Праваабарончыя арганізацыі і ініцыятывы Беларусі выступілі з супольнай заявай у зьвязку з выкананьнем сьмяротных прысудаў адносна Івана Куляша, Сяргея Хмялеўскага і Генадзя Якавіцкага.
Яны асудзілі чарговыя сьмяротныя пакараньні ў Беларусі, назваўшы іх «бесчалавечным і барбарскім мэтадам пакараньня».
«Наяўнасьць і прымяненьне на практыцы сьмяротнага пакараньня заўсёды ўтрымлівае пагрозу пазбаўленьня жыцьця невінаватых, пагрозу прымяненьня сьмяротнага пакараньня ў палітычных мэтах. Ніводная судовая сыстэма сьвету, у тым ліку і беларуская, не зьяўляецца ідэальнай і застрахаванай ад судовых памылак», — гаворыцца ў заяве.
Праваабаронцы зноў заклікалі беларускія ўлады адмовіцца ад выкарыстаньня сьмяротнай кары, а замест яе ўжываць пажыцьцёвае зьняволеньне.
Аўтары заявы прапануюць неадкладна ўвесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне ў якасьці першага кроку да поўнай яго адмены.
Праваабаронцы таксама заклікалі міжнародную супольнасьць выступіць з асуджэньнем выкананьня чарговых сьмяротных прысудаў у Беларусі.
Разам з расстраляным у красавіку Сяргеем Івановым цягам гэтага году ў Беларусі пакаралі сьмерцю чатырох асуджаных.
Таксама ўступіў у законную сілу прысуд адносна Сяргея Вострыкава, які знаходзіцца ў камэры сьмяротнікаў СІЗА № 1. Ягоны лёс праваабаронцам невядомы.