Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прысуд кіраўніцтву футбольнага клюбу СКВІЧ: Віктару Паўлаву — 8 гадоў, Паўлу — 4 гады з канфіскацыяй


У судзе Фрунзенскага раёну абвешчаны прысуд кіраўнікам футбольнага клюбу СКВІЧ — Віктару і Паўлу Паўлавым. Іх абвінавачваюць у буйным крадзяжы і злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі.

Паўлаў-старэйшы абвінавачваецца ў зьдзяйсьненьні злачынстваў, прадугледжаных ч.4 арт.210 КК (крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі, паўторна, у асабліва буйным памеры), ч.2 арт.17, ч.3 арт.424 КК (злоўжываньне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі, зьдзейсьненае групай асобаў па папярэдняй змове, што пацягнула за сабой цяжкія наступствы), ч.3 арт.424 КК (злоўжываньне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі, што пацягнула за сабой цяжкія наступствы).

Фрунзэнскі раённы суд Менска прызнаў Паўлава-старэйшага вінаватым у крадзяжах і перавышэньні службовых паўнамоцтваў і прызначыў яму пакараньне ў выглядзе 8 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.

Ягонаму сыну ставіцца ў віну зьдзяйсьненьне злачынстваў, прадугледжаных ч.2 арт.17, ч.3 арт.424 КК (злоўжываньне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі, зьдзейсьненае групай асобаў па папярэдняй змове, якое пацягнула за сабой цяжкія наступствы). Паўлаў-малодшы атрымаў 4 гады ў калёніі ўзмоцненага рэжыму і канфіскацыю маёмасьці.

Паводле сьледзтва, футбольны клюб «СКВІЧ» дзейнічаў як адкрытае акцыянэрнае таварыства і выступаў заказчыкам будаўніцтва і забудоўшчыкам шматкватэрных жылых дамоў у Менску. Выявілася, што ў шэрагу эпізодаў у 2010–2012 гадах кіраўнік меў зносіны з кліентамі і прапаноўваў ім кватэры ў новых дамах.

Грошы за жыльлё перадаваліся па дакумэнтах у доўг асабіста яму як індывідуальнаму прадпрымальніку. Далей пры ўдзеле сына Паўла, старшыні рады дырэктараў клюбу, даўгавыя абавязаньні ІП перакладаліся на клюб. Кватэры пры гэтым адчужаліся з уласнасьці забудоўшчыка (футбольнага клюбу).

Грошы, выдаткаваныя на будаўніцтва, клюбу не паступалі. У выніку такіх дзеяньняў футбольны клюб аказаўся фактычна неплатаздольным, набралася даўгоў перад забудоўшчыкамі. Не былі выдзеленыя і кватэры для кампэнсацыі жыхарам, выселеным з тэрыторыі забудовы. Пацярпелі таксама грамадзяне, якія хацелі набыць жыльлё законным спосабам.

Агульная сума шкоды па крымінальнай справе склала 2,7 млн рублёў. Санкцыя ч.4 арт.210 КК прадугледжвае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін ад 5 да 12 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці і з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасьцю, а ч.3 арт.424 КК — пазбаўленьне волі на тэрмін ад 3 да 10 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці або без канфіскацыі і з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасьцю.

Згодна з плянамі кампаніі Віктара Паўлава, у 2012 годзе ў менскім мікрараёне Каменная Горка павінен быў зьявіцца шматфункцыянальны спартыўны комплекс. Аб’ект меўся заняць плошчу ў 24 гектары. Чакалася, што ў першую чаргу будзе пабудаваны стадыён са штучным пакрыцьцём апошняга пакаленьня, падагрэвам і трыбунамі на 6 тысяч месцаў. Арэна адпавядала б усім патрабаваньням УЭФА.

Побач абяцалі закласьці два штучныя трэніровачныя палі, узьвесьці трохзоркавы гатэль і бізнэс-цэнтар. Пасьля плянавалася прыступіць да будаўніцтва манэжа, у якім, акрамя стандартнага поля, былі б тэнісныя корты, гульнявыя пляцоўкі, гандлёва-забаўляльны цэнтар, мэдычны цэнтар і спа. У праект плянавалася ўкласьці 230 мільёнаў эўра.

Аднак да 2012 году на ўчастку толькі выкапалі катлаван пад бізнэс-цэнтар і гатэль. Замарожваньне працаў сьпісалі на ўсясьветны фінансавы крызіс. Пасьля гэтага кіраўніцтва СКВІЧ абяцала завяршыць працы да чэмпіянату сьвету па хакеі, але ў сакавіку 2014-га будаўнікі сышлі з пляцоўкі, прыбраўшы агароджу і ўсю інфармацыю пра забудоўшчыка.

Пазалетась СКВІЧ зьнік з футбольнай мапы краіны, але будаўнічая кампанія Віктара Паўлава, які ўклаў у клюб, па яго прызнаньнях, парадку 15 мільёнаў даляраў, працягвала функцыянаваць. Як палічылі сьледчыя, не зусім сумленна.

Футбольны клюб СКВІЧ быў заснаваны ў 2000 годзе аднайменнай фірмай, якая займалася будаўніцтвам. Спачатку яго падтрымлівала Беларуская чыгунка, таму асноўная каманда выступала пад назвай «Лякаматыў». У першы ж год свайго існаваньня каманда перамагла ў другой лізе, а па выніках сэзону-2002 атрымала месца ў элітным дывізіёне.

Цягам 2003–2008 гадоў (за выключэньнем 2004 і 2007) СКВІЧ гуляў у вышэйшай лізе Чэмпіянату Беларусі. У 2009 годзе спусьціўся ў першую лігу, дзе цягам чатырох сэзонаў займаў высокія месцы і прэтэндаваў на вяртаньне ў кампанію мацнейшых камандаў.

Аднак у 2012 годзе каманду дзеля матэрыяльных праблемаў пакінулі амаль усе гульцы, і па выніках сэзону СКВІЧ зноў вярнуўся туды, адкуль і пачынаў — у другую лігу.

Пазалетась з прычыны фінансавых цяжкасьцяў клюб адмовіўся ад удзелу ў нацыянальным першынстве і спыніў існаваньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG