13 сьнежня ў Менску адбылася канфэрэнцыя «Скасаваньне сьмяротнага пакараньня і грамадзкая думка». Мерапрыемства арганізавана Радай Эўропы ў супрацоўніцтве зь Міністэрствам замежных спраў Беларусі і пры фінансавай падтрымцы брытанскага фонду Magna Carta.
Удзел у канфэрэнцыі ўзялі больш за 100 асобаў — прадстаўнікі дзяржаўных ведамстваў і грамадзянскай супольнасьці, дыпляматычны корпус і супрацоўнікі міжнародных арганізацыяў, сацыёлягі і сьвятары асноўных канфэсіяў. Праблема вышэйшай меры пакараньня разглядалася ў трох галоўных аспэктах: юрыдычным, палітычным і сацыяльным.
Зручная пазыцыя — адсылаць да меркаваньня народу
Ад канца 1960-х у Эўропе пачала фармавацца адзіная пазыцыя адносна таго, што сьмяротнае пакараньне больш не выконвае сваю функцыю ў грамадзтве, у якім шанаваць правы чалавека найважней.
У 1982 годзе быў прыняты пратакол № 6 да Эўрапейскай канвэнцыі аб абароне асноўных свабодаў — першы юрыдычна абавязковы дакумэнт, які прадугледжваў адмену вышэйшай меры ў мірны час. 46 з 47 дзяржаў-сябраў Рады Эўропы падпісалі дакумэнт, не ратыфікавала яго толькі Расея. Тым ня меней Масква выконвае мараторый ад 1996 году, ад пачатку сяброўства ў гэтай арганізацыі.
Такім чынам, тэрыторыя краін-удзельніц Рады Эўропы — гэта de facto зона, вольная ад сьмяротнага пакараньня. На эўрапейскім кантынэнце застаецца адзіны куток, дзе асуджаных за цяжкія злачынствы караюць сьмерцю, прычым з году ў год.
Беларускія ўлады не бяз крыўды спасылаюцца на тое, што эўрапейскія чыноўнікі самі адштурхнулі ад сябе Беларусь — адпаведна, Менску няма ў чым сябе вінаваціць. Тым часам сярод прычынаў, якія робяць сяброўства ў Радзе Эўропы немагчымым для Беларусі, — і наяўнасьць сьмяротнага пакараньня.
Як заявіў сёньня намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Яўген Шастакоў, паколькі магчымасьць вышэйшай меры пацьверджаная на рэфэрэндуме і прапісаная ў Канстытуцыі, ставіць пад сумнеў яе законнасьць не выпадае:
«Эўрапейскія партнэры рэгулярна заклікаюць Беларусь да ўвядзеньня мараторыю ў якасьці кроку на шляху да поўнага скасаваньня сьмяротнага пакараньня. Мы, безумоўна, чуем гэтыя заклікі, з павагай ставімся да такой пазыцыі, хоць і не заўсёды прымаем залішне рэзкі або ўльтыматыўны тон асобных заяваў. Разам з тым зыходзім з таго, што такое адказнае рашэньне можна прымаць толькі тады, калі будуць створаныя ўсе неабходныя дзеля гэтага перадумовы. Патрэбна гарантавана выключыць усе магчымыя нэгатыўныя наступствы, папярэдзіць пагрозу зьяўленьня расколу ў грамадзтве ці парушэньня грамадзкай згоды. Вынікі рэфэрэндуму 1996 году прадэманстравалі адсутнасьць грамадзкага кансэнсусу ў дадзеным пытаньні: больш за 80% беларусаў выказаліся за захаваньне выключнай меры пакараньня».
Пасьля рэфэрэндуму 1996 году расстрэльныя прысуды вылічваліся дзясяткамі. У 1997-м — 46 чалавек, у 1998-м — 48, у 1999-м — 13. У новым стагодзьдзі лічбы зьменшыліся, але ня зьніклі — расстрэлы часьцей пачалі замяняць працяглымі тэрмінамі. Так, у 2006 годзе пакаралі сьмерцю 9 чалавек, у 2007 і 2008 — па 4, у 2009 і 2010 — па 2, у 2011 — 3, у 2012 — 3, у 2013, 2014 і летась — па 2. Сёлета вынесена ўжо чатыры сьмяротныя прысуды.
Нягледзячы на закрытасьць афіцыйных зьвестак па «сьмяротніках», праваабаронцы на падставе ўласных разьлікаў сьцьвярджаюць: ад пачатку 1990-х беларускія суды асудзілі на сьмерць блізу 400 чалавек, яшчэ паўтары сотні атрымалі пажыцьцёвае зьняволеньне. Пры гэтым Беларусь застаецца, зноў жа, адзінай краінай, у якой целы расстраляных не вяртаюць сваякам.
Максымальная мэта — Эўропа безь сьмяротнай кары
Як адзначыў у часе сёньняшняй канфэрэнцыі дырэктар па палітычных пытаньнях Рады Эўропы Аляксандар Гесэль, калі Беларусь прэтэндуе на тое, каб звацца цывілізаванай дзяржавай, статыстыка сьмяротных пакараньняў павінна быць зьведзеная да нуля:
«Усім зразумела, што Рада Эўропы — прынцыповы праціўнік сьмяротнага пакараньня. Наша арганізацыя пасьлядоўна ўвасабляе ў жыцьцё Эўрапейскую канвэнцыю па правах чалавека — гэта адзіны практычны дакумэнт, які існуе сёньня ў сьвеце, па прымяненьні Міжнароднай дэклярацыі правоў чалавека. Адпаведна, мы выступаем катэгарычна супраць ужываньня вышэйшай меры. Мы верым, што ў бліжэйшым будучым Эўропа здолее стаць кантынэнтам, свабодным ад сьмяротных прысудаў. Але ключ да вырашэньня гэтай праблемы ляжыць менавіта тут, у Менску. Таму цалкам натуральна, што мы зьвяртаемся да ўладаў вашай краіны з просьбай разгледзець гэтае пытаньне і паступальна рушыць у кірунку поўнай адмены сьмяротнага пакараньня».
Гісторыі ўзаемаадносінаў Беларусі з Радай Эўропы акурат чвэрць стагодзьдзя. Напачатку ўсё складалася зусім нядрэнна. Афіцыйны Менск папрасіў сабе статус спэцыяльна запрошанага ў сьнежні 1991 году. Станоўчы адказ прыйшоў у верасьні 1992-га, гэта дазволіла браць удзел у працы Парлямэнцкай асамблеі, хоць і бяз права вырашальнага голасу. Яшчэ праз паўгода Беларусь падала афіцыйную заяўку на паўнавартаснае сяброўства, паралельна зрабіла абавязковыя захады, каб далучыцца да Эўрапейскай культурнай канвэнцыі і Вэнэцыянскай камісіі «Дэмакратыя праз права». У 1994 годзе Беларусі прапанавалі мэтавую праграму супрацоўніцтва, разгледзець якую плянавалася падчас сэсіі ПАРЭ ўвосень 1995-га.
Аднак паступовая ўзурпацыя ўлады новаабраным прэзыдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам спыніла працэс. Пікам стала супрацьстаяньне паміж Вярхоўным Саветам і кіраўніком краіны ў пытаньнях канстытуцыйнага рэфэрэндуму. Вэнэцыянская камісія дала адмоўную ацэнку прэзыдэнцкаму варыянту Асноўнага закону, бо той азначаў практычную ліквідацыю раўнавагі галін улады.
На пачатку 1997 году, пасьля таго як Лукашэнка ўсё ж правёў рэфэрэндум і разагнаў парлямэнт, Бюро ПАРЭ пазбавіла Беларусь статусу спэцзапрошанага.
Потым было некалькі спробаў дэмакратызаваць Беларусь у абмен на палітычныя прэфэрэнцыі, але ўлады на ўгаворы паддаваліся слаба. Апошні жэст добрай волі быў зроблены ў часе «адлігі» ў 2009 годзе — у прынятай тады рэзалюцыі гаварылася, што статус спэцзапрошанага будзе вернуты пасьля ўвядзеньня мараторыю на сьмяротнае пакараньне. Аднак пасьля жорсткага разгону маніфэстацыі ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году працэс збліжэньня зноў быў перарваны.
Жыцьцё — фундамэнтальнае права кожнага
Амбасадарка Вялікай Брытаніі ў Беларусі Фіёна Гіб сёньня дала зразумець, што Эўропа чарговым разам гатовая працягнуць руку сяброўства Беларусі, разьлічваючы на ўзаемнасьць:
«Адна з найважнейшых дэмакратычных каштоўнасьцяў — наступны прынцып: ніводзін чалавек ня мае права пазбаўляць жыцьця іншага. Таму Вялікая Брытанія ўжо працяглы час трымаецца палітыкі неўжываньня сьмяротнага пакараньня ў любых умовах. На шчасьце, мы не адзінокія ў гэтым падыходзе. Вядома, як і ў іншых краінах, у нас працягваюцца публічныя абмеркаваньні пытаньняў, якія тычацца выключнай меры пакараньня. Так павінна адбывацца ў любым дэмакратычным грамадзтве. І апытаньні грамадзкай думкі паказваюць, што пазыцыі вагаюцца паміж „за“ і „супраць“. Але паколькі на вынікі апытаньняў уплывае мноства фактараў — ад пастаноўкі пытаньня да адсылкі да нейкіх трагічных падзеяў, мы перакананыя, што грамадзкая думка не павінна быць вырашальнай для заканадаўцаў, якія працуюць над увядзеньнем мараторыю».
Бальшыня ўдзельнікаў сёньняшняга абмеркаваньня сыходзіліся ў адным: хоць грамадзкая думка адыгрывае важную ролю ў абмеркаваньні сьмяротнага пакараньня і яго адмены, вырашальнае слова павінна сказаць улада. Пра гэта, у прыватнасьці, гаварыў Андрэа Рыгоні, дакладчык Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы па сытуацыі ў Беларусі:
«Калі кіраўніцтва Беларусі ўсё ж вырашаць увесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне, для Рады Эўропы гэта стане вельмі добрым сыгналам, які будзе спрыяць далейшаму пашырэньню нашых кантактаў. На маё перакананьне, час, каб зрабіць такі крок наперад, ужо настаў. У сваю чаргу, для Рады Эўропы гэта будзе нагода, каб канстатаваць рэальныя вынікі супрацоўніцтва. Мы працуем над тым, каб пераканаць улады ўвесьці мараторый, хочам іх пераканаць, што неабходна прыйсьці да адмены сьмяротнага пакараньня, таму што жыцьцё — фундамэнтальнае права кожнага чалавека. Усьцешаныя, што ёсьць пэўныя рухі з боку дэпутатаў, разьлічваем больш грунтоўна абмеркаваць адпаведныя захады ў студзені, калі будзем прымаць у Страсбуры дэлегацыю беларускіх парлямэнтароў».
Як расказаў сёньня дэпутат Палаты прадстаўнікоў Андрэй Навумовіч, 9 сьнежня дэпутаты пастанавілі стварыць працоўную групу, якая зоймецца вывучэньнем праблематыкі вышэйшай меры як інструмэнта пакараньня. Па яго словах, да працы далучацца і чальцы Савету Рэспублікі. З напрамкамі дзейнасьці дэпутаты маюцца вызначыцца бліжэйшым часам.
Апошнім шырокамаштабным мерапрыемствам Рады Эўропы ў Беларусі быў круглы стол на тэму «Рэлігія і сьмяротнае пакараньне», арганізаваны ў 2013 годзе. Імпрэза ладзілася дзеля абмеркаваньня праблемы скасаваньня сьмяротнага пакараньня праз дыскусію прадстаўнікоў розных канфэсіяў, дзяржаўных установаў і грамадзянскай супольнасьці.