Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Трэба абліць цябе бэнзінам і падпаліць»: фэрмэр Бяльчук выйшаў на волю


Аляксандар Бяльчук (зьлева), Мікалай Бяльчук (у цэнтры) і пацярпелы міліцыянт Сяргей Неліповіч (справа). Арлянка, 9 траўня 2014 году
Аляксандар Бяльчук (зьлева), Мікалай Бяльчук (у цэнтры) і пацярпелы міліцыянт Сяргей Неліповіч (справа). Арлянка, 9 траўня 2014 году

Маларыцкі фэрмэр Мікалай Бяльчук выйшаў зь СІЗА ў Берасьці, адбыўшы арышт за канфлікт зь міліцыянтам.

Мікалай Бяльчук адбыў пакараньне двухмесячным арыштам за гвалт у дачыненьні да супрацоўніка міліцыі. 2 сьнежня такі вырак вынес Берасьцейскі раённы суд за канфлікт з супрацоўнікам ДАІ Сяргеем Неліповічам у 2014 годзе.

Суд улічыў тэрмін, адбыты ў СІЗА ў часе сьледзтва, таму на волю Мікалай Бяльчук выйшаў ужо 12 сьнежня.

Спадар Бяльчук распавёў журналістам пра ўмовы ўтрыманьня ў ізалятары:

«Калі мяне даставілі ў СІЗА, я фактычна два дні быў у непрытомным стане. Быў фізычны і псыхалягічны зьдзек. Зьвяртаўся, скардзіўся на болі сэрца, галавы, прасіў укол, але ўрач не прыходзіў. З 12 да 31 лістапада напісаў 20 заяваў, але мэдычнай дапамогі не аказвалі».

Мікалай Бяльчук кажа, што прасіў у адміністрацыі доступу да праваабаронцаў і СМІ, каб «паведаміць пра свой стан, пра зьдзекі», але ўрэшце абвясьціў галадоўку:

«У выніку прыняў рашэньне абвясьціць галадоўку. На шосты-сёмы дзень мяне ўгаворвалі спыніць галадоўку. Пра дзяцей і ўнукаў усё казалі. Казалі, што акажуць дапамогу мэдычную, калі пачну есьці. Аднойчы па дарозе зь лякарні не змог ісьці і ўпаў у калідоры. То адзін старшы сяржант кажа, што, маўляў, трэба абліць цябе бэнзінам і падпаліць. Пасьля чатыры дні я ляжаў, ня мог хадзіць, думаў, што ўжо ўсё, сьмерць. Выклікалі на гутарку — чатыры падпалкоўнікі сядзяць, маёры — каб спыніў галадоўку. Я зь іх словаў зразумеў, што ўжо прэса пра гэта напісала».

Мікалай Бяльчук кажа, што не разумее, чаму аж праз два з паловай гады яго вырашылі судзіць за інцыдэнт з даішнікам:

«Два з паловай гады мяне не чапалі. А тут павезьлі судзіць. Я думаў, судзьдзя малады, разьбярэцца, бо віны ж маёй няма ніякай. Я гэтага гаішніка не кусаў. Але ў выніку я быў асуджаны. Але артыкул кажа, што калі я не прызнаю віну, а я яе ніколі б не прызнаў, то мне пагражала б ад 5 да 6 год турмы. Не падаецца вам дзіўным, што нават пракурор запрасіла 2 месяцы арышту? З гэтага выходзіць, што нешта тут нячыста, нейкая тут зьдзелка. Яны ж ня пойдуць на тое, каб мяне апраўдаць поўнасьцю».

Мікалай Бяльчук сказаў, што будзе апратэстоўваць свой прысуд у вышэйшыя інстанцыі.

«Як трэба, то дойдзем і да Вярхоўнага, і да міжнародных судоў», — кажа фэрмэр.

Судзьдзя Павал Главацкі прызнаў фэрмэра Мікалая Бельчука вінаватым паводле артыкула 364 Крымінальнага кодэксу — у тым, што 9 траўня 2014 году ён укусіў інспэктара ДАІ (цяпер — начальніка ДАІ Камянецкага раёну) Сяргея Неліповіча.

Фэрмэр сваёй віны так і не прызнаў. З 1 лістапада на знак пратэсту ён трымаў галадоўку ў СІЗА.

Дагэтуль у СІЗА знаходзіцца брат Мікалая — Аляксандар Бяльчук. Яго вінавацяць у супраціве міліцыянтам, які ён быццам бы чыніў 12 кастрычніка, калі АМАПаўцы забіралі Мікалая па месцы жыхарства ў вёсцы Арлянка Маларыцкага раёну. Суд над Аляксандрам пакуль не прызначаны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG