Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Рыжоў паведамляе зь віцебскага СІЗА пра сваю галадоўку


Сяргей Рыжоў
Сяргей Рыжоў

Лісты зь СІЗА, якія ўдзельнік мінулай прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі даслаў сваёй маці, прадэманстраваў сябар Рыжова, віцебскі «лекар-праўдаруб» Ігар Пасноў.

У лістах гаворыцца пра тое, што з моманту зьмяшчэньня ў СІЗА Сяргей Рыжоў абвясьціў галадоўку і трымае яе ўжо трэці тыдзень. Паводле Ігара Паснова, галадоўка абвешчана на знак пратэсту супраць затрыманьня і абвінавачаньня адразу ў двух крымінальных учынках.

23 студзеня, якраз у дзень народзінаў Сяргея Рыжова, яго затрымалі на кватэры ў віцебскага журналіста Ўладзімера Жыгулова. На той час ён знаходзіўся ў Віцебску літаральна некалькі дзён — год да гэтага адбыў у Расеі, зьехаўшы неўзабаве пасьля суду, дзе яму прысудзілі 15 сутак арышту за хуліганства (знаходжаньне ў грамадзкім месцы ў нецьвярозым стане) і непадпарадкаваньне міліцыянтам — супрацоўнікам выцьвярэзьніка. Рыжоў цьвердзіў, што справу супраць яго сфабрыкавалі і што ён сам стаўся ахвярай міліцэйскага гвалту. Тэрмін таго арышту ён так і не адбыў.

Цяпер абвінавачаньні супраць Рыжова больш сур’ёзныя. Паводле Ігара Паснова, ягонага сябра зноў вінавацяць у хуліганстве падчас знаходжаньня ў выцьвярэзьніку, але ўжо паводле артыкула Крымінальнага кодэксу. І ва ўчыненьні тамсама крымінальнага ўчынку сэксуальнага характару ў дачыненьні да мужчыны бяз пэўнага месца жыхарства.

Ліст Сяргея Рыжова з-за кратаў
Ліст Сяргея Рыжова з-за кратаў

Словы Ігара Паснова ўскосна пацьвярджаюцца афіцыйнай інфармацыяй, якую распаўсюдзіў Сьледчы камітэт — пра тое, што менавіта за гэтыя парушэньні Крымінальнага кодэксу затрыманы і зьмешчаны ў СІЗА мужчына 1964 году нараджэньня. Імя і прозьвішча затрыманага не называюцца, але спадар Пасноў не хавае, што ўсё гэта тычыцца Сяргея Рыжова.

Ігар Пасноў цьвердзіць, што абвінавачаньні супраць Рыжова — «гэта падстава», і зьвязвае ягонае затрыманьне са студзеньскай заявай віцебскага палітыка пра намер узяць удзел у будучай прэзыдэнцкай кампаніі. Апрача гэтага, Сяргея Рыжова ведаюць як стваральніка «Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі „Белая Русь“», да якой далучыліся літаральна пара чалавек. А таксама як удзельніка «Славянскага маршу», які прайшоў у лістападзе 2012 году ў Магілёве. Сяргей Рыжоў выступаў на ім, заклікаючы да «славянскага адзінства» з расейскім народам у супрацьвагу Эўразьвязу, які «бурыцца»...

У лістах зь СІЗА Сяргей Рыжоў сваё затрыманьне не камэнтуе, але адзначае, што лісты цэнзуруюцца. Піша, што распачаў галадоўку, п’е «толькі гарбату», бо «гэта адзіны рэальны сродак давесьці самому сабе, што ты не «балванчык». Таксама ён паведамляе, што накіраваў скаргу наконт затрыманьня ў віцебскую пракуратуру. І што хацеў бы сустрэцца з праваабаронцамі «Вясны», БХК, «Міжнароднай амністыі» і праваслаўным сьвятаром, айцом Андрэем Смольскім.

Рыжова ў СІЗА наведвае адвакат, а сваякі і сябры сустракаліся са сьледчымі, якія вядуць справу. Паводле Ігара Паснова, абвінавачаньне грунтуецца на запісах відэакамэр, усталяваных у памяшканьнях віцебскага выцьвярэзьніка. Дата суду над Сяргеем Рыжовым пакуль не прызначана.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG