Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Салдаты першай сусьветнай памірыліся ў беларускай зямлі


Першую ўсясьветную вайну савецкая гістарыяграфія адпачатку занесла ў «другасныя» — маўляў, высьвятлялі адносіны варожыя імпэрыі, аднолькава чужыя бальшавіцкай ідэалёгіі. Гэта азначала, што захоўваць памяць пра ўдзельнікаў і ахвяраў тых падзеяў у пляны новых уладаў не ўваходзіла — тым больш што якраз афіцэры і салдаты царскай арміі склалі касьцяк антыбальшавіцкага «белага» руху. Ці зьмянілася сытуацыя праз 100 гадоў?

810-дзённая пазыцыйная вайна з эпіцэнтрам у Смаргоні ўвайшла ва ўсе гістарычныя хронікі, аднак шырокай публіцы падрабязнасьці жорсткага расейска-германскага супрацьстаяньня сталі даступныя адносна нядаўна. Між тым менавіта ў беларускай зямлі знайшлі апошні спачын дзясяткі тысяч салдатаў з абодвух бакоў. Многія зь іх дагэтуль значацца як «невядомыя».

Лінія расейскага-германскага фронту праходзіла акурат уздоўж дарогі, якая і цяпер зьвязвае Смаргонь і Крэва. Больш за два гады тут лёталі артылерыйскія снарады, паўзьлі клубы атрутнага газу, салдаты хадзілі ў штыкавыя атакі. Забітых хавалі, як выпадзе. Кагосьці — у братэрскіх магілах у чыстым полі, кагосьці — на вясковых пагостах. Да нашых дзён дайшлі зьвесткі толькі пра частку пахаваньняў як з аднаго, так і з другога боку.

Смаргонь. Мэмарыял ахвярам вайны

Нягледзячы на жорсткія баі і мноства загінулых, пра ахвяраў Першай усясьветнай вайны згадалі толькі да 100-гадовага юбілею яе пачатку. Пампэзны комплекс з бронзавымі скульптурамі, капліцай, мапай сьвету і ваенных змаганьняў, выбітым на камені тэкстам звароту да нашчадкаў і г.д. узводзіцца за грошы так званай саюзнай дзяржавы, таму ідэалягічны ўхіл відавочны. Ні пра якае замірэньне праз стагодзьдзе гаворка не ідзе, бо ў скульптурных кампазыцыях лёгка ўгадваюцца абрысы менавіта расейскіх салдатаў. Небясспрэчная і назва мэмарыялу — Парк перамогі. Перамогі якой і над кім? Вядома ж, што перамогі як такой ніхто з бакоў не здабыў. Да таго ж ня надта верыцца, што маштабную будоўлю рэальна завершыць да прызначанай даты — 1 жніўня. Прынамсі, пакуль працы далёкія ад фінішу.

Пра сутнасны падтэкст мэмарыялу — мясцовы гісторык Мікалай Рак:

«Наколькі я разумею, у дадзенай сытуацыі пытаньне ставіцца наступным чынам: каму неабходна паставіць помнік у Смаргоні? Калі зыходзіць з тагачаснай сытуацыі, то, па вялікім рахунку, у першую чаргу сапраўды варта адзначыць менавіта расейскага салдата, афіцэра. Чаму? Таму што Расея выступала ў якасьці боку, які абараняўся. Аднак цяпер, у сувязі з працэсам дэмакратызацыі, які адбываецца ва ўсім сьвеце (бо дэмакратызуюцца ўсе грамадзтвы, ня толькі Эўропа, а і краіны Азіі, Афрыкі), важна казаць, што шматлікія ахвяры былі як з аднаго боку, так і з боку другога. А гэта значыць, што трэба было б паставіць помнік агульны, стварыць цэлую панараму, уключна з ушанаваньнем салдатаў варагуючых арміяў, усіх удзельнікаў збройнага канфлікту. Пакуль тыя падзеі трактуюцца досыць аднабока».

Белая, 5 кілямэтраў ад Смаргоні

Тут месьціўся першы рэзэрв расейскага войска, куды нямецкія снарады не даляталі. Сюды салдаты адыходзілі са смаргонскіх пазыцыяў на адпачынак, шмат каму тут аказвалі першую мэдычную дапамогу, нябожчыкаў хавалі ў бліжэйшым лесе. Але толькі ў 2001 годзе памяць пра тыя падзеі сьціпла адзначылі сумешчаным помнікам — «Ахвярам Першай і Другой войнаў ад нашчадкаў». І тое, як кажуць, дзякуючы перадусім высілкам братоў-прадпрымальнікаў, выхадцаў з гэтых мясьцінаў.

Сьціплы помнік у Белай
Сьціплы помнік у Белай

Крэва, Крывая горка

У 1967 годзе мясцовы краязнаўца Пётар Грынкевіч на ўзвышшы пад назвай Крывая горка літаральна грудзямі засланіў ад бульдозэра братэрскую магілу, у якой былі пахаваныя паўтары сотні расейскіх салдатаў — усе ахвяры нямецкай газавай атакі. Калгаснае кіраўніцтва вырашыла заараць «нікому не патрэбны бугор», але спадар Грынкевіч безапэляцыйна заявіў: у такім разе на гэтым месцы давядзецца закапаць і яго. «Агрэсары» адступілі, а каб не было спакусы «акультурыць» кавалак зямлі ў далейшым, краязнаўца паставіў на гэтым месцы помнік-камень. У 2000-х мясцовыя ўлады ўсталявалі побач жалезны крыж.

Рукатворны помнік на Крывой горцы
Рукатворны помнік на Крывой горцы

Баруны, вясковыя могілкі

Самыя дагледжаныя могілкі кайзэраўскіх салдатаў. «Нямецкі сэктар» — зьлева ад уваходу. Усяго 260 цэмэнтных крыжоў, але нябожчыкаў, відавочна, больш: падчас узбуйненьня вайсковых пахаваньняў у 1930-х польскія ўлады звозілі сюды адзіночныя парэшткі з бліжэйшых лясоў і вёсак, таму пад адным крыжам знаходзілі вечны спачын па некалькі ахвяраў. Надмагільныя пліты, крыжы, камяні зь іншых месцаў складзеныя ў два курганы. Трапляюцца творы мастацтва — высечаная на камені ладзьдзя з услаўленьнем нардычнага характару воінаў ці бэтонны снарад, перавязаны стылізаванай стужкай. Да ворагаў немцы ставіліся зь ня меншай павагай: на могілках некалькі крыжоў з пазнакаю, што тут ляжаць расейскія жаўнеры. Як мяркуюць гісторыкі, тут спачывае і экіпаж зьбітага над Барунамі самалёта «Ільля Мурамец». Прынамсі, на адным з крыжоў напісана: 4 невядомыя расейскія авіятары.

Баруны: «Нямецкі парадак» нават на могілках
Баруны: «Нямецкі парадак» нават на могілках

Надмагільныя знакі зь іншых могілак
Надмагільныя знакі зь іншых могілак

Абрысы ладзьдзі на надмагільным камені
Абрысы ладзьдзі на надмагільным камені

Пасьляжыцьцёвы снарад — загінуламу артылерысту
Пасьляжыцьцёвы снарад — загінуламу артылерысту

Ваенныя помнікі 100-гадовай даўніны
Ваенныя помнікі 100-гадовай даўніны

Крыж па чатырох невядомых расейскіх авіятарах
Крыж па чатырох невядомых расейскіх авіятарах

Баруны, цэнтар мястэчка

У сярэдзіне 2000-х недалёка ад барунскай сярэдняй школы паставілі помнік у гонар чатырох лётчыкаў з бамбавоза «Ільля Мурамец» — валун з барэльефамі чальцоў экіпажу. Аднаўленьню гістарычнай памяці паспрыяла найперш тое, што адным з загінулых быў азэрбайджанец Гаібаў. Менавіта азэрбайджанскі бок і прыклаў асноўныя намаганьні, каб такі помнік зьявіўся. Азэрбайджанская дэлегацыя была найбольш шматлюднай і на цырымоніі адкрыцьця. Увогуле, за ўсю Першую ўсясьветную вайну гэта быў адзіны выпадак, калі ў паветраным баі «люфтвафэ» ўдалося зьбіць расейскі ваенны самалёт. Загінулых немцы пахавалі як герояў. Абломкі самалёта вывезьлі на дасьледаваньне ў Нямеччыну, а радыятар, вэнтылятар ды іншыя элемэнты канструкцыі, якія не ўяўлялі шпіёнскага інтарэсу, скарысталі для афармленьня помніка. Праўда, пазьней мясцовыя расьцягнулі жалеза на свае патрэбы.

Валун у памяць пра экіпаж «Ільлі Мурамца»
Валун у памяць пра экіпаж «Ільлі Мурамца»

Пра стратэгічны для таго часу від зброі, ваенную авіяцыю — краязнаўца Ўладзімер Лігута:

«На тэрыторыі Беларусі стаяў 3-ці атрад эскадры паветраных караблёў — злучэньне цяжкіх бамбавікоў. Эскадра была сфармаваная яшчэ загадзя, да вайны, а ў вайну яна стаяла пад Варшавай. І, дарэчы, адтуль, з палявых аэрадромаў, нават ляталі бамбіць Кёнігсбэрг. Уяўляеце, дацягвалі — палётная адлегласьць была 500 кілямэтраў. Калі фронт адышоў, сюды і яны адцягнуліся. Але па меры адыходу сваю колькасьць нарошчвалі, бо ў Расеі самалёты вырабляліся, і досыць пасьпяхова. Ужо тут эскадру разьбілі на тры часткі: адзін атрад стаяў пад Віньніцай, адзін — у Пскове, а ў нас — на аэрадроме ў маёнтку Станькава пад Менскам (калі не памыляюся, графа Чапскага). Пра гэта, дарэчы, піша Валянцін Катаеў, які тады быў простым артылерыстам, вайскоўцам-добраахвотнікам, і ягоная батарэя пэўны час стаяла на ахове самалётаў. Сам Катаеў быў раскватараваны ў Клідзянятах, дзе ён ваяваў, за 2 кілямэтры ад Смаргоні. У сваёй кнізе „Юнацкі раман“ нават піша, як выходзіў у Смаргонь, гладзеў на разьбіты касьцёл — цікаўны быў хлопец, ня толькі гарматы лічыў. Дык вось Катаеў тыя самалёты ахоўваў, і з дапамогай станка білі па самалётах нямецкіх, якія падляталі да Станькава».

Полтараўшчына, вясковыя могілкі

Уваход на могілкі некалі вёў праз браму з двума каменнымі слупамі, ад якіх, відавочна, адыходзіў плот (цяпер слупы стаяць самі па сабе). За нейкія паўсотні мэтраў, на ўзгорку — велічны помнік германскім салдатам з традыцыйным сымбалем у выглядзе арла. Левая частка тэрыторыі — гарызантальныя пліты ў форме крыжоў з прозьвішчамі пахаваных. Тут жа помнік экіпажу «Мэсэршміта». Цяжка ўявіць, што яшчэ некалькі гадоў таму магілаў не было бачна з-за пустазельля, а арол на напаўразбураным помніку стаяў бяз часткі галавы — у Другую ўсясьветную вайну самасуд учынілі партызаны. Уратаваў сытуацыю неабыякавы нямецкі пэнсіянэр, дзед якога загінуў пад Крэвам. Краязнаўцы расказваюць, што калі паказалі госьцю занядбаныя могілкі, той на зваротным шляху закрыў твар рукамі і толькі паўтараў: «Так быць не павінна...» У 2009 годзе ён дамогся, каб у Полтараўшчыну былі камандзіраваныя 20 рэзэрвістаў Бундэсвэру, якія за пару тыдняў прывялі пахаваньне ў належны стан.

Уваход на могілкі ў Полтараўшчыне
Уваход на могілкі ў Полтараўшчыне

Гарызантальныя пліты-крыжы
Гарызантальныя пліты-крыжы

Манумэнт з адноўленым арлом
Манумэнт з адноўленым арлом

Помнік экіпажу «Мэсэршміта»
Помнік экіпажу «Мэсэршміта»

Асаны, былы нямецкі шпіталь

Некалі тут было разваротнае кальцо нямецкіх цягнікоў, якія пастаўлялі на фронт зброю, амуніцыю, харчы. А таксама пры неабходнасьці забіралі на «вялікую зямлю» параненых са шпіталя ў Асанах. Зрэшты, шмат да каго дапамога не пасьпявала. Памерлых хавалі тут жа. Пазьней у памяць пра загінулых байцоў 379-га палка ўсталявалі помнік, ня менш велічны, чым у суседняй Полтараўшчыне — кайзэраўская каска на дубовым вянку. Але гэтаму ўзору тагачаснага дойлідзтва пашчасьціла менш: у 1970-я безыменныя марадэры (кажуць, што паляўнічыя) адарвалі «зь мясам» пліту з тыльнага боку, шукаючы схаваных скарбаў. Золата ды брыльянтаў унутры не аказалася, а трафэй гора-рабаўнікі адцягнулі на якія два дзясяткі мэтраў. Там і кінулі. І вось ужо 40 гадоў пліта з пазначэньнем шляху перасоўваньня палка ад Прусіі да Крэва валяецца ў высокай траве. Мабыць, мясцовыя чакаюць, што немцы яшчэ раз камандзіруюць сюды сваіх рэзэрвістаў.

Манумэнт на месцы лязарэту ў Асанах
Манумэнт на месцы лязарэту ў Асанах

На гэтым месцы была пліта з шляхам палку
На гэтым месцы была пліта з шляхам палку

Вырваная пліта валяецца побач
Вырваная пліта валяецца побач

Каска на дубовым вянку
Каска на дубовым вянку

Наваспаск, разбураны храм

Яго ня сталі аднаўляць пасьля Першай усясьветнай вайны, і вось ужо 100 гадоў ён сам па сабе помнік тагачасным падзеям. У 1773 годзе тут зьявіўся кляштар ордэна базыліянаў, тады там жыло 8 манахаў. Калі ў складзе беларускіх земляў Наваспаск адышоў да Расеі, будынак перахрысьцілі ў праваслаўны храм. У такім статусе ён заставаўся аж да пачатку расейска-германскай вайны. У 1915-м да вёскі падступіла лінія фронту. Калі немцы тэрмінова ўзводзілі доты і іншыя ўмацаваньні ўздоўж шашы паміж Крэвам і Смаргоньню, то расейцы атабарыліся ў непрыступнай царкве. Неўзабаве храм атачылі акопы, яго пастаянна абстрэльвала нямецкая артылерыя. Загінулых хавалі побач з царквой. Гэта было пачаткам канца велічнага збудаваньня. Я нарадзіўся літаральна па суседзтве з храмам, і зь сябрамі ў дзяцінстве мы знаходзілі шмат сьведчаньняў тых баталіяў — ад нерасстраляных касэтаў з патронамі і фрагмэнтаў амуніцыі да костак пахаваных салдатаў.

Помнік-храм у Наваспаску
Помнік-храм у Наваспаску

Помнік-храм у Наваспаску
Помнік-храм у Наваспаску

Залесьсе, Міхневічы, тэрыторыя праваслаўнай царквы

У Залесьсі месціўся шпіталь расейскіх войскаў, куды прывозілі параненых і атручаных газам. Загадвала лазарэтам Аляксандра Талстая, дачка знакамітага пісьменьніка Льва Талстога. Апошні спачын тут знайшлі тысячы вайскоўцаў, але подзьвіг аднаго застаўся ў шматлікіх сьведчаньнях таго часу. Камандзір 14-га грэнадзёрскага Грузінскага палка, палкоўнік Акакі Атхмезуры падчас чарговай газавай атакі немцаў раптам сарваў абарончую маску, каб падначаленым лепш былі чуваць ягоныя распараджэньні. Неўзабаве пасьля гэтага загінуў і разам зь іншымі ахвярамі быў пахаваны на могілках у суседніх Міхневічах. Невядома, ці захаваліся б сьляды пахаваньня да гэтага часу, але ў 2008 годзе грузінская дыяспара, як і ў выпадку з азэрбайджанскім лётчыкам у Барунах, ушанавала памяць свайго земляка гранітным помнікам. У Залесьсі стаіць і невялічкі помнік ахвярам газавых атакаў Першай усясьветнай вайны.

Помнік загінулым у Залесьсі
Помнік загінулым у Залесьсі

Прыцаркоўны помнік Акакію Атхмезуры
Прыцаркоўны помнік Акакію Атхмезуры

Вілейка

Калі нямецкія пахаваньні збольшага дагледжаныя, і іх трэба толькі пэрыядычна паднаўляць, то магілы расейскіх вайскоўцаў за савецкімі часамі збольшага зраўняліся зь зямлёй. Найпільней парадкаваньнем расейскіх могілак у сярэдзіне 1970-х заняўся вядомы мастак Барыс Цітовіч, які дзеля гэтай мэты разам з жонкай перасяліўся зь Менску ў вёску Забродзьдзе Вілейскага раёну. За апошнія чатыры дзясяткі гадоў ён прывёў да ладу шэраг пахаваньняў вакол райцэнтру і стварыў адзіны ў краіне музэй Першай усясьветнай вайны. Ля шашы Смаргонь — Вілейка, пры павароце на Рускае Сяло, раскінуўся цэлы мэмарыяльны комплекс, куды пазвозілі загінулых салдат і афіцэраў з розных куткоў раёну. Цяпер нават арганізуецца аўтапрабег па акультураных мясьцінах: братэрская магіла на могілках «Лясное» — помнік на могілках у вёсцы Бароўцы — помнік у вёсцы Жарсьцьвянка — мэмарыял ля Рускага Сяла — могілкі ў вёсцы Папоўцы — лязарэтная братэрская магіла ў Забродзкім лесе — Барысаглебская капліца ва ўрочышчы Рауткі.

Мэмарыял з парэшткамі расейцаў каля Рускага сяла
Мэмарыял з парэшткамі расейцаў каля Рускага сяла

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG