Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Крумкачы» зьбіраюць 125 тысяч рублёў праз краўдфандынг, каб утрымаць клюб


Футбольны клюб «Крумкачы», архіўнае фота 2015 году
Футбольны клюб «Крумкачы», архіўнае фота 2015 году

23 жніўня на адмысловай прэсавай канфэрэнцыі старшыня футбольнага клюбу «Крумкачы» Дзяніс Шунта абвясьціў пачатак краўндфандынгавай кампаніі. Менскі калектыў мае сур’ёзныя фінансавыя праблемы — ад затрыманага заробку гульцам і трэнэрам да непагашанага доўгу перад барысаўскім БАТЭ.

Неабходная сума — 125 тысяч рублёў. Гэтыя грошы дазволяць камандзе завершыць сэзон. Сабраныя сродкі будуць скіраваныя на фонд аплаты працы да канца 2017 года, уключаючы падаткі (69 630 рублёў), арганізацыю хатніх матчаў (17 970 рублёў), арганізацыю выязных матчаў (4 100 рублёў), арганізацыю трэніровак (21 670 рублёў),чатыры дзіцяча-юнацкія каманды (11 200 рублёў).

Краўндфандынгу праходзіць на пляцоўцы Talaka.by. За першыя гадзіны на рахунак ужо пералічылі каля 2 тысячаў рублёў.

Пра магчымасьць краўдфандынгу ў «Крумкачах» гаварылі яшчэ летась. Перад пачаткам сэзону 2016 году была інфармацыя, што клюб будзе зьбіраць грошы праз пляцоўку ulej.by. Аднак пасьля ад гэтай ідэі адмовіліся.

У беларускім футболе ёсьць прыклады, калі каманда, застаўшыся без падтрымкі спонсараў, утрымлівалася на ахвяраваньні заўзятараў. «Тарпеда-Менск» — адзін з найстарэйшых беларускіх клюбаў. У сярэдзіне 2000-х празь фінансавыя праблемы ён зьнік, але ў 2007 годзе быў адроджаны дзякуючы заўзятарам.

Некалькі гадоў каманду цалкам утрымлівалі за кошт ахвяраваньняў. Грошы на заяўку для ўдзелу ў сэзоне, арэнду стадыёну, форму і нават куплю новых гульцоў зьбіралі заўзятары. Цяпер «Тарпеда-Менск» пасьпяхова гуляе ў першай лізе і захоўвае шанцы для выхаду ў вышэйшую.

Гісторыя «Крумкачоў» ды іхных фінансаў

Футбольны клюб «Крумкачы», архіўнае фота, 2015 год
Футбольны клюб «Крумкачы», архіўнае фота, 2015 год

​Фінансавыя праблемы «Крумкачоў» абмяркоўвалі задоўга да таго, як клюб пачаў гуляць у найвышэйшай лізе. У 2016 годзе «Крумкачы» сталі першым клюбам у гэтым дывізіёне, які ня меў дзяржаўнай падтрымкі. Традыцыйна ўсе футбольныя клюбы замацаваныя альбо за раённымі і гарадзкімі выканкамамі, альбо за буйнымі прадпрыемствамі, як «Нафтан», БАТЭ, «Шахтар», «Слуцак», «Граніт» ды іншыя.

Але ў канцы сьнежня 2016 году Дзяніс Шунта прадставіў першага буйнога спонсара каманды — бровар «Крыніца». Тады ж ён запэўніў, што грошы для гульні ў найвышэйшай лізе знойдзеныя.

«Будзем на 100%, калі не перашкодзяць звышсілы. Нам толькі трэба вырашыць футбольныя пытаньні: дубль, моладзевую каманду», — расказваў тады Шунта пра ўдзел каманды ў чэмпіянаце Беларусі.

Пасьля «Крумкачы» прадставілі яшчэ шэраг партнэраў.

Першае кола сэзону 2016 году каманда трымаліся ў верхняй частцы табліцы, часам выходзячы нават на трэцяе месца. Яны перамаглі адну з наймацнейшых камандаў — салігорскі «Шахтар» — зь лікам 2:0, пасьля разграмілі тытуляванае «Дынама Менск» зь лікам 4:1. Але пад канец сэзону «Крумкачы» скаціліся ў ніз табліцы, пры гэтым захаваўшы месца ў найвыйшэйшай лізе.

Футбольны клюб «Крумкачы», архіўнае фота, 2016 год
Футбольны клюб «Крумкачы», архіўнае фота, 2016 год

Сэзон 2017 году каманда зноў пачала з абмеркаваньня фінансавага становішча. Выявілася, што яшчэ ў студзені 2016 году барысаўскі БАТЭ пазычыў «Крумкачам» 150 тысяч даляраў. Гэта быў беспрацэнтны крэдыт на адзін год. Паводле ўмоваў пазыкі, палову грошай каманда мусіла вярнуць у жніўні 2016 году, палову — у сьнежні. Аднак празь цяжкае фінансавае становішча «Крумкачы» не змаглі вярнуць пазычаныя ў БАТЭ грошы. У пачатку 2017 года Эканамічны суд Менску вынес рашэньне спагнаць грошы з «Крумкачоў» у загадным парадку.

Пасьля першага кола, у тым ліку праз затрымкі заробкаў, з «Крумкачоў» пайшлі з тузін гульцоў і галоўны трэнэр. А 29 ліпеня пяцёра футбалістаў асноўнага складу адмовіліся ехаць на гульню ў Віцебск. Яны байкатавалі матч праз затрымку заробкаў. Паводле гульцоў, яны не атрымлівалі грошай чатыры месяцы.

Цяпер са «старых» гульцоў, што гулялі ў камандзе з 2014 і 2015 гадоў, у «Крумкачах» засталіся тры чалавекі. Гэта брамнік Яўген Касьцюкевіч, абаронца Аляксандар Скшынецкі і нападнік Філіп Іваноў.

Нягледзячы на цяжкі стан каманды, у апошнім туры «Крумкачы» перагулялі самую моцную і тытуляваную каманду краіны — барысаўскі БАТЭ. У выязным матчы на «Барысаў-Арэне» «Крумкачы» перамаглі зь лікам 3:2.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG