходзяць, а новыя нічога ня маюць, апроч нейкіх тэарэтычных напрацовак. Таму ўсё па інэрцыі яшчэ трымаецца на старой базе. Пару-тройку гадоў таму прамільгнулі ў друку зусім дзікія моманты, калі вузлы для ракет рабілі дзесьці ў гаражах пад Самарай. Уявіце сабе ўзровень...»
Летась у верасьні на тле заходніх санкцыяў за агрэсію ва Ўкраіне міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу назваў стварэньне адзінай касьмічнай сыстэмы ключавым кірункам сілаў і сродкаў «ядзернага стрымліваньня». Пасьля шэрагу няўдалых спробаў прызначыць дату запуску кіраўнік абароннага ведамства ўзяў сытуацыю пад асабісты кантроль. І калі да лета апарат чарговым разам ня будзе гатовы ляцець, неадкладна пасьледуюць «жорсткія аргвысновы», — прыгразіў чыноўнік, дадаўшы, што цярпець сыстэматычныя зрывы больш ня мае намеру.