У Магілёве другі раз запар аднавілі надпіс на пастамэнце помніка Тарасу Шаўчэнку. Упершыню помнік пашкодзілі, як мяркуюць актывісты мясцовай украінскай дыяспары, у студзені гэтага года, напярэдадні Дня саборнасьці, які адзначаецца ва Ўкраіне.
Невядомыя зламысьнікі зьбілі імя клясыка ўкраінскай літаратуры. А ў сакавіку акт вандалізму быў учынены паўторна.
Днямі надпіс выгравіявалі на пастамэнце. Паводле кіраўніка культурна-асьветніцкага аб’яднаньня украінцаў Магілёва Генадзя Гузія, зламысьнікаў пакуль не знайшлі.
«Справа на кантролі Сьледчага камітэту і курыруе КДБ, — зазначае спадар Гузій. — Мы выгравіявалі надпіс і падфарбавалі яго. Учора помнік вымылі. Там жа на беразе Дняпра будуць маштабныя мерапрыемствы да сямідзесяцігодзьдзя перамогі, таму помнік прывялі ў парадак, каб ён выглядаў годна».