Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі салдат прызнаўся ў забойстве. Але Армэніі яго ня выдадуць


Падазраваны ў забойстве Валерый Пермякоў
Падазраваны ў забойстве Валерый Пермякоў

Валерый Пермякоў, які служыў на разьмешчанай у армянскім горадзе Гюмры (Армэнія) 102-й расейскай ваеннай базе, прызнаўся ў забойстве шасьці членаў адной сям’і.

Забойства адбылося ў панядзелак у адным з дамоў у Гюмры (былы Ленінакан), а ў ноч на аўторак Пермякова затрымалі армянскія памежнікі непадалёк ад мяжы з Турцыяй. Трагедыя выклікала ў Армэніі шок і новыя пытаньні адносна умоў знаходжаньня расейскіх вайскоўцаў у гэтай краіне.

Пермякоў, якога пасьля затрыманьня перадалі камандаваньню ваеннай базы, расказаў, што ўцёк з часткі.

Паводле слоў Пермякова, у дом сям’і Авецісян ён прабраўся, таму што яму захацелася піць. Там салдат спачатку застрэліў 51-гадовую гаспадыню дома, якая знайшла яго, а затым расстраляў сямейнікаў, якія спалі (справа адбывалася пад раніцу). Нібыта ён баяўся, што яго знойдуць, і пра яго уцёкі стане вядома камандаваньню. СМІ паведамляюць, што двухгадовая ўнучка гаспадароў была забітая штык-нажом. Выжыў толькі самы малодшы член сям’і — сямімесячны Сярожа Авецісян. Ён знаходзіцца ў рэанімацыі з нажавымі раненьнямі, стан хлопчыка ацэньваецца як цяжкі.

Адзіны выжылы зь сям’і Авецісянаў — 7-месячны Сярожа
Адзіны выжылы зь сям’і Авецісянаў — 7-месячны Сярожа

У Гюмры цяпер знаходзіцца спэцыяльная камісія з Масквы. Яе ўзначаліў намесьнік міністра абароны Расеі Аркадзь Бахін. Туды ж раніцай прыбыў міністар абароны Армэніі Сэйран Аганян, які сустрэўся з расейскай дэлегацыяй. Сустрэча праходзіла за зачыненымі дзвярыма, аднак перад гэтым у гутарцы з журналістамі міністар абароны сказаў, што інцыдэнт не павінен быць палітызаваны.

Генэральная пракуратура Армэніі ў аўторак распаўсюдзіла заяву, у якой гаворыцца, што пытаньне аб перадачы Валерыя Пермякова армянскаму боку не разглядаецца. Пры гэтым намесьнік начальніка паліцыі Армэніі Унан Пагасян раней не выключаў, што расьсьледаваньнем справы аб забойстве зоймуцца менавіта армянскія праваахоўныя органы. Цяпер жа пракуратура Армэніі заяўляе, што Пермякоў «знаходзіцца пад наглядам праваахоўных органаў Расійскай Фэдэрацыі». А першы пункт 61-га артыкула расійскай Канстытуцыі забараняе выдачу расейскіх грамадзян іншай дзяржаве, адзначаецца ў заяве.

Праўда, пракуратура падкрэсьлівае, што армянскія і расійскія сьледчыя будуць цесна супрацоўнічаць пры расьсьледаваньні справы, а ўлады Армэніі будуць «сачыць за тым, каб вінаватыя былі пакараныя ў адпаведнасьці з законам».

«Сёньня недарэчна палітызаваць гэта і шукаць пагаршэньня нашых адносін, так як нашы адносіны з Расейскай Фэдэрацыяй знаходзяцца на даволі высокім палітычным узроўні. Таксама на вельмі высокім узроўні знаходзіцца наша ваеннае супрацоўніцтва,» — сказаў міністар абароны Армэніі.

Як можа салдат пакінуць базу узброеным? Увесь камандны склад павінен быць прыцягнуты да адказнасьці, у тым ліку і галоўнакамандуючы Пуцін!

Тым ня менш у аўторак група актывістаў правяла мітынг пратэсту каля амбасады Расеі ў Армэніі — з патрабаваньнем прыцягнуць да адказнасьці камандзіраў расійскай базы. Удзельнікі акцыі таксама заявілі, што расійская ваенная база не зьяўляецца гарантам бясьпекі Армэніі, а наадварот, пагражае інтарэсам краіны. Кажа адна з пратэстуючых: «Што гэта значыць? Як можа салдат пакінуць базу узброеным? Увесь камандны склад павінен быць прыцягнуты да адказнасьці, у тым ліку і галоўнакамандуючы Пуцін!»

Кіроўная ў Армэніі Рэспубліканская партыя, аднак, ня лічыць неабходным у сувязі з трагедыяй у Гюмры ўздымаць пытаньне аб мэтазгоднасьці прысутнасьці расейскай ваеннай базы ў краіне. Лідэр парлямэнцкай фракцыі гэтай партыі Ваграм Багдасаран, тым ня менш, заявіў Радыё Свабода, што пасьля таго, што здарылася, узмоцніцца кантроль над расейскай базай:

«Мне здаецца, што кантроль павінен быць узмоцнены, трэба быць больш пільнымі. Не выпадкова, што прыехала камісія з расейскага боку, і наш міністар абароны таксама знаходзіцца ў Гюмры. Гэтыя пытаньні абмяркоўваюцца з тым, каб падобных падзей больш не было,» — сказаў Багдасаран.

Сустрэча намесьніка міністра абароны Расеі Аркадзя Бахіна (зьлева) і міністра абароны Армэніі Сэйрана Аганяна. Гюмры, 13 студзеня 2015 году
Сустрэча намесьніка міністра абароны Расеі Аркадзя Бахіна (зьлева) і міністра абароны Армэніі Сэйрана Аганяна. Гюмры, 13 студзеня 2015 году

У мінулым з базай у Гюмры ўжо было зьвязана некалькі трагічных здарэньняў. Вясной 2013 году на расейскім танкавым палігоне загінулі, падарваўшыся на міне, двое дзяцей. Тады шмат гаварылася аб тым, што палігон ня быў належным чынам абгароджаны, а расійскае камандаваньне павінна пакараць вінаватых. Ці было гэта зроблена, дагэтуль невядома. У 1999 годзе двое расейскіх вайскоўцаў адкрылі стральбу на мясцовым рынку, забіўшы дваіх і параніўшы, паводле розных зьвестак, ад 9 да 14 чалавек. У той раз нападнікі атрымалі доўгія турэмныя тэрміны.

Цяперашні падазраваны, Валерый Пермякоў, — 18-гадовы выхадзец з Чыты. Тыя, хто зь ім служыў, ацэньваюць яго станоўча. У той жа час у расейскай прэсе зьявіліся паведамленьні пра тое, што ў мінулым Пермякоў пакутаваў на псыхічную хваробу. Ён быў прызваны на ваенную службу паўгода таму, раней ужо спрабаваў зьбегчы з часткі. На старонцы салдата «У Кантакце» стаіць лёзунг «Броня крепка, и танки наши быстры».

Ўлады Армэніі не сталі аб’яўляць жалобу ў краіне. Пакуль абвешчана толькі аб адмене сьвяточнага канцэрту з нагоды Новага году па старым стылі, які традыцыйна адзначаецца ў Армэніі. Канцэрт павінен быў прайсьці ў цэнтры Ерэвана.

102-я расейская ваенная база знаходзіцца ў Гюмры зь сярэдзіны 1990-х гадоў у адпаведнасьці з дамовай паміж Армэніяй і Расеяй. На ёй, у прыватнасьці, ёсьць зэнітна-ракетныя комплексы С-300В, вялікая колькасьць танкаў, бронетэхнікі і артылерыі. База ўключана ў аб’яднаную сыстэму супрацьпаветранай абароны краін, якія ўваходзяць у Арганізацыю дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ). Служаць у Гюмры каля 5 тысяч расійскіх вайскоўцаў.

Паводле дамовы паміж Расеяй і Армэніяй, падоўжанай у 2010 годзе, 102-я расейская база павінна заставацца ў гэтай краіне прынамсі да 2044 году.

На гэты момант расейскія вайсковыя базы за межамі краіны разьмешчаныя ў Абхазіі, Армэніі, Беларусі, Казахстане, Кіргізстане, Прыднястроўі, Сырыі, Таджыкістане і Паўднёвай Асэтыі. У Беларусі расейскіх базаў тры. Гэта станцыя папярэджаньня аб ракетным нападзе ў Ганцавічах, вузел сувязі расейскага ВМФ у Вілейцы і авіябаза ў Бабруйску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG