У нетрах беларускай зямлі вось ужо больш за сем дзясяткаў гадоў тлеюць косткі тысяч і тысяч салдат Другой усясьветнай вайны. І калі памяць пра савецкіх вайскоўцаў адзначаная прынамсі аднастайнымі бэтоннымі абэліскамі, то іхнім праціўнікам пашанцавала меней.
Багата абсталяваная дзіцячая пляцоўка ў задняпроўскім мікрараёне гераічнай Воршы раскінулася на месцы вялікага нямецкага пахаваньня. Зрэшты, практычна ніхто з жыхароў вуліц Флёрава і Воз-ан-Влен, паміж якімі месьціцца пляцоўка, пра гэтую акалічнасьць ня ведае, а з улікам мясцовага мэнталітэту ня выключана, што за падобныя «інсынуацыі» яшчэ і па галаве атрымаеш. Між тым, калі зыходзіць са сьведчаньняў асобных абарыгенаў, могілкі салдат вэрмахту былі зьнішчаныя адносна нядаўна — на пачатку 1980-х, калі будаўнікі вялі цеплатрасу да новых пяціпавярховікаў.
Жыхар аднаго з дамоў на вуліцы Флёрава Барыс Шаравар кажа, што быў адным зь першых навасёлаў у гэтым раёне. Выглядае, і на нязвыкла маштабную дзіцячую пляцоўку праектанты расшчодрыліся толькі дзеля таго, каб аблегчыць нагрузку на «спэцыфічную» глебу:
«Акурат дзе мы цяпер стаім, якраз і былі могілкі. Магчыма, тэрыторыя была крыху шырэйшая, выходзіла за межы цяперашняй дзіцячай пляцоўкі, але капалі траншэю менавіта тут. Прычым капалі неглыбока, дзесьці на паўтара мэтра. То бок па цяперашніх асьвятляльных слупах вялі траншэю, цяпер тут яшчэ па пэрымэтры каналізацыйныя калодзежы».
Барыс Шаравар згадвае, што раней сюды было не даступіцца — таму варожыя пахаваньні так доўга і захаваліся некранутымі. Але калі пад спальныя раёны пачалі асвойваць новыя тэрыторыі, усё вырашыў коўш экскаватара:
«Прайшла Алімпіяда-80, значыць, быў дзесьці 1983 год. Тут ужо стаялі тры дамы — два гатовыя і трэці будаваўся. І ўсё, больш нічога, навокал лес. А ўжо потым, калі пачалі весьці цеплатрасу, усё на сваім шляху раскапалі. І з таго, што выварочвалі, было ясна, што дакладна гэта было нямецкае пахаваньне. У вайну тут, у нізіне, гарматы стаялі, нейкі склад быў, салдаты пазыцыі ахоўвалі. Ну, і могілкі, натуральна, узьніклі, раз баявыя дзеяньні вяліся. Тады гэта была пустка, а цяпер аказалася, што пасярод населенага раёну. Праўда, напаміну пра гэтага ўжо ніякага. Раней пад’ехаць замінала амаль непраходнае балота, асабліва ніхто і не дабіраўся».
Як апавядае суразмоўца, з пэўнага часу ўсялякі напамін пра нямецкія могілкі проста зьнік — пахаваньні разраўнялі, прыстасаваўшы пляц пад сацыяльныя патрэбы горада. Куды зьніклі парэшткі салдатаў варожай арміі — загадка па сёньня:
«Могілак у нейкі час проста ня стала, вось і ўсё. Калі мікрараён заклалі, пачалі весьці камунікацыі, экскаватары сталі выварочваць на паверхню косткі, чарапы. А потым усё некуды зьнікла. Мясцовыя згадваюць, што яшчэ досыць доўга пасьля вайны яны было абазначаныя крыжамі ды іншай атрыбутыкай. Сам я прыехаў у Воршу толькі ў сярэдзіне 1960-х, і ці быў калі ў гэтым раёне, ці не — нават не згадаю. Але тое, што нямецкія могілкі тут былі, — гэта дакладна. Хто канкрэтна быў пахаваны — ці салдаты, ці ваеннапалонныя, якіх узялі падчас баёў, — сказаць цяжка».
Чаму было не абазначыць месца пахаваньня хоць бы памятным знакам? Тым больш што ня толькі калектыўныя, а нават асобныя магілы савецкіх вайскоўцаў у Нямеччыне ў масе сваёй даглядаюцца, зь нямецкага бюджэту адрасна пералічваюцца сродкі на падтрыманьне іх у належным парадку. Спадар Шаравар ня думае, што такі гуманістычны жэст быў магчымы за савецкім часам, а цяпер, з улікам сёньняшняга ідэалягічнага курсу Масквы, — і пагатоў:
Мясцовыя згадваюць, што яшчэ досыць доўга пасьля вайны яны было абазначаныя крыжамі
«Ня ведаю, ці магчыма такое было зрабіць у той час. Хутчэй за ўсё, зручней было ўсё гэта схаваць, каб само сабой наагул зьнікла, сьцерлася з памяці. Як нейкі нязначны эпізод...»
Ворша — горад вельмі мэмарыялізаваны, тут ушаноўваецца памяць ня толькі савецкіх вайскоўцаў, але і тагачаснай тэхнікі.
Адзін з самых вядомых помнікаў — сыстэме рэактыўнай артылерыі «Кацюша» на беразе Дняпра.
Між тым у архівах нямала згадак, што ў крывавых баях за стратэгічны пункт загінулі дзясяткі тысяч салдат і афіцэраў з абодвух бакоў. Так, на тэрыторыі пасёлку Балбасава недалёка ад Воршы некалькі гадоў таму пачалі раскопваць нямецкія могілкі часоў Другой усясьветнай вайны. Некалі тут месьціўся нямецкі шпіталь і стаяла вайсковая авіяцыйная часьць. Парэшткі больш як дзьвюх сотняў чалавек перавезьлі на зборныя могілкі ў вёску Шчаткава Бабруйскага раёну. Паводле мясцовых жыхароў, у свой час на могілках стаяла больш за тысячу крыжоў. Потым на гэтым месцы паставілі кацельню, жылыя дамы і гаспадарчыя пабудовы.
Згадваюць сьведкі і пра масавыя пахаваньні недалёка ад цяперашняй тэлефоннай станцыі: пасярод паляны на бэтонным пастамэнце стаяў вялікі драўляны крыж, а вакол яго роўнымі кругамі — мноства салдацкіх магілаў. Менавіта салдацкіх, бо афіцэраў і тым больш генэралаў немцы на акупаванай тэрыторыі не хавалі, а выпраўлялі транспартнымі самалётамі ў Нямеччыну.
Ва ўмовах аднаўленьня ідэалягічнага супрацьстаяньня Расеі з краінамі Захаду вобраз ворага — «фашысцкай гадзіны» — набывае яшчэ больш гіпэртрафаваныя абрысы. Аналягічную рыторыку вымушаныя падхопліваць і бліжэйшыя сатэліты Масквы. Узаемапаразуменьне і прымірэньне адкладаецца да лепшых часоў.