Асобны радыётэхнічны вузел
Ганцавічы (Баранавічы)
Вузел ўяўляе сабой стацыянарную лічбавую радыёлякацыйную станцыю тыпу "Волга", якая ўваходзіць у сыстэму папярэджаньня аб ракетным нападзе. Яе будаўніцтва пачалося ў Беларусі ў 1986 годзе. Станцыя прызначаная для прыкрыцьця разрываў ў радыёлякацыйным полі РЛС тыпу "Дар'ял".
У задачы РЛС ўваходзіць выяўленьне балістычных ракет і касьмічных аб'ектаў на адлегласьці 4800 км. Станцыя адсочвае аб'екты ў Эўропе, Паўночнай Атлянтыцы і Нарвэскім моры.
Знаходжаньне вузла на тэрыторыі Беларусі аформлена міжурадавым пагадненьнем ад 6 студзеня 1995 году. Аплата за "Волгу" не спаганяецца (у абмен пры падпісаньні пагадненьня была дасягнутая дамоўленасьць аб частковым сьпісаньні беларускіх даўгоў РФ за энэрганосьбіты). Акрамя таго, у якасьці кампэнсацыі за арэнду вузла РФ дае Беларусі інфармацыю аб ракетна-касьмічнай абстаноўцы і палігоны для правядзеньня баявых стрэльбаў СПА. Тэрмін дзеяньня пагадненьня – 25 гадоў.
Станцыя заступіла на вопытна-баявое дзяжурства ў 2002 годзе, на баявое дзяжурства – у 2003 годзе.
Камандзір вузла – палкоўнік Барыс Брачкоўскі. Колькасьць абслугоўваючага пэрсаналу – каля 600 чалавек. РЛС ўваходзіць у структуру касьмічных войскаў РФ.
43-й вузел сувязі
Вілейка
Дзеючая з студзені 1964 радыёстанцыя цэнтру далёкай сувязі ВМФ РФ ажыцьцяўляе радыёсувязь з караблямі і падводнымі лодкамі, а таксама праводзіць радыётэхнічную разьведку і радыёэлектронную барацьбу. Аснашчаная перадатчыкам магутнасьцю 1000 кіляват.
Знаходжаньне станцыі на тэрыторыі Беларусі аформлена міжурадавым пагадненьнем ад 6 студзеня 1995 году (у ім агаворваецца, што вузел сувязі зьяўляецца "расейскай вайсковай установай" і ня мае статусу вайсковай базы). Беларусь не атрымлівае ад РФ грошай за яго выкарыстаньне. Тэрмін дзеяньня пагадненьня – 25 гадоў.
Начальнік радыёстанцыі – капітан першага рангу Уладзімір Кузьняцоў. Колькасьць абслугоўваючага пэрсаналу – да 250 чалавек.
Паводле “Все российские базы» , «Власть» , травень 2007.