Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вусаў: Пацяпленьне адносін з Эўразьвязам будзе ў выглядзе візытаў і рэвэрансаў


Павал Вусаў
Павал Вусаў

Падчас сустрэчы з намесьнікам генэральнага сакратара Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Хэльгай Марыяй Шмід Аляксандар Лукашэнка выказаў думку, што Беларусь можа адыграць важную ролю ў выбудоўваньні бясьпечнай Эўропы.

«З-за апошніх падзей у Эўропе вы разумееце, што Беларусь — гэта адна з краін, адно са зьвёнаў, якое можа сыграць важную ролю ў выбудоўваньні бясьпечнай Эўропы. Пагадзіцеся, што перад пытаньнямі вайны і міру ўсе астатнія проста цьмянеюць. У гэтых адносінах краіна, якая знаходзіцца выключна ў геаграфічным цэнтры Эўропы, ня можа ня быць значнай і ня можа не ўплываць на гэтыя пытаньні», — падкрэсьліў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка таксама згадаў пра важнасьць праграмы «Ўсходняе партнэрства» для аб’яднаньня эўрапейскіх краін і выказаў надзею на пачатак добрага дыялёгу ў адносінах паміж Беларусьсю і ЭЗ.

Палітоляг Павал Вусаў лічыць, што пацяпленьне стаўленьня Эўразьвязу да Аляксандра Лукашэнкі зьвязанае з пазыцыяй што да падзеяў на ўсходзе Ўкраіны:

«Пасьля сустрэчы „нармандзкай чацьвёркі“ ў Менску і дэманстрацыі паказальна нэўтральнай пазыцыі Беларусі што да канфлікту ў Данбасе стаўленьне да Аляксандра Лукашэнкі з боку Эўразьвязу зьмянілася. Сёньня ён разглядаецца як меншае зло, якое можа здарыцца ва Ўсходняй Эўропе. На фоне канфлікту ў Данбасе беларускі палітычны рэжым ужо не ўспрымаецца так дэманічна, як успрымаўся раней. З рыторыкі Эўразьвязу выключана фраза „Беларусь — гэта апошняя дыктатура ў Эўропе“. Захад не разглядае Беларусь як пагрозу ці праблему, якую трэба вырашаць тут і цяпер».

І хоць гаварыць пра фармат дыялёгу, які, найверагодней, разгорнецца паміж Беларусьсю і Эўразьвязам, яшчэ цяжка, але ўжо відавочна, што Эўразьвяз прынцыпова зьменіць падыход да Беларусі, лічыць экспэрт.

Эўразьвяз больш не разглядае Беларусь з пункту гледжаньня маральнасьці і прынцыповасьці

«Магчыма, што на ўзроўні міжнародных кантактаў адбудуцца сур’ёзныя зрухі, у выніку чаго Беларусь выйдзе зь міжнароднай ізаляцыі. Асабліва гэта будзе заўважна перад прэзыдэнцкімі выбарамі. Але тут ёсьць важнае пытаньне пра маральнасьць такой перамены ў стаўленьні Эўразьвязу, які зьбіраецца размаўляць з Лукашэнкам і выбудоўваць супрацу зь Беларусьсю з улікам таго, што ў нас застаюцца палітвязьні, што няма станоўчых зрухаў у сфэры дэмакратызацыі. Эўразьвяз больш не разглядае Беларусь з пункту гледжаньня маральнасьці і прынцыповасьці. І збліжэньне Эўразьвязу і Беларусі, відавочна, адбудзецца».

Аднак, лічыць Павал Вусаў, гэтае збліжэньне ў цэлым не паўплывае на палітычнае і геапалітычнае становішча Беларусі, яна па-ранейшаму будзе заставацца ў сфэры ўплыву Расеі:

«Я перакананы, што тут нельга чакаць аніякіх сур’ёзных геапалітычных зрухаў Беларусі ў бок Эўразьвязу. Усе адносіны і іх пацяпленьне будуць абмежаваныя выключна рыторыкай і рэвэрансамі Беларусі ў бок Захаду, і, як гэта было перад выбарамі 2010 году, візытамі высокага эўрапейскага чынавенства ў Беларусь. Тым ня менш гэта ніякім чынам не паўплывае на геапалітычную арыентацыю Беларусі, якая цалкам застанецца ў сфэры ўплыву Расеі і геастратэгічнага альянсу зь ёй жа».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG