Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя прапануе Рыгоні нічога не зьмяняць да прэзыдэнцкіх выбараў


Андрэа Рыгоні, архіўнае фота
Андрэа Рыгоні, архіўнае фота

Спэцыяльны дакладчык Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы па Беларусі, італьянскі парлямэнтар Андрэа Рыгоні наведае Менск 24–26 лютага.

Пра гэта журналістам паведаміў старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Мікалай Самасейка. Паводле ягоных словаў, Андрэа Рыгоні плянуе сустрэцца з кіраўнікамі абедзьвюх палат Нацыянальнага сходу, міністрамі замежных спраў, юстыцыі, інфармацыі, старшынямі Цэнтральнай выбарчай камісіі і Канстытуцыйнага суду.

На пытаньне Свабоды, ці гатовая Беларусь да выкананьня асноўнага патрабаваньня з боку Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы — адмены сьмяротнага пакараньня — і ці зьмянілася тут пазыцыя афіцыйнага Менску, спадар Самасейка адказаў так:

«Я ўжо неаднойчы даваў інфармацыю на гэты конт. І пра сваё бачаньне, і па сытуацыі ў Беларусі. Зьменаў у пазыцыі Беларусі няма».

Старшыня камісіі дадаў, што да традыцыйных пытаньняў, кшталту «так званых палітвязьняў, правоў чалавека, СМІ», гэтым разам, магчыма, дадасца абмеркаваньне сытуацыі ва Ўкраіне.

Таксама вядома, што 25 лютага спэцдакладчык правядзе размову з прадстаўнікамі сямі палітычных дэмакратычных структураў. На гэтую сустрэчу ўжо атрымаў запрашэньне старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. У размове са Свабодай ён сказаў, што добра ведае спадара Рыгоні:

«Рэдкі выпадак, калі на адну і тую ж пасаду спэцдакладчыка вяртаецца адзін і той жа дэпутат. Рыгоні ўжо быў спэцдакладчыкам Палітычнага камітэту ПАРЭ. І цяпер гэта яго ўжо другая спроба разабрацца з тым, што адбываецца ў Беларусі.

Складана сёньня сказаць, з чым прыедзе ў Менск спадар Рыгоні. Але мы спрабуем выпрацаваць сваю пазыцыю. Яна гучыць прыкладна так: да прэзыдэнцкай кампаніі рабіць крокі насустрач беларускай уладзе, у прыватнасьці — вяртаць статус спэцыяльнага запрошанага, было б няправільным. Трэба паглядзець, як будуць праходзіць выбары, які лёс палітычных вязьняў. І толькі пасьля гэтага можна пераходзіць да нейкіх практычных дзеяньняў.

На жаль, я думаю, што ён больш завернуты ў бок нейкіх інтарэсаў, чым каштоўнасьцяў

Думаю, што гэтую пазыцыю мы і будзем выкладаць спадару Рыгоні. На жаль, я думаю, што ён больш завернуты ў бок нейкіх інтарэсаў, чым каштоўнасьцяў. Але дыскусія цяпер ідзе па ўсіх кірунках».

Раней Рыгоні ўжо быў спэцдакладчыкам па Беларусі і наведваў краіну ў 2009 годзе. Яго зноў прызначылі на гэтую пасаду летась, пасьля таго як папярэдні дакладчык, эстонскі дэпутат Андрэс Хэркель, ня быў пераабраны ў склад нацыянальнай дэлегацыі ў ПАРЭ.

Папярэднюю справаздачу пра вынікі візыту ў Беларусь Рыгоні прадставіць 18 сакавіка на пасяджэньні паліткамітэту ПАРЭ ў Парыжы. Пазьней (дата пакуль невядомая) адбудзецца і прадстаўленьне ягонага поўнага дакладу.

У 2009 годзе падчас сваёй першай кадэнцыі Андрэа Рыгоні прапаноўваў вярнуць Беларусі статус спэцыяльна запрошанай у Парлямэнцкую асамблею. Тады ён заяўляў: «Нягледзячы на тое, што Беларусь далёкая ад стандартаў Рады Эўропы ў сфэры дэмакратыі, вяршэнства закону і правоў чалавека, яе кіраўніцтва зрабіла важныя крокі ў правільным кірунку».

Прапанова была адкінута дзякуючы прынцыповай пазыцыі дэпутата з Кіпру, аўтара дакладу «Зьніклыя людзі ў Беларусі» Хрыстаса Пургурыдэса. Ён, сярод іншага, прапанаваў перагледзець прапанову Рыгоні і вылучыць дадатковае патрабаваньне аб мараторыі на сьмяротнае пакараньне ў Беларусі.

Статус афіцыйна запрошанай у Парлямэнцкую асамблею быў замарожаны для Беларусі яшчэ ў студзені 1997 году. Такой была рэакцыя Рады Эўропы на шматлікія парушэньні пры правядзеньні лістападаўскага (1996 году) рэфэрэндуму, які ініцыяваў Аляксандар Лукашэнка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG