Першая намесьніца кіраўніка Вярхоўнай Рады Ўкраіны Ірына Герашчанка заявіла, што перш чым прапанаваць свой удзел у міратворчай місіі на Данбасе, Беларусь мусіць прадэманстраваць сапраўдную нэўтральную пазыцыю ў расейска-украінскім канфлікце.
«Згодна з украінскім заканадаўствам, запыт на міратворчую місію мусіць даць украінскі парлямэнт. Я хачу адразу сказаць: мы ня будзем мець падтрымкі дэпутатаў, калі ў мандаце місіі ня будзе выпісаная ключавая пазыцыя — там ня можа быць расейцаў, бо яны прадстаўляюць краіну-агрэсарку, і сёньня яны на Данбасе, але зь перашытымі шаўронамі, ваююць супраць Украіны. Прадстаўнікі ўсіх іншых краін — сяброўскіх, суседніх, вядома, могуць быць у міратворчай місіі. Але тут вельмі важна, якім будзе фармат місіі. Таксама мы будзем яшчэ і яшчэ раз апэляваць, у тым ліку да Беларусі, што нэўтральнасьць — гэта нэўтральнасьць, а не пазыцыя „жыць паводле маскоўскага часу“», — заявіла Ірына Герашчанка сёньня журналістам, камэнтуючы прапанову кіраўніка МЗС Беларусі.
Паводле яе, Украіна будзе весьці перамовы з краінамі-саюзьнікамі, каб не дапусьціць стварэньня місіі паводле «гібрыднай прапановы Расеі».
«Міратворчая місія ня можа ахоўваць іншую місію — місію АБСЭ, або стаяць на лініі сутыкненьняў, бо галоўная праблема ня там. Міратворчая місія павінна працаваць на ўсёй акупаванай тэрыторыі аж да расейскае мяжы», — падкрэсьліла віцэ-сьпікер Вярхоўнай Рады.
У той жа час іншы дэпутат — Іван Віньнік з Блёку Пятра Парашэнкі — бачыць прапанову Беларусі непрымальнаю.
«Вярхоўная Рада стварае праўныя падставы, каб вызначыць, чым міратворцы займаюцца. Міратворцы павінны быць саюзьнікамі ўкраінскага войска, быць на ўкраінскім баку ў пытаньні вызваленьня тэрыторыяў ад расейскага агрэсара. Відавочна, што міратворцы ня могуць быць расейцамі. У той жа час, на маю думку, пасьля сытуацыі з Паўлам Грыбам Беларусь вельмі сур’ёзна скампрамэтавала сябе як партнэр ці саюзьнік Украіны, бо яна непасрэдна спрыяла яго затрыманьню, выкраданьню і перадачы яго Расеі», — сказаў дэпутат журналістам.
Раман Бясьсьмертны: затрыманьне Паўла Грыба — сумесная спэцапэрацыя Беларусі і Расеі
Іван Віньнік дадаў, што пытаньне складу міратворчага кантынгенту ёсьць паўнамоцтвам ААН. «Менавіта там будзе вырашацца гэтае пытаньне, і яны будуць уключаць альбо не ўключаць краіны, і там будзе разглядацца прапанова Беларусі», — адзначыў Іван Віньнік.
Міністар абароны Ўкраіны Сьцяпан Палтарак перакананы, што на гэтым этапе заўчасна абмяркоўваць склад міратворчай місіі.
«Весьці размову пра тое, хто яе ўзначаліць, выступіць арганізатарам або будзе ўдзельнічаць, — пакуль рана. Цяпер трэба прыняць прынцыповае рашэньне аб разгортваньні гэтай місіі», — цытуе міністра прэсавая служба Міністэрства абароны Ўкраіны.
Напярэдадні кіраўнік МЗС Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што Менск гатовы ў выпадку неабходнасьці накіраваць сваіх міратворцаў на Данбас, «калі гэта будзе прымальна для ўсіх зацікаўленых краінаў, для таго каб удзельнічаць у вырашэньні міратворчых задачаў».