Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Смаргонскі мэмарыял: не пасьпелі пабудаваць — ужо раскрадаюць


Зламысьнік найбольш упадабаў важкую літару «м»
Зламысьнік найбольш упадабаў важкую літару «м»

Недабудаваны мэмарыял памяці герояў і ахвяраў Першай усясьветнай вайны ў Смаргоні, які так і не пасьпелі здаць да 1 жніўня 2014 году, калі па ўсім сьвеце адзначалася 100-годзьдзе пачатку драматычных падзеяў, пачынаюць раскрадаць.

З гранітнай пліты, якая інфармуе пра ўваход у мэмарыяльны комплекс «па лініі расейска-нямецкага супрацьстаяньня ў 1915–1917 гадах», зьніклі шэсьць літар жоўтага мэталу. Мяркуючы па ўсім, яны перакачавалі ў пункт прыёму каляровага лому. Адметна, што зьнявечылі расейскамоўную вэрсію, суседняя «беларуская» сьцяна не пацярпела. Невядомыя адкалупвалі найперш аб’ёмістыя літары, якія маюць большыя памеры і вагу.

Тым часам мясцовыя ўлады непакояцца, што ад падобнага лёсу не застрахаваныя і іншыя фрагмэнты маштабнага помніка, які ўзводзіцца пад самым лесам на ўскраіне — пры будаўніцтве выкарысталі багата дарагога мэталу і каменю розных пародаў.

Кіраўнік праекту мэмарыялу, менскі скульптар Анатоль Арцімовіч пра акт вандалізму даведаўся ад Свабоды і свайго засмучэньня ўзроўнем сьвядомасьці ў грамадзтве не хавае:

«Ну, гэта будзе, да гэтага трэба быць гатовым. На жаль, наш народ такі, што зробіш? Вельмі вялікі жаль, бо выглядае, што грамадзтва папросту не гатовае да ўсьведамленьня высакароднай ідэі памяці. Тым больш, гэта дзесьці на пэрыфэрыі, дзесьці збоку, можна і калупнуць — ні варты няма, ні парадку няма. Так што ў нейкім сэнсе, напэўна, гэта заканамерна. Але я як аўтар гэтым неверагодна заклапочаны. І я ня ведаю, што з гэтым рабіць».

Бронзавы трыптых з «Крылатым геніем», «Салдатамі» і «Ўцекачамі»
Бронзавы трыптых з «Крылатым геніем», «Салдатамі» і «Ўцекачамі»

Цікаўлюся ў адмыслоўца: наколькі гэта каштоўны трафэй для аматараў лёгка пажывіцца?

«Гэта якасны мэтал, бронза. Таму, вядома ж, у некаторых злодзеяў ёсьць жаданьне пару-тройку рублёў на роўным месцы зарабіць. Цяпер кіляграм бронзы добра каштуе: баюся назваць канкрэтную суму, але, па-мойму, да 10 даляраў вырасла бронза. Зразумела, што скрадзеныя літары — гэта ня фольга, маюць добрую вагу, грамаў 200 кожная. У любым выпадку гэта самае звычайнае барбарства, я тут нейкія іншыя карані не хачу нават шукаць. Прынамсі, не магу ўявіць, што нехта жадае, каб засталася толькі беларуская назва, паколькі прадугледжана дубляваньне на дзьвюх мовах. Урэшце дабяруцца і да другой сьцяны».

Капліца з георгіеўскім крыжам
Капліца з георгіеўскім крыжам

Яшчэ адзін крыж — на ўваходзе ў комплекс
Яшчэ адзін крыж — на ўваходзе ў комплекс

Несанкцыянаванае «прарэджваньне» тытульнага надпісу пры парадным уваходзе на тэрыторыю комплексу стала неспадзяванкай і для мясцовых уладаў. Пра гэта кажа начальнік аддзелу культуры Смаргонскага райвыканкаму Аляксей Апановіч:

«Ой, народ бяз сораму і сумленьня. Адназначна вандалізм. Каб урэшце не паадразалі крылы „Крылатаму генію салдацкай славы“, усё ж можа быць. Бачыце, комплекс як бы крыху ў цені, у лесазоне, хоць мы і завём яго паркам. Але ня выстаўлена ніякіх ні нарадаў міліцыі, ні камэраў; комплекс яшчэ на стадыі будаўніцтва, ён не завершаны. Калі летась тут былі ўрачыстасьці, мы нават адкрыцьцём гэта не называлі, проста быў міжнародны мітынг-рэквіем. Але не адкрыцьцё мэмарыялу. Цалкам завяршэньне плянуецца толькі ў 2018 годзе, да 100-годзьдзя заканчэньня Першай усясьветнай вайны. Там працы — непачаты край. На жаль, не пасьпеўшы зрабіць, ужо мусім аднаўляць. Тым больш, столькі людзей побач праяжджае, ня толькі нашы, а і замежныя госьці. Ведаюць праз інтэрнэт, што ёсьць такое месца, шукаюць, цікавяцца, як даехаць, паглядзець. Таму трэба выпраўляць, і як мага хутчэй».

Недабудаваная «сьцяна памяці»
Недабудаваная «сьцяна памяці»

Меркавалася, што мэмарыял памяці герояў і ахвяраў Першай усясьветнай вайны ў Смаргоні — горадзе, які 810 дзён заставаўся полем пазыцыйнай вайны і ў выніку быў цалкам разбураны — паўстане да 100-й гадавіны пачатку глябальнага канфлікту. Значная частка сродкаў была выдзелена зь бюджэту так званай саюзнай дзяржавы. Па сутнасьці, за расейскія грошы ўвекавечваўся адзін з бакоў супрацьстаяньня — Расейская імпэрыя, у склад якой уваходзіла і тагачасная Беларусь. Пра пасьляваеннае замірэньне гаворка амаль не ідзе — адрозна ад аналягічных мэмарыялаў у іншых краінах Эўропы.

Тэрыторыя далёка не ўпарадкаваная
Тэрыторыя далёка не ўпарадкаваная

Цяпер тэрмін здачы вырашана сумясьціць зь іншым юбілеем — 100-годзьдзем заканчэньня крывавага супрацьстаяньня ў 2018-м. Пры тым, што для Заходняга фронту і Смаргоні ў тым ліку вайна пачалася ў верасьні 1915 году, было б лягічна напружыцца менавіта да гэтай даты.

Схема мэмарыялізацыі Смаргоні
Схема мэмарыялізацыі Смаргоні

Аўтар праекту, скульптар Анатоль Арцімовіч кажа, што з-за недахопу фінансаваньня сёлета будоўля пэўна не завершыцца. Пры гэтым выявілася, што некаторыя працы скульптар мусіў аплочваць з уласнай кішэні:

«Ня думаю, што гаворка пра 2015 год. Пры найлепшым варыянце гэта, хутчэй, 2016–2018, да стагодзьдзя завяршэньня. Таму што вялізныя праблемы з грашыма. Усё гэта нямала каштуе, і нават тыя скрадзеныя літары — таксама чалавечая праца, якая патрабуе аплаты. Мы і так нешта на год раней адчынілі. Таму гэта сур’ёзнае пытаньне, пытаньне дзяржаўнае, а ў дзяржавы зараз поўна праблемаў іншых. Увогуле будаўніцтва ідзе, як кажуць, у складчыну. За расейскія грошы была зробленая бронза, а ўжо афармленьне, камень, машчэньне — гэта беларускае. Нават ня ведаю, калі за ўсё разьлік будзе з тымі, хто там працаваў, і ці будзе ўвогуле, бо многія працавалі ў кошт таго, што „калі-небудзь заплацяць“. Скажам, мы зь сябрамі сваім коштам ажыцьцяўлялі ўстаноўку помніка. Ну, што зробіш, ня кідаць жа? Можа, хто на месцы яшчэ ўрве якую капейку, а са мной няма прававых адносінаў, няма нават дамовы. Як быццам я стаўлю помнік для Смаргоні з уласнага жаданьня. Ну не павінна так быць! Гэта проста небывалы выпадак — архітэктар жа сам дом ня будзе ставіць».

Бронзавы «блін» — яшчэ адна спакуса для зьбіральнікаў лому
Бронзавы «блін» — яшчэ адна спакуса для зьбіральнікаў лому

Анатоль Арцімовіч вызначае кампазыцыю мэмарыяльнага комплексу як трыптых. Дамінантай — трыадзіная скульптурная кампазыцыя: «Крылаты геній салдацкай славы», «Салдаты Першай усясьветнай» і «Ўцекачы». У мэмарыяльную зону ўваходзяць мапа баявых дзеяньняў, адлітая з бронзы, а таксама валуны з указаньнем асноўных этапаў смаргонскага этапу вайны. Усталяваныя гранітныя сьцены памяці: на адной нанясуць звыш 800 прозьвішчаў расейскіх вайскоўцаў, на другой зьявіцца надпіс па-нямецку пра тое, што ў смаргонскай зямлі пахаваныя тысячы нямецкіх салдатаў і афіцэраў, якія загінулі цягам 1915–1917 гадоў. Пасярод узвышаецца капліца са звонам і георгіеўскім крыжам.

Праваслаўная капліца ў разрэзе
Праваслаўная капліца ў разрэзе

Стылістычна мэмарыял падмацуюць дзевяць памятных знакаў па лініі супрацьстаяньня праз увесь горад, а ўздоўж шашы Менск — Вільня паўстане бронзавы помнік «Праклён вайне».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG