Менскі футбольны клюб «Тарпэда», што выступае ў Першай лізе, пачынае спраўляць юбілей. Клюб ужо павіншавала Беларуская фэдэрацыя футболу.
Адзін з найстарэйшых футбольных клюбаў Беларусі быў заснаваны ў 1947 годзе, пяць раз станавіўся чэмпіёнам БССР (у год заснаваньня і чатыры разы ў 1960-х), тры разы заваёўваў кубак БССР. Ад 1992 году выступаў у Вышэйшай лізе Беларусі, даходзіў да 4-га месца ў чэмпіянаце і да фіналу ў кубку краіны.
У 2005 годзе празь фінансавыя праблемы клюб «Тарпэда» перайшоў у Другую лігу, нават перамог у ёй, але пасьля спыніў існаваньне. На базе клюбу ўтварыўся ФК «Менск». Але ў 2007 годзе «Тарпэда» адрадзілі фанаты, клюб пачаў гуляць у чэмпіянаце Менску (4-ы узровень беларускіх лігаў). У 2014-м адроджаны клюб стаў прафэсійным і выйшаў у Другую лігу, а ў 2016-м пачаў выступаць у Першай лізе.
На момант публікацыі, пасьля 19 тураў «Тарпэда» займае першае месца ў Першай лізе зь 10 перамогамі, 4 нічыімі і 5 паразамі. Калі клюб захавае такія паказьнікі ў наступных 11 турах, ён вернецца ў Вышэйшую лігу.
«Тарпэда» называюць самым беларускамоўным зь беларускіх футбольных клюбаў, ці ня самай беларускамоўнай спартовай камандай краіны. Гэты клюб адным зь першых наагул у беларускім спартовым жыцьці пачаў выкарыстоўваць беларускую мову як у сеціве, так і па-за ім. Сайт клюбу мае якасную асноўную беларускамоўную вэрсію, а ўсе сацсеткі вядуцца выключна па-беларуску. Фанаты каманды робяць беларускамоўныя банэры, гімн клюбу напісаў беларускамоўны рэп-гурт «Чырвоным па белым».
Яшчэ на гэтую тэму
Самае папулярнае
1