Больш за тыдзень назіраю, як у сацыяльных сетках бурна рэагуюць на арышт расейскага рэжысэра Кірыла Сярэбранікава людзі тэатру і тыя, хто каля тэатру. Нават не магу ўспомніць, калі і якую падзею абмяркоўвалі б гэтак жа актыўна.
Я ня буду пісаць пра творчасьць расейскай знакамітасьці. Эпатажная і не заўсёды эстэтычна пераканаўчая, мяне яна не цікавіць. Таксама арышт ягоны хвалюе мяне ня болей за арышты любога іншага грамадзяніна іншай краіны. Тым болей калі арышт адбыўся паводле эканамічных, чыста крымінальных, а не палітычных абвінавачаньняў. У дадзеным выпадку гэта справа толькі сьледчых і суду Расеі.
Мяне хвалюе лявіна эмоцыяў беларусаў у сацыяльных сетках, якая на мяжы гістэрыкі — абурэньні, спачуваньні, праявы салідарнасьці з «ахвяраю рэжыму».
Толькі вось не магу ўспомніць, каб хоць калі беларускія творцы так актыўна абураліся несправядлівасьцямі беларускіх уладаў да сваіх калегаў, калі забараняліся спэктаклі, канцэрты, выставы. Не крычалі, не пратэставалі і тады, калі сотнямі, тысячамі апыналіся ў беларускіх турмах іншадумцы. І не з крымінальна-эканамічных прычын, як Сярэбранікаў, а з палітычных, як, да прыкладу, Уладзімер Някляеў.
Магу зразумець страх перад сваімі ўладамі. Але ж не пратэставалі беларусы ў сацыяльных сетках ці ў пікетах, калі жорстка распраўляліся ўлады Ірану ці Кубы са сваім дысыдэнтамі, якіх і кідалі за краты, і выганялі на чужыну. Далёка ад нас?
А чаму ж тады прамаўчалі, ня выказалі абурэньня і салідарнасьці, калі расейскі суд беззаконна, паводле абсурднага абвінавачаньня ў тэрарызьме ўпёк у турму ажно на дваццаць гадоў украінскага рэжысэра і драматурга Алега Сянцова? Хто зь беларускай эліты, акрамя нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч, падаў голас у яго падтрымку, хоць бы ў тых жа сацыяльных сетках?
Дарэчы, а ці сам рэжысэр Сярэбранікаў, якому цяпер патрэбная салідарнасьць, запатрабаваў ад расейскіх уладаў вызваліць Сянцова, як гэта зрабілі дзясяткі людзей кіно і тэатру з усяго сьвету, сярод якіх былі Анджэй Вайда, Даніэль Альбрыскі, Вім Вэндэрс, Джоні Дэп, а таксама і расейскія творцы Андрэй Зьвягінцаў, Аляксей Герман-малодшы, Барыс Грабеншчыкоў? Не. Сярод гэтых людзей не было Сярэбранікава. Інакш бы яму, якога і беларускія творцы ўспрымаюць як «ахвяру рэжыму Пуціна», той самы рэжым ня даў бы вялікія грошы на ягоныя тэатральныя экспэрымэнты. Паўтаруся, што ён зь імі зрабіў, дзе гэты амаль мільён эўра дзеўся — гэта ўжо не мая справа, а справа расейскіх сьледчых і іх сумленьня.
Дык у чым прычыны такой хваравітай рэакцыі тэатральнай і калятэатральнай супольнасьці Беларусі менавіта на факт арышту расейскага творцы? Мяркую, у тым, што людзі мастацтва і тыя, хто каля іх, па-ранейшаму існуюць у расейскім тэатральным кантэксьце, у культурнай прасторы суседняй краіны, калі ўсё расейскае ўспрымаюць як сваё, калі ўсе эстэтычныя арыенціры для іх існуюць менавіта ў Маскве ці Санкт-Пецярбургу. З гэтай жа прычыны дзяржаўныя тэатры аддаюць перавагу расейскім халтуршчыкам, а свае маладыя рэжысэры не заўсёды маюць права нават на дэбют на вялікай сцэне. Сваё для вельмі многіх беларусаў, на вялікі жаль, існуе на пэрыфэрыі нейкай узорнай культуры, часьцей — расейскай, радзей — польскай. Што ім Сянцоў, што ім іранскія кінарэжысэры ў выгнаньні? Сярэбранікаў для іх бліжэйшы і даражэйшы нават за сваіх. Таму замест дыскусіі ў сацыяльных сетках пра стан беларускага тэатру яны вядуць дыскусію, за што і чаму арыштавалі Сярэбранікава. Можа, таму пераважна і існуе беларускае мастацтва разам з расейскім на пэрыфэрыі сусьветнай культуры.