Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нафтавая лафа скончылася ня толькі для Расеі, але і для Беларусі», — Раманчук


Падзеньне коштаў на нафту адмоўна адаб’ецца на напаўненьні бюджэту Беларусі, але тэарэтычна гэта павінна стымуляваць разьвіцьцё эканомікі, лічаць экспэрты.

Экспэрт Беларускага эканамічнага дасьледча-адукацыйнага цэнтру Зьміцер Крук адзначае, што нізкія кошты на нафту нэгатыўна паўплываюць на бюджэт краіны і курс беларускага рубля:

Зьміцер Крук
Зьміцер Крук

«На бюджэт гэта будзе нэгатыўна ўплываць, таму што на наступны год, хутчэй за ўсё, застанецца тая ж нафтавая схема, што была і ў гэтым годзе: мы будзем атрымліваць нафтавыя пошліны наўпрост у наш бюджэт, а гэта значыць, што ў даляравым вымярэньні яны будуць скарачацца. Што тычыцца ўплыву на курс, то тут хутчэй будзе ўскоснае дзеяньне праз расейскі курс. На курс расейскага рубля да даляра цана на нафту ўплывае наўпрост, а ўжо ў залежнасьці ад расейскага рубля вагаецца беларускі рубель, таму больш танная нафта гэта такі штуршок, каб беларускі рубель таксама абясцэніваўся», — тлумачыць эканаміст.

Між тым, Крук лічыць, што да дэфіцыту беларускага бюджэту нізкія кошты на нафту не прывядуць.

«У рублёвым эквіваленце там больш-менш стабільныя будуць даходы. То бок, даляравыя даходы будуць скарачацца, але за кошт таго, што рубель будзе абясцэньвацца больш-менш прапарцыйна гэтаму скарачэньню цэнаў на нафту, то ў рублёвым вымярэньні гэта адносна стабільныя даходы», — лічыць экспэрт.

Кіраўнік аналітычнага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук заявіў у інтэрвію Свабодзе, што танная нафта — гэта шанец для беларускай эканомікі:

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

«Я вельмі хачу, каб цэны ўпалі на 20 даляраў, каб гэта нафтавая праказа, якая на Беларусі ўжо 15 гадоў, нарэшце зьнікла. Таму што калі ва ўрадзе толькі думаюць пра тое, як зрабіць дакумэнты пад нафту, то гэта, ведаеце, гэта абэрацыя ведаў і ўсяго таго, што можна зрабіць з эканамічнай палітыкай. Справа ў тым, што скончылася «лафа» і скончылася ня толькі для Расеі, але і для Беларусі, і трэба ўрэшце рэшт брацца за эканамічную палітыку. Трэба брацца за тое, каб прадпрымальніцтва ў Беларусі пачало разьвівацца, каб урад заняўся прыцягненьнем інвэстыцыяў, прычым не спэкулянтаў, якія прыйшлі на залатыя батоны, а потым, як толькі здарыўся крызіс, яны адзін за адным пачалі бегчы. Так што гэта шанец на тое, каб урэшце рэшт Беларусь зразумела, што дабрабыт краіны — у эканамічнай свабодзе, у інтэграцыі ў сусьветную эканоміку, а не ў вяртаньні да саўка.

На думку Раманчука, шкадаваць аб падзеньні цэн на нафту можа толькі беларуская намэнклятура:

«Для гэтага бюджэту (дзяржбюджэту Беларусі — РС) нават цана 50 даляраў за барэль — гэта небясьпечна. Але небясьпечна з пункту гледжаньня чаго? Падтрымкі стратных, нікому не патрэбных акрамя намэнклятурных фаварытаў дзяржаўных інвэстыцыйных праграм? Ну так, для іх гэта небясьпечна, таму што яны 15 гадоў пілавалі нешта, а цяпер ужо бярвеньня няма. А для ўсіх астатніх гэта добра, таму што можа патаньнець паліва, павінны патаньнець жыльлёва-камунальныя паслугі і транспарт.

Кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка лічыць у прынцыпе нездаровай зьявай, калі стан беларускай эканомікі залежыць ад коштаў на нафту.

Паводле ягоных слоў, у нармальнай сытуацыі зьніжэньне коштаў на нафту, наадварот, павінна пайсьці грамадзянам і эканоміцы ў плюс.

Леанід Заіка
Леанід Заіка

«Паколькі нафта стала таньней, то перш за ўсё цэны на бэнзін павінны зьнізіцца на ўсіх запраўках. Па чыста эканамічным абгрунтаваньні, зьніжэньне коштаў на бэнзін вядзе да стымуляцыі і разьвіцьця эканомікі, прычым будуць стымулявацца ўсе сэктары адначасова. Зьніжэньне кошту на нафту аўтаматычна прывядзе да зьніжэньня коштаў на вуглевадароды. Такім чынам, па аб’ектыўных эканамічных законах, павінны зьніжацца паслугі камунальнай гаспадаркі — газ, ацяпленьне. Таньней становяцца імпартныя энэрганосьбіты, менш выдаткі.

Але гэта ў нармальнай эканоміцы. А ў нас эканоміка, якую прыдумалі нашы кіраўнікі і назвалі гэта „беларускай эканамічнай мадэльлю“, што ўжо сьмешна. Гэтая эканоміка пабудаваная на расейскай нафце, якая прадаецца і перапрадаецца — і гэта да 40% экспарту. У гэтых умовах беларуская эканоміка будзе ў крызісе, бо яна паказала сваю безгрунтоўнасьць», — падкрэсьлівае Заіка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG