Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыга прымае прадстаўнікоў краін «Усходняга парнэрства»


Сымбаль прэзыдэнцтва Латвіі ў Эўразьвязе на будынку Музэі савецкай акупацыі
Сымбаль прэзыдэнцтва Латвіі ў Эўразьвязе на будынку Музэі савецкай акупацыі

Сёньня ў сталіцы Латвіі пачынаюцца форумы ў рамках саміту «Ўсходняга партнэрства» Эўразьвязу. У сераду зьбіраюцца прадстаўнікі мэдыяў і грамадзянскай супольнасьці, у чацьвер — бізнэсоўцы, у пятніцу — прэзыдэнты.

Сёньня а дзявятай раніцы ў Рызе пачынаюцца адразу дзьве канфэрэнцыі ў рамках ініцыятывы «Ўсходняе партнэрства». Прадстаўнікі Эўразьвязу і шасьці краін-партнэраў (Азэрбайджан, Армэнія, Беларусь, Грузія, Малдова, Украіна) возьмуць удзел у Другой канфэрэнцыі грамадзянскай супольнасьці «Ўсходняга партнэрства» і Першай мэдыйнай канфэрэнцыі.

Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці будуць гаварыць пра пашырэньне сваіх правоў і магчымасьцяў, пра бягучыя выклікі і будучыя сцэнары. Канфэрэнцыю адкрые прэм’ер-міністар Латвіі Лаймдота Страўюма, сярод выступоўцаў — экс-міністар замежных спраў Швэцыі Карл Більт, былы віцэ-прэм’ер Украіны Алег Рыбачук, старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна», былы палітвязень Алесь Бяляцкі.

Ад беларускіх уладаў на гэтым форуме будуць прадстаўленыя дыпляматы з амбасады ў Рызе. Умоўна можна сказаць, што іх пазыцыю выкажа дырэктар блізкага да ўладаў Цэнтру стратэгічных і зьнешнепалітычных дасьледаваньняў Арсень Сівіцкі, чый выступ заплянаваны ў падгрупе па трансьмежным супрацоўніцтве.

Першая мэдыйная канфэрэнцыя «Ўсходняга партнэрства» прысьвечаная ролі СМІ ў гэтай ініцыятыве Эўразьвязу. Форум адкрыюць сьпікер Сейма Латвіі Інара Мурніецэ, Ёганэс Ган, эўракамісар у справе эўрапейскай палітыкі суседзтва і пашырэньня, прадстаўніца АБСЭ па свабодзе слова Дуня Міятавіч, экс-прэзыдэнт Латвіі Вайра-Віке Фрайбэрга.

Рыга рыхтуецца да саміту «Усходняга партнэрства»
Рыга рыхтуецца да саміту «Усходняга партнэрства»

Сярод выступоўцаў — былая кіраўніца Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна. Беларускія ўлады на форуме прадстаўляе намесьнік начальніка ўправы прававой і кадравай працы Міністэрства інфармацыі Юры Бябешка, выступаць ён пакуль не плянуе.

Спадар Бябешка патлумачыў карэспандэнту Свабоды, што калі яго спытаюць на канфэрэнцыі пра шэраг нядаўніх лістоў з папярэджаньнямі ў рэдакцыі беларускіх інтэрнэт-сайтаў зь ягонага ведамства, то ён патлумачыць, што «гэта не папярэджаньні»:

«Магу вам сказаць, што гэта не папярэджаньні, гэта проста інфармацыйныя лісты з просьбай прадставіць зьвесткі. У гэтым выпадку ёсьць пэўныя парушэньні ў шэрагу сайтаў, мы разглядаем, і будзе адрасная праца з кожным».

Ці будуць гэта пазовы ў суд, ці нейкія іншыя захады рэагаваньня, спадар Бябешка ня змог пакуль сказаць: «Гэта пытаньне не да мяне».

Прэзыдэнты краін Эўразьвязу ўпершыню зьбяруцца ўвечары ў чацьвер ў Доме чарнагаловых — адноўленым у 1999 годзе палацы рыскіх купцоў на Ратушнай плошчы
Прэзыдэнты краін Эўразьвязу ўпершыню зьбяруцца ўвечары ў чацьвер ў Доме чарнагаловых — адноўленым у 1999 годзе палацы рыскіх купцоў на Ратушнай плошчы

У чацьвер 21 траўня ў Рызе пачнецца Трэці бізнэс-форум «Усходняга партнэрства», які будзе прысьвечаны тэме эканамічнага супрацоўніцтва празь межы. Удзельнікаў форуму прывітаюць прэзыдэнт Латвіі Андрыс Берзіньш, старшыня Эўрапейскага інвэстыцыйнага банку Вэрнэр Гоер. Сярод выступоўцаў — першы намесьнік міністра эканомікі Беларусі Аляксандар Забароўскі.

На форум ужо прыбыў старшыня Менскага саюзу прадпрымальнікаў і працадаўцаў Уладзімер Карагін, які паведаміў, што сёньня ў Рыгу на бізнэс-форум мае прыбыць цэлы аўтобус беларускіх бізнэсоўцаў.

20 траўня у Рыгу завітаюць і прадстаўнікі беларускай апазыцыі — Аляксандар Мілінкевіч, Віталь Рымашэўскі, Анатоль Лябедзька, Аляксей Янукевіч і Тацяна Караткевіч запрошаныя на канфэрэнцыю Эўрапейскай народнай партыі, якая пройдзе тут паралельна з самітам. Учора ж у МЗС Латвіі прайшла дыскусія эўрапейскіх і беларускіх экспэртаў па сытуацыі ў Беларусі.

21 траўня ў Рыгу пачнуць прыяжджаць і прэзыдэнты краін Эўразьвязу і дзяржаў-партнэраў. Увечары ў чацьвер у іх будзе нефармальная сустрэча ў Доме чарнагаловых — адноўленым у 1999 годзе палацы рыскіх купцоў на Ратушнай плошчы. Побач з гэтым будынкам — Музэй акупацыі Латвіі 1940–1991 гадоў.

Асноўнае паседжаньне саміту адбудзецца ў пятніцу ў Нацыянальнай бібліятэцы Латвіі, пабудаванай у 2014 годзе
Асноўнае паседжаньне саміту адбудзецца ў пятніцу ў Нацыянальнай бібліятэцы Латвіі, пабудаванай у 2014 годзе

У пятніцу будзе асноўны працоўны дзень саміту прэзыдэнтаў краін Эўразьвязу і краін-партнэраў.

Як паведамляе прэсавая служба МЗС Латвіі — краіны, якая старшынюе ў Эўразьвязе, — саміт «Усходняга партнэрства» «дасьць магчымасьць ацаніць прагрэс, дасягнуты ў адносінах паміж ЭЗ і ўсходнімі партнэрамі з моманту апошняга саміту ў Вільні, а таксама для выяўленьня і пачатку распрацоўкі новай стратэгіі далейшых крокаў, якія неабходна зрабіць».

«Саміт таксама будзе прысьвечаны першапачатковаму абмену думкамі па выніках прымяненьня трох пагадненьняў аб асацыяцыі з Эўразьвязам, падпісаным з Грузіяй, Малдовай і Ўкраінай, адначасова ўмацоўваючы сувязі з Армэніяй, Азэрбайджанам і Беларусьсю. Новыя праекты, якія прадстаўляюць агульны інтарэс, — у прыватнасьці стварэньне адзінай эўрапейскай эканамічнай зоны, — таксама могуць быць тэмай для абмеркаваньня падчас сустрэчы на вышэйшым узроўні».

Канчатковай інфармацыі пра тое, хто ўзначаліць беларускую дэлегацыю на саміце ў Рызе, пакуль няма. З Брусэля паведамляюць, што гэта можа быць беларускі прэм’ер Андрэй Кабякоў, чакаюць у Рызе і міністра замежных спраў Беларусі Ўладзімера Макея.

У Аляксандра Лукашэнкі папярэдне ў графіку на 22 траўня — удзел у зьезьдзе Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG