Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацыянальны футбольны стадыён у Менску хочуць збудаваць на кітайскія грошы


Ілюстрацыйнае фота. Будаўнічыя працы на стадыёне «Дынама» ў Менску. 5 траўня 2017 году
Ілюстрацыйнае фота. Будаўнічыя працы на стадыёне «Дынама» ў Менску. 5 траўня 2017 году

Названы чарговы прэтэндэнт на рэалізацыю праекту Нацыянальнага футбольнага стадыёну ў Менску. Як паведаміў міністар эканомікі Беларусі Ўладзімер Зіноўскі, вынікам перамоваў з дэлегацыяй Міністэрства камэрцыі Кітаю стала пагадненьне аб тэхніка-эканамічнай дапамозе на будаўніцтва футбольнай арэны, а таксама басэйну міжнароднага стандарту.

«Мы дамовіліся з кітайскімі партнэрамі, што ў неўзабаве нам будзе аказаная тэхніка-эканамічная дапамога ў будаўніцтве вялікага нацыянальнага футбольнага стадыёну і басэйну міжнароднага ўзроўню, — цытуе міністра БелТА. — Сёньня падпісана пагадненьне аб пачатку фінансавага абгрунтаваньня гэтых праектаў. Мяркуецца, што на гэтыя мэты будзе выдзелена каля 1,5 мільярда юаняў».

Футбольная грамадзкасьць Беларусі мае ўнікальную сытуацыю — больш за пяць гадоў у краіне няма нацыянальнага стадыёну, а зборная мусіць вандраваць па рэгіёнах.

Спачатку новы стадыён меркавалася ўзьвесьці за кальцавой дарогай у раёне вёскі Шчомысьліца, але неўзабаве пляны адкарэктавалі, вырашаўшы, што таньней будзе прыстасаваць пад гэтыя мэты «Дынама» ў цэнтры гораду.

У 2012 годзе Аляксандар Лукашэнка зьмяніў рашэньне перарабіць стадыён «Дынама» ў чыста футбольны, загадаўшы стварыць на яго базе Нацыянальны алімпійскі цэнтар лёгкай атлетыкі, а спэцыялізаваную арэну будаваць у раёне «Трактара». Былі ўхваленыя спачатку праектныя прапановы інвэстараў з Вугоршчыны, потым зь Нямеччыны, але без тлумачэньня прычынаў з абодвума кандыдатамі супрацоўніцтва ўрэшце спынілі.

У сярэдзіне 2014-га Лукашэнка падпісаў новы ўказ, якім абгрунтоўваецца праектаваньне і ўзьвядзеньне да канца 2018 году нацыянальнай футбольнай арэны блізу ўсё ж стадыёна «Трактар». Выдаткі на будоўлю не павінны перавысіць 100 мільёнаў эўра, заплянаваная зьмяшчальнасьць — 35 тысяч гледачоў.

Праз год было абвешчана, што тэндэр нібыта выйгралі кітайцы, што выклікала незадаволенасьць астатніх удзельнікаў, якія западозрылі «закулісную змову» — конкурсны эскіз так і ня стаў здабыткам галоснасьці.

Без асаблівага розгаласу адмовіліся і ад паслугаў кітайцаў, вырашыўшы, што пабудаваць стадыён можна ўласнымі сіламі. У якасьці забудоўніка была названая шматфункцыянальная фірма «Трайпл» Юрыя Чыжа. Аднак неўзабаве бізнэсовец апынуўся за кратамі, а праект чарговым разам затармазіўся.

Цяпер зноў заяўлена пра вяртаньне да кітайскага варыянту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG