20 лістапада, пасьля вяртаньня з працяглых гастроляў па ЗША, гурт сярэднявечнай музыкі «Стары Ольса» прэзэнтуе ў Менску новую праграму «Medieval Classic Rock». На аўтэнтычных народных інструмэнтах будуць выкананыя ўсясьветныя рок-гіты.
Нейкі час таму музыкі «Старога Ольсы» вырашылі паэкспэрымэнтаваць у новым для сябе амплюа — у межах тэлешоў «Легенды Live» на канале АНТ выканалі арыгінальны кавэр на баляду «One» гурту Metallica. Відэазапіс сабраў 2 мільёны праглядаў у YouTube, гурт атрымаў мноства лістоў з просьбамі выканаць на старажытных інструмэнтах іншыя легендарныя рок-кампазыцыі.
Так у калекцыю дадаліся кампазыцыі з рэпэртуару «монстраў усясьветнага року» — AC/DC, Pink Floyd, Red Hot Chili Peppers, The Beatles, Nirvana, Black Sabbath, Deep Purple.
Неўзабаве лідэр калектыву Зьміцер Сасноўскі падпісаў кантракт з амэрыканскай студыяй гуказапісу, вынікам супрацы стаў альбом «Medieval Classic Rock». Яго прэзэнтацыя адбылася ў Сан-Францыска.
У падтрымку альбому «Стары Ольса» выправіўся ў гастрольны тур па ЗША. Музыкі наведалі больш за два дзясяткі гарадоў, даўшы 23 паўнавартасныя канцэрты і 35 выступаў.
20 лістапада праграма «Medieval Classic Rock» будзе паказаная для беларускай публікі. Акрамя прэзэнтацыі кампазыцыяў з новага альбому, гурт таксама выканае свае найлепшыя гіты.
Выступ у Доме культуры МАЗу прымеркаваны да немалаважнай падзеі — «Старому Ольсу» спаўняецца 17 гадоў. За гэты час калектыў выдаў 13 студыйных альбомаў, зьняў блізу дзясятка відэакліпаў, а галоўнае, набыў шматлікіх прыхільнікаў у Беларусі і за яе межамі.
«Стары Ольса» — сталы ўдзельнік канцэртаў сярэднявечнай культуры і фальклорных фэстаў. Акрамя таго, супрацоўнічае з рыцарскімі клюбамі, выканаўцамі і майстрамі, зацікаўленымі ў аднаўленьні аўтэнтычнага гучаньня старажытных інструмэнтаў.