У прэсавай службе Сьледчага камітэту Беларусі пацьвердзілі, што так званая «справа патрыётаў» падоўжаная, але не паведамілі, на які тэрмін.
«Справа працягнутая, але зь якога дня і на які тэрмін — гэта справа сьледзтва. Мяркую, для грамадзтва цікавей будзе тое працэсуальнае рашэньне, якое прымуць пасьля гэтага», — сказаў кіраўнік прэсавай службы СК Сяргей Кабаковіч.
Ці будзе гэтае «працэсуальнае рашэньне», якое рыхтуецца, зьвязанае з закрыцьцём справы, Кабаковіч не патлумачыў. Раней паведамлялася, што ў сьледчай групе ў «справе патрыётаў» адбыліся кадравыя зьмены, там зьмяніліся прынамсі два сьледчыя, і новыя сьледчыя вывучаюць дакумэнты справы.
Тым часам расьсьледаваньню «справы патрыётаў» споўнілася паўгода. З гэтай нагоды 15 фігурантаў справы, абвінавачаньні зь якіх не зьнялі, зрабілі сумесную заяву.
«Мы па-ранейшаму заяўляем аб сваёй невінаватасьці і перакананыя: як самі арышты, так і надуманыя абвінавачаньні ў крымінальных злачынствах, якія сталі падставай для „справы патрыётаў“, — гэта цалкам палітычнае рашэньне, якое ня мае фактычных падставаў і зьвязанае зь няздольнасьцю дзяржаўных структураў справіцца з узьніклай агульнай напружанай палітычнай і сацыяльнай сытуацыяй у краіне ў лютым-сакавіку 2017-га», — напісалі аўтары заявы.
Паводле былога кіраўніка даўно няіснай арганізацыі «Белы легіён» Міраслава Лазоўскага, апошнія два месяцы яго на допыты ці іншыя сьледчыя дзеяньні не выклікалі, і гэта ж адбываецца зь іншымі фігурантамі «справы патрыётаў».