Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Севярынец: «Так званых кандыдатаў людзі будуць пасылаць»


Павал Севярынец
Павал Севярынец

Замест збору подпісаў за кандыдата ў прэзыдэнты, сябры БХД будуць зьбіраць подпісы за вызваленьне Мікалая Статкевіча і рэфармаваньне сыстэмы аховы здароўя Беларусі.

13 чэрвеня ў Менску адбудзецца ўстаноўчы зьезд партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя». Абрана 200 дэлегатаў. На зьезьдзе прымуць рашэньне пра рэгістрацыю партыі, зацьвердзяць яе абноўленую і пашыраную праграму, абяруць кіраўніцтва партыі і абмяркуюць палітычныя кампаніі 2015 году. Цяпер БХД узначальваюць трое сустаршыняў — Павал Севярынец, Віталь Рымашэўскі і Георгі Дзьмітрук.

Гэта будзе пятая спроба зарэгістраваць партыю.

У інтэрвію Свабодзе адзін з сустаршыняў БХД Павал Севярынец сказаў, што сярод сябраў партыі ёсьць як прыхільнікі байкоту прэзыдэнцкіх выбараў-2015, так і тыя, хто выступае за актыўны ўдзел са сваім кандыдатам. Аднак кіраўніцтва перакананае — няўдзел у кампаніі будзе найлепшай стратэгіяй для хрысьціянскіх дэмакратаў.

— Вы праводзіце ўстаноўчы зьезд, каб пятым разам падаць дакумэнты на рэгістрацыю партыі. Ці ўлады чынілі нейкія перашкоды на этапе падрыхтоўкі зьезду?

— Кожны зь пяці зьездаў Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі праходзіў у наступным фармаце. Мы падавалі заяўкі ва ўсе магчымыя ўстановы, дзе можна арэндаваць залю. З кожнай установы прыходзіла адмова. Пасьля пачыналіся палітычныя перамовы і абяцаньні з нашага боку выйсьці на плошчу ў выпадку непрадстаўленьня памяшканьня. У выніку за некалькі дзён да прызначанай даты зьезду ўлады дазвалялі яго правесьці. Такая самая сытуацыя была і гэтым разам. Уладам ня хочацца, каб разам сабралася шмат хрысьціянскіх дэмакратаў. Таму да апошняга нас трымалі ў невядомасьці што да памяшканьня. Але мы цалкам гатовыя праводзіць зьезд у любых умовах, у тым ліку і на плошчы Свабоды ў Менску. Таму ўлады, якія ў нас ёсьць «донарамі стабільнасьці», вырашылі дазволіць правесьці наша мерапрыемства ў Палацы культуры трактарнага заводу.

— Значыць, гаварыць пра пацяпленьне стаўленьня ўладаў да БХД не выпадае?

— Не выпадае. Мы падавалі дакумэнты на рэгістрацыю ўжо чатыры разы як партыя, некалькі разоў — як грамадзкае аб’яднаньне, каля дзесяці разоў — як абласныя грамадзкія аб’яднаньні, і яшчэ два разы спрабавалі зарэгістраваць нашу моладзевую структуру. Ніводнага разу заяўка не была задаволеная. Таму ў наяўнасьці жорсткая пазыцыя ўладаў, якія баяцца палітычнай сілы, якая, па-першае, кідае маральны выклік, і, па-другое, зьвязаная з царквой.

— Кожны раз былі нейкія фармальныя прычыны для нерэгістрацыі. Ці ўлічылі вы іх на пяты раз? І ўвогуле, ці спадзеяцеся на рэгістрацыю?

Напрыклад, падставай для нерэгістрацыі берасьцейскай абласной арганізацыі стала тое, што ўлады адказалі, што не разумеюць, якім чынам спалучаюцца хрысьціянства і дэмакратыя

— Справа ў тым, што пры спробах рэгістрацыі мы падаем зьвесткі пра больш як тысячу асобаў, якія ставяць свае подпісы пад заявай. Пасьля Міністэрства юстыцыі, Міністэрства ўнутраных спраў і КДБ супольна з установамі на месцах працы пачынаюць палохаць людзей, каб яны адклікалі свае подпісы. Апошнім разам такім чынам удалося выбіць са сьпісу 7 чалавек з тысячы, што і стала прычынай для нерэгістрацыі. Але я думаю, што нават калі ніхто не паддасца на шантаж і не адкліча подпіс, улады знойдуць спосаб не зарэгістраваць БХД. Напрыклад, падставай для нерэгістрацыі берасьцейскай абласной арганізацыі стала тое, што ўлады адказалі, што не разумеюць, якім чынам спалучаюцца хрысьціянства і дэмакратыя. Гэта пры тым, што хрысьціянская дэмакратыя — адна з самых распаўсюджаных ідэалёгіяў у сьвеце. Тое, што такія партыі кіруюць у палове краін Эўропы, не аргумэнт для беларускіх уладаў. Таму выглядае, што Беларусь і надалей застанецца апошняй краінай у Эўропе, дзе не зарэгістраваныя хрысьціянскія дэмакраты.

— Падчас зьезду будзе абмеркаваньне фармату ўдзелу БХД у выбарах. Ці будзеце вылучаць кандыдата на пасаду прэзыдэнта?

— Сустаршыні і нацыянальная рада БХД сваю пазыцыю акрэсьлілі. Мы вырашылі, што ня можам вылучаць свайго кандыдата. Як ня можам падтрымаць асобаў, якія вылучыліся ад іншых палітычных сілаў. Прычына простая — у Беларусі няма свабодных і справядлівых выбараў. А як можна ўдзельнічаць у тым, чаго няма? Мы гатовыя да супрацы з усімі дэмакратычнымі сіламі, чыя пазыцыя не супярэчыць ідэалёгіі хрысьціянскай дэмакратыі, але ўдзельнічаць у так званай выбарчай кампаніі мы ня будзем. Замест гэтага мы будзем праводзіць масавую кампанію збору подпісаў за вызваленьне Мікалая Статкевіча і іншых палітвязьняў, а таксама за рэфармаваньне сфэры мэдыцыны. Гэта будзе ключавым момантам восені-2015 для БХД. Гэта пазыцыя Нацыянальнай рады. Зразумела, што зьезд можа прыняць любое рашэньне, бо ён — вышэйшы орган. Я ведаю, што дыскусіі на гэты конт будуць. Сярод нашых сябраў ёсьць як прыхільнікі як татальнага байкоту, так і ўдзелу ў выбарчай кампаніі. Але я думаю, што шанцы атрымаць рашэньне зьезду, блізкае да пазыцыі Нацыянальнай рады, высокія.

— Пазыцыю кіраўніцтва БХД можна назваць байкотам?

На наш погляд, кампаніі, якія вядуць так званыя кандыдаты, палітычна памылковыя і неэфэктыўныя

— Нашу пазыцыю можна акрэсьліць як няўдзел у выбарах разам з паралельнай палітычнай кампаніяй. Гэтая паралельная кампанія — гэта самае слушнае вызначэньне таго, што прапануе БХД. Таму што калі мы зьбіраем подпісы за вызваленьне палітычных вязьняў, размаўляем зь людзьмі пра незалежнасьць Беларусі і пра праблемы мясцовай паліклінікі, то атрымліваем падтрымку ў выглядзе подпісаў 70 адсоткаў тых, з кім кантактуем. Так званых кандыдатаў, якія пойдуць зараз на выбары і будуць зьбіраць подпісы ад дзьвярэй да дзьвярэй, будуць адкрыта пасылаць, спасылаючыся ці на тое, што выбараў няма, ці на тое, што яны ня хочуць, каб было як ва Ўкраіне. У выніку такія кандыдаты будуць атрымліваць подпісы толькі 5–7 працэнтаў выбарнікаў, зь якімі пакантактуюць. Таму, на наш погляд, кампаніі, якія вядуць так званыя кандыдаты, палітычна памылковыя і неэфэктыўныя.

— Ці можна казаць, што пазыцыя няўдзелу ў выбарах выбудаваная на падставе аналізу папярэдняй выбарчай кампаніі, калі ад БХД кандыдаваў Віталь Рымашэўскі?

— Мы насамрэч робім высновы. Але трэба разумець, што капітальна памянялася сытуацыя, найперш з-за расейска-ўкраінскага канфлікту, які пацягнуў за сабой перагляд стаўленьня людзей да зьменаў. Цяпер няма адзінства дэмакратычных сілаў, ёсьць шэраг пагрозаў, сярод якіх галоўная — гэта пагроза незалежнасьці Беларусі, ёсьць палітвязьні. Таму схема, выбраная намі, адпавядае патрэбам часу. Цяпер, ва ўмовах эканамічнага крызісу, патрэбная сіла, якая будзе абараняць інтарэсы людзей. Інтарэсы людзей ня зводзяцца да таго, каб на чарговы тэрмін абраць Лукашэнку. Інтарэсы людзей — гэта незалежнасьць краіны, палітвязьні, сацыяльныя пытаньні. І БХД ахоплівае гэтыя пытаньні, якія важней за ўсё для людзей. Мы мала глядзім на тое, што патрэбна рэжыму. І рэжыму ня ўдасца згуляць з БХД у падтанцоўку — маўляў, вы нам масоўку на выбарах стварыце, а мы Эўропе пакажам, што ў нас амаль справядлівыя выбары.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG