Дваццацісямігадовы жыхар вёскі Асташкавічы Сьветлагорскага раёну, ад якога зацяжарала 14-гадовая мясцовая школьніца, не пагадзіўся з выракам раённага суду аб трохгадовым турэмным зьняволеньні.
Як паведаміла прэсавая служба Гомельскага абласнога суду, вясковец падаў касацыйную скаргу на перагляд крымінальнай справы паводле артыкула 168 — палавыя зносіны ці іншыя дзеяньні сэксуальнага характару з асобай, якая не дасягнула шаснаццацігадовага ўзросту. Апрача пазбаўленьня волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў, артыкулам прадугледжана й іншае пакараньне — абмежаваньне волі на 2–4 гады.
Пра гісторыю Насьці й Віктара зь вёскі Асташкавічы Радыё Свабода расказала 10 лютага ў матэрыяле «Заўчасная мама».
Цяпер незадачлівы жаніх у СІЗА. Некаторыя вяскоўцы лічаць, што яго ня варта было караць пазбаўленьнем волі — лепш бы ён працаваў прымусова і сплачваў поўнасьцю алімэнты на дзяцей ад першага шлюбу, а таксама фінансава падтрымліваў будучае немаўля, якое мае нарадзіцца ў малалетняй школьніцы ўжо праз два месяцы.
«Я б такіх жадлівых аддаваў людзям на расправу. Здаецца, у Закаўказьзі гвалтаўнікоў прывязвалі да ганебнага слупа і кідалі ў іх камянямі. Хіба ж дарослых жанчын не хапае, што на малалетку палез? Я б яму і дзясятку даў, каб пасядзеў і падумаў. На зоне такіх не паважаюць, хто гвалціць ці да малалетак чапляецца. Самога «дзяўчынкай» зробяць», — катэгарычна заяўляе вясковец сталага веку Аляксандар.
Дарэчы, у некаторых краінах, Злучаных Штатах Амэрыкі ў прыватнасьці, палавыя зносіны з асобай, якая не дасягнула належнага ўзросту, прынята лічыць гвалтам, нават калі адбываецца гэта пры поўнай і яўна выказанай згодзе.
Дата перагляду крымінальнай справы асташкавіцкага залётніка пакуль ня вызначана.