Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парад на Дзень Перамогі пачнецца 9 траўня ў 11.00, сёньня зноў рэпэтыцыя


Рэпэтыцыя параду ў Менску
Рэпэтыцыя параду ў Менску

Сёньня ў Менску пройдзе другая генэральная рэпэтыцыя параду ў гонар Дня Перамогі. Сталічная ДАІ рэкамэндуе гэта ўлічваць.

Сёньня свой рух калёна танкаў і іншай тэхнікі пачне ў 17:00. Яна пройдзе па вуліцах Заснавальнікаў, Старынаўскай, па праспэкце Незалежнасьці, вуліцах Сурганава, Куйбышава, Багдановіча да праспэкта Машэрава. Рух будзе перакрывацца паэтапна па ходзе прасоўваньня тэхнікі.

На праспэкт Машэрава калёна прыбудзе да 19:00. Там з 22:00 будзе абмежаваны рух на ўчастку дарогі ад вуліцы Чырвонай да вуліцы Ціміразева (менавіта там будзе праходзіць трэніроўка мэханізаванай калёны Ўзброеных Сіл і цывільнай тэхнікі). Пасьля яе завяршэньня тэхніка рушыць назад па наступным маршруце: пр. Машэрава — вул. Ціміразева — вул. Арлоўская — пл. Бангалор — вул. Сурганава — пр. Незалежнасьці — вул. Старынаўская — «Уручча». Рух на гэтых участках таксама будзе паэтапна перакрывацца.

Менская Дзяржаўтаінспэкцыя рэкамэндуе кіроўцам улічваць гэтую інфармацыю пры выбары маршруту руху, выбіраць аб’язныя шляхі, а таксама карыстацца паслугамі мэтрапалітэну.

Пасьля папярэдняга праезду танкавых калён па Менску 4 траўня дарожнае палатно было значна пашкоджанае, апрача таго на прылеглых вуліцах машыны і аўтобусы дзьве гадзіны стаялі ў корках.

Сам парад у гонар Дня Перамогі пачнецца 9 траўня ў 11.00 каля стэлы «Менск — горад-герой» на праспэкце Машэрава.

Як паведаміў начальнік упраўленьня інфармацыі галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы Міністэрства абароны Беларусі Ўладзімер Макараў, у парадзе будуць удзельнічаць больш за 5.000 вайскоўцаў, звыш 250 адзінак колавай і гусенічнай тэхнікі, 40 самалётаў і верталётаў.

Усяго ў парадзе будзе ўдзельнічаць 24 разьлікі вайсковай тэхнікі (сем зь іх сфармуюць расейскія вайскоўцы).

Завершыцца парад пляц-канцэртам роты ганаровай варты. Выступіць таксама зводны аркестар Узброеных Сіл Беларусі. Разам зь беларускімі музыкамі выступіць аркестар Ваенна-Паветраных Сіл ЗША ў Эўропе пад кіраўніцтвам падпалкоўніка Майкла Менча.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG