Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандр Лукашэнка як «дарагая Індзіра Гандзі»


Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Скандалу на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна не адбылося. Хоць чакаць яго былі важкія падставы.

Ужо адмена ўзгодненага візыту беларускага лідэра ў Маскву ў канцы лістапада выглядала загадкава і выклікала шэраг пытаньняў. Далейшае разьвіцьцё падзеяў пытаньні толькі памножыла. У разгар вострага канфлікту паміж Расеяй і Турэччынай Менск наведаў найбліжэйшы саюзьнік Турэччыны прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў. Потым беларускі лідэр накіраваўся з візытамі ў Віетнам і Туркмэністан, парушыўшы шматгадовую няпісаную традыцыю: першая замежная паездка пасьля перавыбраньня — у Маскву.

Прысутная на канфэрэнцыі сьпікер Савету Фэдэрацыі РФ Валянціна Матвіенка фактычна ўступіла ў спрэчку з беларускім саюзьнікам.

Пры гэтым у Ашхабадзе Лукашэнка, выступаючы на канфэрэнцыі з удзелам лідэраў многіх краінаў і кажучы пра канфлікт паміж Анкарой і Масквой, фактычна паўтарыў пазыцыю МЗС Беларусі, заклікаўшы «нашу Расею» і «дружалюбную Турэччыну» да прымірэньня. Прысутная на канфэрэнцыі сьпікер Савету Фэдэрацыі РФ Валянціна Матвіенка фактычна ўступіла ў спрэчку з беларускім саюзьнікам, патлумачыўшы, што Турэччына ўчыніла ваеннае злачынства, акт агрэсіі, і што Масква чакае ад Анкары прабачэньняў. На чый-небудзь бок у канфлікце з высокапастаўленых удзельнікаў ашхабадзкай канфэрэнцыі не станавіўся ніхто, да прымірэньня заклікалі ўсё, так што Матвіенка пярэчыла не аднаму Лукашэнку. Але і яму таксама.

Ну а на больш нізкім узроўні канфрантацыя была яшчэ больш жорсткай. Беларуская дзяржаўная газэта апублікавала аналіз эксперта, які аспрэчваў расейскія абвінавачваньні Турэччыны ў куплі нафты ў «Ісламскай дзяржавы». Расейскі напаўафіцыйны экспэрт абвінаваціў Беларусь у продажы зброі тэрарыстам на Блізкім Усходзе.

Прозьвішчы гэтых экспэртаў — не Лукашэнка і не Пуцін, палітра меркаваньняў і ацэнак у абедзьвюх краінах шматкаляровая, але вопыт падказвае, што меркаваньні, якія зусім ужо супярэчаць думцы начальства, у афіцыйных СМІ і з вуснаў афіцыйных людзей гучаць нячаста як у Беларусі, гэтак і ў Расеі.

З чаго можна зрабіць выснову, што адносіны паміж адпаведнымі начальствамі вельмі далёкія ад бясхмарных.

А тут і Эўразійскі банк разьвіцьця даў зразумець, што Беларусі ня варта разьлічваць на крэдыт ад банку, якога яна чакала. То бок, ня тое, каб зусім не варта, але яго атрыманьне будзе спалучанае з большымі цяжкасьцямі, чым гэта меркавалі ў Менску.

Ну і ня варта забывацца аб праблеме расейскай авіябазы, якая, як Дамоклаў меч, вісіць над двухбаковымі адносінамі.

Словам, гаручага матэрыялу ў гэтых адносінах назапасілася больш чым досыць, і можна было меркаваць, што 15 сьнежня ў Маскве адбудзецца выбух.

А нічога не адбылося. Добрыя словы на адрас адзін аднаго, запэўніваньні ва ўзаемнай вернасьці, заявы аб паглыбленьні, збліжэньні і пашырэньні ўсяго, што трэба.

Праўда, пару паказальных дэталяў усё ж варта адзначыць. Па выніках сустрэчы расейскі лідэр адзначыў «блізкасьць пазыцыяў нашых краінаў па такіх актуальных тэмах, як ўрэгуляваньне ўкраінскага крызісу і барацьба з міжнародным тэрарызмам у Сырыі».

На дыпляматычнай мове «блізкасьць пазыцый» Расея канстатуе звычайна з краінамі хоць і дружалюбнымі, але зусім не з саюзьнікамі.

Ну на дыпляматычнай мове «блізкасьць пазыцый» Расея канстатуе звычайна з краінамі хоць і дружалюбнымі, але зусім не з саюзьнікамі. Скажам, па выніках сустрэчы расейскага лідэра з прэзыдэнтам, скажам, Бразыліі або Індыі заява аб «блізкасьці пазыцый» гучала б натуральна. Але пасьля сустрэчы з найбліжэйшым саюзьнікам звычайна кажуць аб поўным адзінстве пазыцыяў, нават калі яны ня надта блізкія. Але калі яны ўжо зусім няблізкія... Тады так, як 15 сьнежня ў Маскве.

Зрэшты, варта заўважыць, што беларускі госьць, згадаўшы тыя ж сюжэты — Украіну і Блізкі Усход, адзначыў, што «разыходжаньняў у нас з прэзыдэнтам Расеі абсалютна няма па гэтых праблемах». Зь яго пункту гледжаньня — няма, з пункту гледжаньня Пуціна — у наяўнасьці толькі «блізкасьць пазыцыяў».

І гэта вытлумачальна з улікам таго, што ў публічных заявах двух лідэраў наогул не прагучала. Ніяк не прагучала тэма канфлікту Расеі з Турэччынай, а па словах прэс-сакратара Крамля Дзьмітрыя Пяскова, тэма стварэньня расейскай авіябазы ў Беларусі ў ходзе перамоваў не абмяркоўвалася.

Напэўна, толькі знаўцы крамлёўскага інсайду могуць ведаць, ці абмяркоўваліся на самай справе гэтыя вострыя пытаньні. Аднак важна на самай справе тое, што ніякай згоды па гэтых пытаньнях дасягнута не было.

Калі б Пуцін угаварыў, прымусіў, падкупіў Лукашэнку даць згоду на базу — няўжо два прэзыдэнты не апавясьцілі б свае краіны і сьвет пра гэтую важную падзею? А калі і каму было б пра гэта апавяшчаць?

Або калі б Лукашэнка пагадзіўся б з аргумэнтамі Крамля наконт Турэччыны і зьмяніў бы сваю пазыцыю ў дачыненьні да канфлікту паміж Масквой і Анкарой — няўжо ён, стоячы побач з Пуціным, ня паведаміў бы пра гэта urbi et orbi?

Але не апавясьцілі і не паведамілі. Значыць, згоды не дасягнулі. Магчыма, і не спрабавалі.

Аднак хіба не самы паказальны эпізод сустрэчы — словы, сказаныя Пуціным госьцю ў самым пачатку: «Як мы і дамаўляліся, пасьля выбараў Вы прыяжджаеце з першым візытам у сталіцу Расеі...»

То бок, гэта як? Лукашэнка ж перад гэтым наведаў Ханой і Ашхабад. Якія-ніякія, але таксама ж сталіцы.

Прыгадваецца стары савецкі анэкдот.

Брэжнеў прыяжджае з візытам у Англію. Яго сустракае Тэтчэр. Госьць апранае акуляры, дастае паперку, пачынае прывітальную прамову: «Дарагая Індзіра Гандзі!»

— Леанід Ільліч, гэта Маргарэт Тэтчэр — шэпча перапалоханы рэфэрэнт.

— Я сам бачу, што гэта Тэтчэр. Але ў мяне напісана — «Дарагая Індзіра Гандзі!»

Хутчэй за ўсё, проста нашкодзілі зьлёгку клеркі з МЗС РФ. Прамову Пуціну падрыхтавалі да таго візыту Лукашэнкі, які павінен быў адбыцца ў канцы лістапада і які сапраўды быў бы першым яго замежным візытам пасьля выбараў. Ну а потым памяняць забыліся. А Пуцін і зачытаў.

Зрэшты, такая банальная і рэалістычная інтэрпрэтацыя — ня адзіна магчымая. Але калі ў рэальнасьці яно так і было, у гэтай агаворцы ёсьць пэўны сымбалізм.

А на халеру рускаму чалавеку памятаць і назіраць, куды там Лукашэнка гойсае па сваіх маленькіх справунках?

А на халеру рускаму чалавеку памятаць і назіраць, куды там Лукашэнка гойсае па сваіх маленькіх справунках? Тут у Крамлі глябальныя праблемы вырашаюць — Украіна, Сырыя, «Ісламская дзяржава», Турэччына, Джон Кэры вось у Маскву прыехаў лёсы сьвету абмяркоўваць. Не, калі б беларускі кіраўнік, не патрапіўшы ў лістападзе ў Маскву, у Вашынгтон б паехаў, у Бэрлін або Пэкін — тады і на Смаленскай плошчы, і ў Крамлі заўважылі б. А так...

Аднак у практычнай плоскасьці высьветлілася, што такі погляд не зусім адэкватны. Як сказаў Лукашэнка ў пачатку сустрэчы «мы выдатна ведаем, чаго хоча Расея ад Беларусі. Упэўнены, што Расея абсалютна ведае, што трэба Беларусі ад Расеі ». Ці быў скандал за зачыненымі дзьвярыма сустрэчы двух лідэраў ці не, у любым выпадку Расея ані ціскам, ні шчодрасьцю не атрымала многае з таго, чаго хацела б ад Беларусі. Зрэшты, і наадварот. Наконт дамоўленасьці аб доступе беларускіх тавараў на расейскі рынак гаварыў па выніках сустрэчы адзін Лукашэнка, што таксама не сьведчыць аб дасягненьні згоды. І абяцаньняў даць крэдыт праз Эўразійскі банк разьвіцьця з вуснаў Пуціна таксама не прагучала.

Гэта ня значыць, што надалей спробы і ня будуць рабіцца. Наадварот, можна з упэўненасьцю сказаць, што будуць. Але спроба, зробленая 15 сьнежня, скончылася безвынікова.

Перадрук з парталу TUT.BY

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG