Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі хочуць правесьці Міжнародны касьмічны кангрэс


Андрэй Кабякоў
Андрэй Кабякоў

Прэмʼер-міністар Беларусі Андрэй Кабякоў правёў нараду па пытаньнях заяўкі Беларусі на правядзеньне ў краіне ў 2018 годзе 31-га Міжнароднага кангрэсу Асацыяцыі ўдзельнікаў касьмічных палётаў, дзе прадставіў відэапрэзэнтацыю для заяўкі, піша БЕЛТА.

Асацыяцыя ўдзельнікаў касьмічных палётаў была створаная ў 1985 годзе як некамэрцыйная арганізацыя амэрыканскімі, савецкімі і іншымі касманаўтамі і астранаўтамі. На сёньня ў яе ўваходзяць больш за 400 чалавек, якія пабывалі ў космасе.

Кангрэс Асацыяцыі ўдзельнікаў касьмічных палётаў ня трэба блытаць зь Міжнародным кангрэсам астранаўтыкі, які ад 1950 году праводзіць Міжнародная фэдэрацыя астранаўтыкі пры ўдзеле нацыянальных касьмічных агенцтваў.

Прэзэнтацыя, як сьцьвярджаецца, прадстаўляе Беларусь як касьмічную дзяржаву. Ад імя незалежнай Беларусі ў космас ня лётаў ніводзін чалавек, затое супольна з Расеяй і Кітаем запушчаныя два спадарожнікі.

У космасе пабывалі тры беларусы — у часы СССР у якасьці савецкіх касманаўтаў Пётар Клімук (за тры палёты правёў у космасе 78 дзён) і Ўладзімер Кавалёнак (за тры палёты — больш за 215 дзён), а ў часы незалежнай Беларусі ў якасьці расейскага касманаўта Алег Навіцкі (за першы палёт — 143 дні, другі палёт пачаўся 17 лістапада 2016 году, трывае дагэтуль).

Славуты беларускі асьветнік і навуковец, грамадзянін ЗША, 106-гадовы Барыс Кіт — сябра Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі.

Беларусь спрабавала запусьціць свой першы спадарожнік, вядомы як БелКА, у 2006 годзе, але запуск быў няўдалы, бо расейска-ўкраінская ракета-носьбіт «Дняпро» пацярпела аварыю. Страхавая шкода была ацэненая ў 16 мільёнаў даляраў, выплату атрымалі ў поўным абʼёме.

Наступная спроба была пасьпяховая: БелКА-2 альбо БКА — «Беларускі касьмічны апарат» — быў запушчаны ў канцы чэрвеня 2012 году з Байкануру. БКА ўваходзіць у расейскую групоўку спадарожнікаў. Асноўны даход прыносіць продаж фатаздымкаў плянэты, інфармацыя з апарата паступае ў тым ліку ў МНС, Дзяржкаммаёмасьць, Міністэрства аховы навакольнага асяродзьдзя і Мінлясгас, сілавыя ведамствы, а таксама мэліяратарам.

Другі беларускі спадарожнік «Белінтэрсат-1», ён жа ChinaSat-15, быў запушчаны 15 студзеня 2016 году з касмадрому ў Кітаі. Лётныя выпрабаваньні для Беларусі праводзіла Нігерыя.

Беларусь плянуе ў 2019 годзе супольна з Расеяй запусьціць у космас апарат БКА-2, характарыстыкі і функцыі якога пакуль толькі вызначаюцца. Сьцьвярджаецца, што спадарожнік мае выключна мірнае прызначэньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG