Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад балянсаваньня


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Дзесяць дзён таму, разважаючы на тэму, чаму Лукашэнка не зацьвярджае новы ўрад, я выказаў гіпотэзу, што, магчыма, ён чакае вынікаў сваёй паездкі ў Маскву.

І вось візыт у Расею адбыўся. З шматгадовага досьведу беларуска-расейскіх дачыненьняў можна ўжо вывесьці пэўныя заканамернасьці, правілы, традыцыі. Адна зь іх палягае ў тым, што калі пасьля перамоваў кіраўнікі дзяржаў абмяжоўваюцца агульнымі фразамі, то можна зрабіць выснову, што яны ні аб чым сур’ёзным не дамовіліся.

Нейкія гаспадарчыя пытаньні прэзыдэнты перадалі на абмеркаваньне ўрадаў. Думаю, гаворка ідзе пра аб’ём паставак расейскай нафты на беларускія НПЗ наступным годам (Менск просіць павялічыць гэты аб’ём на 1 млн тон), а таксама пра цэны на нафту і газ. Беларускі бок просіць Маскву, у зьвязку з падзеньнем усясьветных нафтавых цэнаў, зьнізіць цэны для Беларусі. Але наўрад ці гэтыя пытаньні прынцыпова паўплываюць на сытуацыю ў беларускай эканоміцы наступным годам. Яна даволі ясная, і ад таго ня менш змрочная. Цуду не адбылося, манна нябесная з Расеі не пасыпалася.

Таму адразу ж пасьля вяртаньня з Маскву 16 сьнежня Лукашэнка правёў нараду «па актуальных пытаньнях сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця». І заявіў: «Перш за ўсё размова пойдзе пра склад будучага ўраду і некаторых актуальных пытаньнях у эканоміцы, асабліва ў пляне ўчорашніх перамоваў у Маскве». Бо больш няма на што спадзявацца, і ня варта зацягваць працэдуру фармаваньня ўраду. І было прынятае рашэньне прызначыць кіраўніцтва Савету Міністраў (прэм’ера і віцэ-прэм’ераў) у ранейшым складзе. У той жа дзень быў падпісаны адпаведны ўказ.

Думаю, адна з прычынаў, паводле якой Лукашэнка ня стаў мяняць старую ўрадавую каманду, палягае ў неабходнасьці працягваць перамовы з МВФ. Пэўныя вынікі ўжо дасягнутыя, па шмат якіх парамэтрах эканамічнай палітыкі ўдалося дамовіцца. Маецца пэўны псыхалягічны кантакт паміж удзельнікамі перамоў, якія сталі размаўляць на адной мове. А ў такой далікатнай справе гэтыя тонкія рэчы маюць немалое значэньне.

Зь іншага боку, можна, вядома, казаць, што якое ўвогуле мае значэньне, хто ўзначаліць Савет Міністраў і ўвойдзе ў яго склад? Бо ў Беларусі ўрад «тэхнічны». У тым сэнсе, што ён не вызначае эканамічнай палітыкі. Гэта функцыя прэзыдэнта. Урад толькі выканаўчы орган, ён ажыцьцяўляе сацыяльна-эканамічны курс, вызначаны кіраўніком дзяржавы.

Тым ня менш, склад ураду цікавы ў тым пляне, што ён зьяўляецца пэўным маркёрам, сьведчыць пра тое, якую эканамічную палітку зьбіраецца рэалізоўваць Лукашэнка.

Калі з гэтага гледзішча ацэньваць цяперашняе рашэньне кіраўніка дзяржавы, то можна зрабіць выснову, што новы-стары ўрад наўрад ці будзе ўрадам рэформаў. Хоць Лукашэнка і крытыкаваў іх рэфарматарскія памкненьні. Бо іхнія прапановы пра рэформы высоўваліся не таму, што гэтыя людзі зьяўляюцца прыхільнікамі рынкавай эканомікі. Наўрад ці ў высокіх чыноўнікаў ёсьць пэўныя перакананьні. Тыя, у каго яны былі, даўно сышлі (Багданкевіч, Чыгір, Сасноў ды інш.) У выніку жорсткага натуральнага адбору засталіся толькі тыя, хто гатовы выконваць любы загад правадыра. Гэта ўрад «крепких хозяйственников».

Прапановы ўраду аб неабходнасьці пераменаў у эканамічнай палітыцы зьявіліся з-за таго, што Лукашэнка ставіць перад імі невыканальныя задачы: любым шляхам дабіцца эканамічнага росту. Паколькі прэм’ер і віцэ-прэм’еры разумеюць, што гэта ў межах існай мадэлі немагчыма, то яны і кажуць пра неабходнасьць нешта мяняць.

А паколькі сам Лукашэнка зьяўляецца праціўнікам структурных рэформаў у эканоміцы, то гэты ўрад ня можа быць урадам разьвіцьця. Гэта будзе ўрад балянсаваньня — каб падтрымаць жыцьцё ў нежыцьцяздольным дзяржсэктары і не абваліць пры гэтым фінансавую сыстэму, каб рэгулярна выплачваць заробкі і пэнсіі і ня выклікаць вялікую інфляцыю. Каб вярнуць даўгі, ня маючы пакуль крыніц замежнага крэдытаваньня. Каб скараціць сацыяльныя выдаткі, не выклікаючы масавых пратэстаў насельніцтва. Манэўраваньне паміж рознымі выклікамі — гэтаму цяперашні ўрад трохі навучыўся цягам бягучага году. А большага ад яго і не патрабуецца. Эканамічная палітыка — не яго справа. Бо палітык у Беларусі адзін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG