Замежныя актывы эканомікі Беларусі за першы квартал сёлетняга году скараціліся на 900 мільёнаў даляраў, адзначаецца ў плацежным балянсе Нацыянальнага банку. Гэта складае 7,1% ад агульнай сумы замежных актываў. Такім чынам, яны паменшыліся да 11 мільярдаў 900 мільёнаў даляраў.
Доктар эканамічных навук, прафэсар Барыс Жаліба так камэнтуе гэтыя лічбы для Свабоды:
«Амаль мільярд даляраў страты ўсяго за тры месяцы — істотнае скарачэньне, адчувальная лічба. І вельмі трывожыць, што гэты працэс можа захавацца і надалей.
Прычына гэтага — наступствы крызісу, які ахапіў усю беларускую эканоміку. Не было б крызісу — быў бы эканамічны рост, расьлі б і актывы. А іх скарачэньне — гэта аб’ектыўны фактар, які даказвае, што нашы справы ўсё пагаршаюцца і пагаршаюцца. І індыкатар аб’ёму замежных актываў для спэцыялістаў — выразная прыкмета дрэннага стану беларускай эканомікі.
Казаць, што ад скарачэньня замежных актываў пацярпіць абывацель, можна. Такія рэчы, канечне, адбіваюцца і на звычайным чалавеку. Але тут няма такой наўпроставай сувязі, гэта адбываецца ўскосна. У тым ліку і праз дынаміку заробкаў. А яна мінусуе ад пачатку сёлетняга году. І якраз на памяншэньне рэальных заробкаў найбольш адчувальна рэагуе звычайны чалавек.
Адсутнасьць валюты пагражае і пагаршэньню курсу беларускага рубля. Так што і тут трывожна».
Параўнальна з 2013 годам замежныя актывы Беларусі скараціліся на 5 мільярдаў 200 мільёнаў даляраў.