Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сетках распаўсюджваюць «кампрамат» на віцебскіх актывістаў


Цягам апошніх сутак невядомыя разьмясьцілі ў сацыяльных сетках абразьлівыя ды ілжывыя допісы пра прыхільнікаў стварэньня партыі БХД і іншых актывістаў. Інфармацыю пра допісы разаслалі як іхным асабістым знаёмым, так і аднадумцам зь ліку дэмакратычнай апазыцыі ды незалежным журналістам.

Журналістаў спрабуюць уцягнуць у дыскусіі, прапануючы ім «гарачыя тэмы» і «сэнсацыйныя навіны». Пра тое, што стаіць за «сэнсацыямі», паведаміла Алена Шабуня, віцебская актывістка аргкамітэту па стварэньні партыі БХД:

«Я атрымала ліст у „Фэйсбуку“ ад невядомай мне асобы, што ў сацыяльнай сетцы „Ўкантакце“ ёсьць згадкі пра Тацяну Севярынец і маю зь ёй супольную працу. А „Ўкантакце“ я ўбачыла групу, якая знарок створана для „ўкідаў“ ілжывых і абразьлівых зьвестак: у групе пяць удзельнікаў, і сярод іх таксама, падобна, няма ніводнай рэальнай асобы — няма прозьвішчаў, а замест фатаздымкаў нейкія карцінкі. Усе допісы — спрэс абразьлівыя: то камэнтары да фатаздымкаў Тацяны Севярынец, што былі апублікаваныя на сайце bchd.info, то абмеркаваньне ўлётак, дзе нехта шукаў артаграфічныя памылкі, то ўжо зусім правакацыйныя паведамленьні пра прыватнае жыцьцё — і Тацяны Севярынец, і каардынатара руху „За свабоду“ Хрыстафора Жаляпава, і мясцовага палітыка Сяргея Рыжова. Пасьля допісаў імітуюцца абмеркаваньні тымі самымі пяцьцю чальцамі групы, прычым зусім ужо непрыстойнага зьместу».

Алена Шабуня і Тацяна Севярынец
Алена Шабуня і Тацяна Севярынец

Тацяна Севярынец, на якую «аматары кампрамату» зьвярнулі найбольш увагі, лічыць зьяўленьне інтэрнэт-паклёпнікаў невыпадковым:

«Значыцца, мы трапілі ў балючую кропку сваёй дзейнасьцю! За колькі дзён да актывізацыі „троляў“ мы бралі ўдзел у сходзе, арганізаваным віцебскімі ўладамі. Вялося пра нашы калектыўныя лісты наконт нездавальняючай якасьці мэдычнага абслугоўваньня. Чыноўнікі назвалі нас з Аленай Шабуняй „ворагамі дзяржаўнага ладу“ — толькі за тое, што мы зьбіралі подпісы пад калектыўнымі лістамі за будаўніцтва паліклінікі. Прадстаўнікі ўладаў сказалі, што для будаўніцтва, якое мелася завяршыцца пару гадоў таму, яшчэ „не прыйшоў час“. Бо насельніцтва ў мікрараёне, дзе няма ніводнай мэдычнай установы, толькі 25 тысяч, а паліклінічны комплекс, сказалі, будзе рэнтабэльны толькі тады, калі жыхароў стане больш у 2 разы. Пра гэты сход шмат пісалі ў СМІ, і людзі былі незадаволеныя такой пазыцыяй кіраўніцтва. Вось неўзабаве і зьявіліся тыя, хто нам „адпомсьціў“, выклаўшы розную брыдоту ў сацыяльных сетках!»

Падобнага кшталту «ўкіды» нібыта скандальнай інфармацыі мелі месца і раней. Напярэдадні мінулых мясцовых выбараў у той самай групе «Ўкантакце» распаўсюджвалі паклёпніцкую інфармацыю пра апазыцыйнага кандыдата Хрыстафора Жаляпава, каардынатара руху «За свабоду», які балятаваўся ў абласны савет. Тамсама друкаваліся і карыкатуры на праваабаронцу Паўла Левінава, палітыкаў Вольгу Карач і Сяргея Рыжова.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG