Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэатральны рэжысэр з заробкам прыбіральшчыцы


Вячаслаў Ракіцкі
Вячаслаў Ракіцкі

Тэатры краіны адкрываюць новы сэзон. Зь невялікай колькасьцю новых спэктакляў, але з цэлым возам старых праблемаў, якія ня толькі не вырашаюцца, але абвастраюцца і даводзяцца да абсурду. А паколькі тэатры ў Беларусі пераважна дзяржаўныя, дык і праблемы іх варта называць дзяржаўнымі. Прынамсі, дзяржава мусіць іх вырашаць. І яна іх вырашае. Па-свойму.

Рэжысэр, калі хто ня ведае, ужо стагодзьдзе ва ўсім сьвеце зьяўляецца аўтарам спэктакля. І тэатар нашага часу — рэжысэрскі. Без рэжысэра ніводная трупа ўвогуле існаваць ня можа. Рэжысэр для сучаснага сцэнічнага мастацтва — як Бог для хрысьціянства. А як ставіцца беларуская дзяржава да гэтага бога? Паводле яе, ён мусіць быць... галодны і ў лахманах. І, напэўна ж, думаюць чыноўнікі, толькі ў такім прыгнечаным і зьняважаным стане ён зможа стварыць твор мастацтва, як Бог, якому мо і есьці было ня трэба, стварыў сьвет. А мо наадварот, чыноўнікі думаюць, — у такім стане рэжысэр ня зможа стварыць нічога вартага, што б прымушала людзей думаць, аналізаваць, дыскутаваць, інтэрпрэтаваць. І гэта было б найлепей, бо бяздумным грамадзтвам кіраваць прасьцей. А яшчэ лепей, каб увогуле ніякіх тэатраў не было разам зь іх разумнікамі-рэжысэрамі. Але наўпрост закрываць тэатры занадта радыкальна. А раптам самі і ня выжывуць?..

Раней, падаецца, праблема не была аж так навідавоку. Цяпер жа, ва ўмовах дзяржаўнай барацьбы зь беспрацоўем, яе не схаваць — усе дзяржаўныя прадпрыемствы, арганізацыі, установы абавязаныя паведамляць пра вакансіі і іх запаўняць.

Вось і тэатры паведамілі раней нечуванае. Які зь іх даваў калісьці абʼяву пра рэжысэрскія вакансіі? Рэжысэры самі грукаліся ў іх дзьверы. І часьцей — без усялякай надзеі на працаўладкаваньне. І вось цяпер мы чытаем на сайтах вакансіяў, што ў цэлым шэрагу тэатраў, якія фінансуюцца зь бюджэту (краіны, вобласьці, гораду), не занятыя пасады рэжысэраў-пастаноўшчыкаў. І гэта пры тым, што ледзь не штогод Беларуская акадэмія мастацтваў выпускае па некалькі рэжысэраў. І гэта пры тым, што колькасьць тэатраў у краіне застаецца практычна нязьменнай яшчэ з часоў савецкіх.

Дык што прапануюць тэатры рэжысэру такога, што няма асабліва ахвотных?

У Менску папулярны Рэспубліканскі тэатар беларускай драматургіі можа даць заробак 265 рублёў, столькі ж — Гарадзенскі тэатар лялек. Гомельскі і Гарадзенскі абласныя драматычныя тэатры — ажно 280. А вось у Магілёўскім тэатры лялек, на дадатак да заробку памерам 280, шчодра абяцаюць прэмію. Пры гэтым ад рэжысэраў патрабуецца стаж працы на пасадзе ад трох да пяці гадоў. І працоўны тыдзень тут шасьцідзённы. Слонімскі тэатар тым часам спадзяецца, што хтосьці будзе служыць мастацтву ў іх за 135 рублёў у месяц, на палову стаўкі.

Слонімскі драматычны тэатар. Фота ©Shutterstock
Слонімскі драматычны тэатар. Фота ©Shutterstock

Мне могуць асьцярожна сказаць, што гэта толькі аклад. А вось, напрыклад, за пастаноўку спэктакля могуць заплаціць дадаткова. Мо і могуць, калі будзе тая пастаноўка і калі на яе будуць грошы. А калі і будуць, дык ня болей, чым на адну пастаноўку ў год. А калі раскінуць той ганарар па месяцах, дык у найлепшым выпадку прыпадзе яшчэ рублёў па дзьвесьце. А разам гэта зноў жа будзе меней, чым прапануе, прыкладам, сталічны гіпэрмаркет «Гіпа» прыбіральшчыцы — 510 рублёў — з працаю два дні праз два.

І тая прыбіральшчыца можа ня мець ніякай адукацыі, у той час як рэжысэры ў бальшыні сваёй маюць па два дыплёмы ВНУ. Для недасьведчаных скажу, што рэжысура драматычнага тэатру — гэта адзіная спэцыяльнасьць, якую атрымаць бясплатна, коштам дзяржавы, могуць людзі, якія маюць ужо вышэйшую адукацыю.

Інакш як абразаю такія аклады не назавеш. А тое, што гэта не выпадковасьць, разумееш, калі слухаеш развагі кіраўніка дзяржавы пра спорт: «Найгалоўнейшая ідэалёгія — гэта спорт. Спаборніцтвы спартыўныя глядзяць мільёны. Гэта ўзьдзеяньне на людзей... Ідэалёгія — гэта ня лекцыі. На лекцыю можа прыйсьці максымум 300–500 чалавек. Хакейны ж матч глядзяць мільёны. Вось у чым пытаньне». Прыярытэты расстаўленыя.

І вось ужо Аляксандар Лукашэнка гнеўна пытаецца ў спартоўцаў, якія правалілі ўсе старты: «А вынікі дзе?.. На што грошы трацім?..» І тут жа чарговым разам дадае: «Вынік далі? Прыходзьце і прасіце што хочаце».

Толькі вось ніколі нічога падобнага Лукашэнка не сказаў людзям тэатру. І, напэўна ж, ня скажа.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG