Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За славянскае адзінства – са схаванымі тварамі

абноўлена

Завяршэньне мітынгу
Завяршэньне мітынгу

25 лістапада ў Магілёве прыхільнікі ідэі славянскага адзінства правялі «Славянскі марш». У ім узялі ўдзел блізу пяцідзесяці чалавек.

На пачатку санкцыянаваных магілёўскім гарвыканкамам шэсьця і мітынгу супрацоўнікі Ленінскага аддзелу міліцыі папярэдзілі ўдзельнікаў, што ім забаронена выкарыстоўваць незарэгістраваную сымболіку і іншую атрыбутыку ды прыгразілі адміністрацыйнай адказнасьцю калі тая ўсё ж зьявіцца пад час мерапрыемства.

За славянскае адзінства – са схаванымі тварамі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:52 0:00
Наўпроставы лінк

Некаторыя маладыя людзі ўжо пасьпелі былі накінуць на плечы расейскі манархічны чорна-жоўта-белы сьцяг. Пасьля папярэджаньня сымболіку схавалі. Значная частка ўдзельнікаў «Маршу» твары хавала за павязкамі, шалікамі і маскамі.
Зьбіраліся прыхільнікі славянскага адзінства каля гарадзкога цэнтру рытуальных паслугаў
Зьбіраліся прыхільнікі славянскага адзінства каля гарадзкога цэнтру рытуальных паслугаў

Шэсьце праходзіла на вуліцы Чалюскінцаў – ад гарадзкога цэнтру рытуальных паслугаў да недалёкага ад яго стадыёну – гэта каля чатырохсот мэтраў. Удзельнікі, маршыруючы, выкрыквалі лёзунгі з заклікамі да славянскага адзінства і ўслаўленьнем яго. Шэсьце суправаджалі міліцыянты і журналісты. Зацікавіла яно й мінакоў на ня самай ажыўленай вуліцы Магілёва.
Удзельнікі маршу хавалі твары за павязкамі, шалікамі і маскамі
Удзельнікі маршу хавалі твары за павязкамі, шалікамі і маскамі

На стадыёне адбыўся мітынг. Выступалі на ім двое – арганізатар мерапрыемства жыхар Магілёва Дзьмітры Дзенісенка і госьць зь Віцебску, як ён сябе назваў, сустаршыня Беларускай кансэрватыўнай партыі «Белая Русь», Сяргей Рыжоў.
Шэсьце
Шэсьце

Дзенісенка казаў эмацыйна. Заклікаў да аб’яднаньня і кансалідацыі славян, згадваў моц Кіеўскай Русі і яе драбленьне, якое, паводле выступоўцы, прывяло да панаваньня азіяцкіх качэўнікаў на значнай тэрыторыі рускіх зямель, а вось «заходнія рускія землі, заявіў Дзенісенка, мусілі былі прызнаць уладу літоўскіх князёў». Крытыкаваў прамоўца сусьветную глябалізацыю, якая, на думку Дзенісенкі, разбурае славянскую самабытнасьць. Нэгатыўна выказаўся ён пра ўсясьветную гандлёвую арганізацыю і міжнародны валютны фонд, у якія, заявіў выступоўца, «уцягваюцца аскалёпкі некалі вялікай дзяржавы і навязваецца ім воля гэтых наддзяржаўных утварэньняў».
Удзельнікі мітынгу
Удзельнікі мітынгу

Сяргей Рыжоў казаў спакайней. Удзельнікаў «Славянскага маршу» ён назваў братамі. Падзякаваў за тое, што тыя прыйшлі на акцыю і заявіў, што імі сёньня ганарыцца Беларусь. Сказаў, што любая ўлада часовая і цяперашняя беларуская і расейская некалі сыдуць. Ён таксама заклікаў да аб’яднаньня славян дзеля іх выратаваньня. Рыжоў паведаў, што 24 лістапада створаны «Камітэт нацыянальнага выратаваньня».
Выступае Дзьмітры Дзенісенка (з мэгафонам), леваруч Сяргей Рыжоў
Выступае Дзьмітры Дзенісенка (з мэгафонам), леваруч Сяргей Рыжоў

Рыжоў: «Вы не ў самоце. Вас падтрымлівае і брацкая Расея і Ўкраіна, а таксама славяне Эўрапейскіх краін. Мы сёньня назіраем, што праславуты Эўразьвяз рушыцца. Сёньня прыйшло паведамленьне, што ад Каралеўства Гішпаніі аддзяляюцца цэлыя вобласьці. Пройдзе зусім кароткі час і Эўразьвязу ня будзе і нам будзе патрэбны наш саюз – Саюз славянскіх дзяржаваў. Гэта моцная будзе арганізацыя, якая зьменіць аднапалярны сьвет. Усьведамляючы гэта, мы пакідаем права ўваходу ў гэты камітэт любой арганізацыі, якой дарагі народ».

Доўжыўся мітынг блізу сарака пяці хвілін. Увесь гэты час за ім назірала міліцыі. Акцыя прайшла без інцыдэнтаў. Скончылася яна воклічамі «Слава Русі», удзельнікі пры гэтым ускідвалі ўгару рукі са сьціснутымі кулакамі. Дзьмітры Дзенісенка паабяцаў, што наступны «Славянскі марш» адбудзецца з сымболікай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG