Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве пашкодзілі бюст Тараса Шаўчэнкі


Помніктарасу Шаўчэнку. Напачатку студзеня надпіс яшчэ быў
Помніктарасу Шаўчэнку. Напачатку студзеня надпіс яшчэ быў

Пра акт вандалізму ў грамадзкім аб’яднаньні ўкраінцаў гораду «Дніпро» ведаюць. Зламысьнікі невядомыя і нявыкрытыя, кажуць там. Між тым яшчэ год таму неабыякавыя да лёсу ўкраінцаў магілёўцы клалі кветкі да бюста, запальвалі ля яго зьнічкі. Цяпер жа ля помніка гола і коўзка. І на адсутнічае надпіс.

Кіраўнік культурна-асьветніцкага аб’яднаньня «Дніпро» Генадзь Гузій кажа, што надпіс з пастамэнту бюста зьнік на мінулым тыдні — паміж 19 і 22 студзеня. Пашкоджаньне зафіксавана на фота. Напісаная заява ў міліцыю. Сёньня пра акт вандалізму спадар Гузій паінфармуе мясцовую ўладу.

Бюст Шаўчэнкі на пастамэнце без надпісу
Бюст Шаўчэнкі на пастамэнце без надпісу

Карэспандэнт Свабоды пабачыў пашкоджаны бюст Шаўчэнкі 25 студзеня, калі наведаўся да яго, каб пагутарыць зь мінакі пра Ўкраіну.

"Гэта справа рук тых хто ня хоча, каб Украіна ішла сваім уласным шляхам",— катэгарычна выказаўся пра пашкоджаньне помніка адзін зь мінакоў:

"Яны робяць усё, каб нэгатыў у жыхароў Беларусі такім чынам ствараўся да нашых братоў украінцаў«,— пракамэнтаваў вандалізм мужчына.

Ён лічыць, што ва Ўкраіне ідзе сапраўдная вайна. Адкрыта ўстрымліваецца казаць хто яе разьвязаў, пры гэтым паказвае на ўсход:

«Так, вядома ж вайна не справядлівая. Народ Украіны хоча цэласнасьці, хоча адзінства і ён гэтага будзе дамагацца. Людзі там адэкватныя. Абраны шлях на самавызначэньне ў Эўразьвяз — гэта іхнае права. Дзеля гэтага ў іх быў Майдан».

Яшчэ адзін суразмоўнік даводзіць, што ва Ўкраіне не аднойчы бываў. За прамінулы год так і ня звыкся з тым, што там адбываецца. Лічыць, што ў Беларусі неаб’ектыўна асьвятляюцца падзеі ў суседняй краіне.

"У нас жа тут падаюць зьвесткі з аднаго боку — расейскія сродкі масавай інфармацыі. Дужа цяжка разабрацца тут, у тым хто супраць каго ваюе«,— тлумачыць мужчына.

«Я Кіеў падтрымліваю ў тым, што Ўкраіна павінна быць цэласнай. Дзяліцца ёй нельга. Сутыкненьні там, відаць, ёсьць расейскамоўных з украінцамі, але я не лічу гэта нагодай для вайны. Украіна добрая краіна з добрымі людзьмі. Культура там старажытная».

Некаторыя зь мінакоў выказваліся агрэсіўна і варожа на адрас украінцаў. Заяўлялі, што ў Магілёве не павінна быць помнікаў украінцам:

«Зьнесьці яго зусім, — абураецца адзін з такіх. — Мы ж тут як расейцы. А яны што там твораць. А тут іхныя помнікі стаяць. Яны ж там Бэндэраў услаўляюць. Дык давайце тады паставім тут помнік Бэндэру. Яны там нашых усіх расейцаў і беларусаў душаць. Зьнесьці яго».

«Мне не падабаецца, што яны ўціскаюць расейскамоўную нацыю. Не дазваляюць ім выказваць сваё меркаваньне як жыць. Новаросіі — Харкаву, Запарожжу, Днепрапятроўшчыне, Нікалаеву, Хэрсону — трэба аўтаномію даваць, каб яны жылі паводле сваіх законаў».

Гэты суразмоўца на пытаньні адказваў на беларускай мове. З тым, што ўкраінская і беларуская — найбліжэйшыя мовы мужчына пагадзіўся без пярэчаньняў.

Тарас Шаўчэнка адыграў гэткую ж ролю ва ўкраінскай культуры, як Колас і Купала ў беларускай, выказваецца малады хлопец, адольваючы шпаркай хадой зьледзянелую сьцежку па ўзьбярэжжы Дняпра. Пра ўкраінскую дзяржаўнасьць кажа, што яна фармавалася ў тых жа ўмовах, што і беларуская,— у Расейскай імпэрыі. Цяпер Украіна ідзе сваім шляхам, адзначае суразмоўца:

«Тое, што там адбываецца цяпер, мне не падабаецца катэгарычна. Унутраныя праблемы краіны — гэта выключна ўнутраныя праблемы. Я лічу, што там агрэсія замежная — расейская», — заяўляе ён. На ягоную думку, «ня можа апалчэньне народнае езьдзіць на танках Т-90, даставаць з падвалаў найноўшую абмундзіроўку і гару снарадаў».

"Калі пераносіць гэткі жа сцэнар на нашу краіну, то я не хацеў бы, каб замежныя дзяржавы ўмешваліся ў нашы ўнутраныя праблемы",— робіць выснову суразмоўца.

Бюст Тараса Шаўчэнкі ўсталявалі ў Магілёўскім Задняпроўі ў 2005 годзе з ініцыятывы мясцовай украінскай дыяспары. Ён стаіць на беразе Дняпра. Украінскі клясык нібы назірае зь берагу, як рака бяжыць ў бок Украіны. Непадалёк ад бюста Пушкінскі праспэкт. яго гістарычная назва — вуліца Нова-Чарнігаўская.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG