Пра тое, што адвакатка Ганна Бахціна не прайшла атэстацыю, паведаміла Свабодзе актывістка Ніна Шыдлоўская.
«Сёньня Ганна Бахціна была выкліканая на кваліфікацыйную камісію Мін’юсту. Пасьля працяглай размовы ёй было паведамлена рашэньне, што яна не атрымала кваліфікацыю адваката ў сувязі зь „недастатковай прафэсійнай кваліфікацыяй“. Мне вядома, што Ганна Бахціна будзе абскарджваць гэтае рашэньне, але калі ёй ня ўдасца яго адмяніць, фігурант справы патрыётаў Міраслаў Лазоўскі застанецца без адваката. Гэта вельмі сумна і, як мне падаецца, невыпадкова. У Ганны Бахціной 38 гадоў юрыдычнага стажу, яна вельмі дасьведчаны і прафэсійны юрыст», — сказала Ніна Шыдлоўская.
Ганна Бахціна абараняла Эніру Браніцкую, Ірыну Халіп, Ільлю Валавіка, Эдуарда Пальчыса, іншых былых палітвязьняў.
Адвакатка зьбіраецца абскарджваць рашэньне Мін’юсту.